euromedinfo.eu

euromedinfo.eu

Мой візіт 13 сакавіка — гэта ясны сігнал аб тым, што Еўрапейскі Саюз у прынцыпе гатовы аднавіць свае адносіны з Беларуссю і яе народам. Піша Еўрапейскі Камісар па замежных сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра‑Вальднэр.

Еўрапейска‑беларускія адносіны знаходзяцца на ростанях, і мы жадаем скарыстаць гэтую магчымасць для таго, каб пабудаваць узаемавыгадныя адносіны. Я маю намер абмеркаваць з уладамі і грамадзянскай супольнасцю, што ЕС і Еўрапейская Камісія могуць прапанаваць Беларусі, а таксама, што можа зрабіць Беларусь, каб развіць гэты патэнцыял у бліжэйшай будучыні.

Сённяшняя больш пазітыўная дынаміка стала магчымай, дзякуючы вызваленню трох палітычных зняволеных мінулым летам. Такое развіццё падзей дазволіла ЕС прыпыніць дзеянне візавых абмежаванняў для некаторых асобаў і ўступіць у дыялог з Беларуссю пасля некалькіх гадоў абмежаваных кантактаў.

Я мяркую, што ЕС мае багата чаго прапанаваць Беларусі і яе народу, калі Беларусь прадэманструе свае сур’ёзныя намеры па аднаўленню адносінаў з намі.

Зараз ЕС распрацоўвае праграму «Усходняга партнёрства» са сваімі ўсходнімі суседзямі. Беларусь можа стаць удзельніцай гэтага партнёрства, якое аб’яднае 27 краінаў‑чальцоў ЕС з Украінай, Малдовай і краінамі Паўднёвага Каўказу. Гэта шанец пакінуць у мінулым гады ізаляцыі, якія доўжыліся зашмат, і ўступіць у палітычны і эканамічны абмен з рэштай еўрапейскай сям’і.

А канкрэтна, ЕС патэнцыйна мог бы прапанаваць супрацоўніцтва з Беларуссю, якое простыя грамадзяне адчулі б на сабе. Мы маглі б працаваць разам з вамі, каб дапамагчы беларускай эканоміцы дапасавацца да новых эканамічных выклікаў у рэгіёне. Мы маглі б дапамагчы вам скасаваць бар’еры ў гандлі з нашымі краінамі‑чальцамі праз падтрымку мераў, скіраваных на прывядзенне вашых тавараў у адпаведнасць са стандартамі ЕС. ЕС хацеў бы інтэнсіфікаваць нашы кантакты ў галіне энэргетычнай бяспекі. І, калі ўсё будзе добра, можа таксама з’явіцца болей магчымасцяў для беларускіх студэнтаў навучацца ў ЕС, і прасцейшыя візавыя працэдуры для іншых грамадзянаў, якія ездзяць у ЕС.

Зразумела, усё гэта будзе залежыць ад таго выбару, які зробіць Беларусь. Болей крокаў у напрамку асноўных свабодаў і дэмакратычных рэформаў дазволіць нам з вамі мець больш цесныя стасункі. Беларусь павінная прымаць свае ўласныя суверэнныя рашэнні аб сваім уласным лёсе.

За апошнія тры месяцы мы бачылі некалькі сігналаў, якія нас заахвоцілі. Акрамя вызвалення палітычных зняволеных, мы прывіталі адмену абмежаванняў для двух асноўных незалежных газетаў, якія за гэты час ізноў пачалі друкавацца і распаўсюджвацца; мы былі радыя ўбачыць рэгістрацыю арганізацыі «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, а таксама правядзенне кансультацый па выбарчай рэформе паміж Беларуссю і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ 22 студзеня.

І мы пільна сачылі за адкрыццём некаторых новых магчымасцяў для дыялогу паміж урадам і грамадзянскай супольнасцю. Упершыню грамадзянская супольнасць і апазіцыя былі запрошаныя для абмеркавання на высокім узроўні, з удзелам прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, пытанняў СМІ, у тым ліку, карыстання рэсурсамі Інтэрнэт, і будучыні Беларусі ўвогуле. Гэта знак таго, што час мяняецца і, магчыма, мяняюцца і адносіны.

Усё гэта заахвочвае, але зрабіць трэба яшчэ вельмі шмат.

Калі мы збіраемся пачаць новую главу ў нашых адносінах і калі мы збіраемся пацвердзіць рашэнне аб прыпыненні візавых абмежаванняў, мы павінны ўбачыць большы прагрэс на гэтым пазітыўным шляху і ясныя сігналы аб тым, што ўрад мае намер працягнуць рух па шляху дэмакратычных рэформаў.

ЕС лічыць, што кожны павінны мець права выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным чынам, і мы будзем працягваць заклікаць беларускія ўлады супрацоўнічаць з БДІПЧ АБСЕ па пытаннях рэформаў выбарчага заканадаўства. Мы лічым, што доступ да незалежнай інфармацыі і свабода выказвання з’яўляюцца асноўнымі правамі, якія павінны паважацца. Гэта значыць, што журналістам павінна быць дазволена працаваць вольна — без запалохванняў і пераследу, без страху закрыцця газетаў або перашкодаў для іх распаўсюду. Мы рэгулярна ўздымаем пытанне аб неабходнасці паляпшэння сітуацыі з недзяржаўнымі арганізацыямі, якія для нас ёсць жыццёва важнай часткай грамадства. Мы будзем працягваць заклікаць да прагрэсу ў галіне свабоды сходаў у Беларусі, таму што мы лічым іх нармальнай часткай працэсу публічнага абмеркавання.

Пабудова адносінаў з любым партнёрам павінна быць вуліцай з двухбаковым рухам, і, як я ўжо зазначыла, мы багата можам прапанаваць Беларусі. Калі Беларусь зробіць выбар на карысць рэформаў і большай адкрытасці, ЕС гатовы даць пазітыўны адказ і дапамагчы Беларусі, дзе толькі магчыма. Мы пачалі працаваць над прапановамі і мы гатовыя прапанаваць Беларусі ўсе перавагі нашай Еўрапейскай палітыкі добрасуседства. Я хацела б бачыць, як Беларусь працуе разам з ЕС на карысць большага дабрабыту і большай павагі да індывідуальных правоў у партнёрстве роўных. Выбар зараз за вамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0