Хуан Гуайдо. Фота: Alexcocopro / wikimedia.org
У Нацыянальнай асамблеі (аднапалатнага парламента) Венесуэлы цяпер два спікеры ад розных палітычных сілаў. Пра гэта 6 студзеня паведамляе Бі-бі-сі.
Афіцыйнае галасаванне прайшло 5 студзеня ў будынку парламента. Спікерам абралі Луіса Пару (Luis Parra) — прыхільніка прэзідэнта Нікаласа Мадуры. Пара нібыта атрымаў 81 голас.
Нацыянальная гвардыя не пусціла ў залу пасяджэнняў дзеючага спікера Хуана Гуайдо, які ўзначальвае апазіцыю, і яго прыхільнікаў. Пры гэтым Пара заявіў, што сесію адкрылі без Гуайдо, бо ён не прыехаў.
Пасля гэтага Гуайдо разам з апазіцыйнымі дэпутатамі правёў пасяджэнне ў рэдакцыі газеты Nacional. Па звестках апазіцыі, яе лідара паўторна абралі спікерам галасамі 100 з 167 дэпутатаў.
Гуайдо павіншаваў з перамогай дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. Ён заявіў, што ЗША і 57 іншых краін працягваюць лічыць Гуайдо законным часовым прэзідэнтам Венесуэлы і асудзіў спробы Нікаласа Мадуры перашкодзіць дэмакратычнаму галасаванню.
У студзені 2019 года Гуайдо на фоне масавых пратэстаў абвясціў сябе часовым прэзідэнтам краіны. Яго прызналі ЗША, большасць краін Еўропы і некаторыя лацінаамерыканскія дзяржавы. Нікаласа Мадуру, які ўзначальвае краіну з 2013 года, падтрымалі Расія, Кітай, Турцыя і інш.