9 студзеня Цэнтральны суд Мінска працягнуў адміністрацыйны працэс супраць мовазнаўцы, пасла Беларусі ў Нямеччыне (1992—1994) Пятра Садоўскага. Адметна, што працэс адбываўся ў будынку па вуліцы Кірава, 21, дзе калісьці знаходзіўся Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Садоўскі якраз быў адным з выкладчыкаў гэтага, закрытага ўладамі, Ліцэя.

«Пятро Вікенцьевіч, а чаму вас судзяць на трэцім паверсе, а Баршчэўскага судзілі на другім?» — пытаюцца ў дыпламата. «Бо я важнейшы», — смяецца Садоўскі. У яго выдатны настрой. Калі бачыць жанчын, то рассыпаецца ў кампліментах. «Пры добрым мужыку жанчына квітнее», — расплываецца ва ўсмешцы Пятро Вікеньцевіч.

Сам падсудны ў строгім чорным касцюме з бел-чырвона-белым значком, акуратна падстрыжанай барадой, трымаецца за кіёчак. Мовазнаўцу праз месяц 79 гадоў. 

Падтрымаць Садоўскага прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек: мовазнаўца Вінцук Вячорка, кіраўнік КХП-БНФ у Беларусі Юрась Беленькі, архівіст Язэп Янушкевіч, рэжысёр Валер Мазынскі і іншыя.

Цікава, што працэсаў над Садоўскім у адзін дзень адбываецца не адзін, а адразу два! За 7 і 8 снежня, калі ў Мінску адбываліся акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй. Хаця сам падсудны прасіў працэсы аб’яднаць у мэтах «эканоміі дзяржаўных сродкаў» — адмовілі.

Суддзя Юлія Густыр вяла працэс па-беларуску. Беларускай мовай яна выдатна валодала, ніякай цяжкасці ў гэтым у яе не ўзнікла. Сакратар суда таксама добра гаварыў па-беларуску.

Сведка Віталь Светкін на суд не з’явіўся, ён нібыта знаходзіцца за мяжой. Ягоныя паказанні былі зачытаныя. Маўляў, Садоўскі сярод іншых асобаў 7 снежня знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы, дзе людзі былі з бел-чырвона-белым сцягамі і крычалі «Жыве Беларусь».

Другі сведка на працэс спазняецца, але абяцае прыйсці, таму суддзя рашае перапыніцца на колькі хвілін. Перад гэтым яна, праўда, пытаецца:

«Вы давяраеце суду?» — пытаецца Густыр.

«Спадзяюся», — коратка адказвае Садоўскі. Зала смяецца.

Пятро Садоўскі зачытвае заяву, якую падрыхтаваў спецыяльна да суда. У яе сем пунктаў. «Грамадзянін Садоўскі не бегаў па плошчы са сцягам, не крычаў лозунгі. Ён працягваў справу свайго жыцця: вітаў дзяржаўную незалежнасць спевамі на патрыятычнай песні на словы Янкі Купалы «А ў бары-бары тры дарожанькі, якую ён спяваў, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета, на плошчы Незалежнасці 25 жніўня 1991 года».

«МУС Савецкага РУУС падаў непрафесійна складзены пратакол з ілжэсведчаннямі малодшага складу службоўцаў пад адміністрацыйным прымусам», — адзначыў Садоўскі. У пратаколе нават адукацыю падсуднага напісалі «сярэднюю». «У мяне не сярэдняя адукацыя, я кандыдат навук!»

«У нашай практыцы «недазволены» не з’яўляецца сінонімам «забаронены»: пры забароненым — б’юць», — адзначыў Садоўскі.

Суддзя па працэсе за 8 снежня Іван Касцян ужо гаварыў па-руску. Перад пачаткам працэсу кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі паказваў фота Касцяна ў форме каратыста. Можа, таму ён быў больш рэзкім, чым Густыр. Калі Садоўскі стаў выступаць са сваёй заявай, то суддзя прасіў гаварыць толькі «па справе». «Тут усё па справе», — парыраваў мовазнаўца.

Напрыканцы прамовы Садоўскі нагадаў, калі супраць суддзяў уводзіліся санкцыі — забарона на ўезд у Шэнгенскую зону. Касцян жа імкнуўся скончыць працэс як мага хутчэй. Для прыняцця рашэння яму спатрэбілася хвіліны чатыры. Рашэнне — 30 базавых велічынь, альбо 810 рублёў штрафу. Гэта было рашэнне за 8 снежня.

Зала сустрэла гэтае рашэнне крыкамі «Ганьба».

Толькі сканчваецца працэс у Касцяна, як Садоўскі і іншыя прысутныя адразу пераходзяць у іншы кабінет. АМАПавец Сяргей Кавальчук там ужо чакае. Яму 29 гадоў, родам з Брэста. Паказанні хоча даваць на рускай мове.

«Людзей 600-700 было на мітынгу. Ён прысвечаны інтэграцыі Расіі і Беларусі», — кажа Кавальчук.

«Супраць інтэграцыі?» — удакладняе суддзя.

«Так, супраць», — згаджаецца міліцыянер.

Плошчу Незалежнасці ён упарта называе плошчай Леніна. Суддзя кожны раз папраўляе сведку. Якія сцягі былі? «Бела-чырвоныя». Што выкрыквалі? «Жывёт Беларусь».

Міліцыянт кажа, што бачыў Садоўскага перыядычна ад 12 да 15 гадзіны. «Калі шчыра, то я не помню, якія дзеянні ён рабіў. У руках у яго нічога не было, калі я бачыў. У што быў апрануты, не помню».

Садоўскі кажа, што 7 снежня на плошчы быў сорак хвілін, прыехаў хворым. І не быў на плошчы а 12-й, бо сам мітынг праходзіў а 18-й. «У вашым сведчаннях ёсць прыкметы лжэсведчанняў. І па-добраму іх можна накіраваць у Следчы камітэт, але я чалавек стары і добры».

«Гэты чалавек непрафесіянал, яго трэба выганяць з органаў, ён нічога не памятае. Мне гэта ўсё надакучыла, я больш удзельнічаць не буду», — кажа Садоўскі.

І на гэтым адмаўляецца задаваць пытанні. У гэты момант каля дзясятка чалавек са словамі «Ганьба» сыходзіць з залы. Суддзя вымушана рабіць перапынак «для навядзення парадку».

У выніку суддзя Густыр вырашыла накіраваць справу назад у Маскоўскі РУУС: «Для ліквідацыі недахопаў». На справе гэта можа значыць, што разглядацца болей яна не будзе. Аднак можа быць, што праз нейкі час працэс яшчэ раз узновіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?