Следчы камітэт Беларусі адказаў жонцы выкрадзенага дваццаць год таму аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага, перадае Deutsche Welle. Следчыя не бачаць падставаў для допыту новых сведак. Святлана Завадзкая назвала адказ цынічнай адпіскай.
Святлана Завадская, жонка выкрадзенага ў 2000 годзе аператара ОРТ Змітра Завадзкага, атрымала 6 студзеня, адказ са Следчага камітэта Беларусі на сваю заяву з просьбай дапытаць у якасці сведак асоб, прозвішчы якіх назваў у інтэрв'ю DW экс-баец беларускага САХРа Юрый Гараўскі. Аднак СК у лісце, адрасаваным Завадскай, паведаміў, што падставаў аднаўлення прыпыненага папярэдняга расследавання няма.
«Асобы, якія ажыццявілі выкраданне Вашага мужа, устаноўленыя і асуджаныя за злачынства прысудам Мінскага абласнога суда ад 13.02 2002 — напісана ў рашэнні СК. — Меркаванне Гараўскага аб выкраданні Д.Завадскага іншымі асобамі, выказанае ім у інтэрв'ю радыёстанцыі «Нямецкая хваля», не з'яўляецца падставай для аднаўлення прыпыненага папярэдняга расследавання».
Святлана Завадская назвала такі адказ Следчага камітэта найбольш цынічным за ўсе гады перапіскі з СК і пракуратурай. Яна патлумачыла, што асуджаным за злачынства супраць яе мужа паставілі ў віну толькі ягонае выкраданне, аднак далейшы лёс яе мужа так і не высветлены.