Таццяна Барысік, фота Сяргея Гудзіліна
На якую дарогу ні збоч —
Усюды белая далячынь.
Маразы шчыравалі ўсю ноч,
Каб на шыбах цвілі касачы.
Мая доля — пад лёдам рака:
Ні туды, ні сюды, ні адкуль.
Пазіраю ў вакно цягніка,
Як над полем лунае лунь.
А цягнік напрасткі імчыць
У калядныя вечары.
Там у печы каўбаска сквірчыць,
Там каза ды звяздар у двары!
Там былое ляціць, бы дым,
На нябёсы, каб нас чакаць.
І пад вокнамі спеў малады —
Самы час Каляду сустракаць!
Яна хаты маёй не міне.
Клямку ў сенцах крану рукой,
Замець снежная шугане —
Адчуваю сябе жывой!