Удзельнікі акцыі 8 снежня ў Мінску дайшлі да пасольства Расіі, фота Надзеі Бужан
Пра гэта кіраўнік краіны заявіў учора, 9 студзеня, на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне».
«Трэба спыніць усялякія хаджэнні па мірных, спакойных, чыстых вуліцах (хтосьці іх прыбірае, хтосьці забяспечвае гэты свет). Трэба проста спыніць усялякія размовы аб суверэнітэце і незалежнасці. Трэба спыніць размовы аб тым, што хто-небудзь хоча «здрадзiць» і здаць Беларусь. Можа, хтосьці і хоча … Але не першы прэзідэнт, які гэтую краіну будаваў», — сказаў Лукашэнка.
Магчыма, кіраўнік краіны меў на ўвазе акцыі, скіраваныя супраць г.зв. паглыбленай інтэграцыі, што прайшлі ў Мінску 7,8, 20, 21 і 29 снежня. Па іх выніках каля дзясятка чалавек былі асуджаныя на суткі, у тым ліку Павел Севярынец, Алесь Чахольскі, Дзяніс Урбановіч, Яўген Афнагель ды іншыя атрымалі па 15 сутак арышту, а дзясяткі актывістаў, у тым вядомыя дзеячы (напр. мастак Алесь Марачкін) — немалыя штрафы. Так толькі ўчора агульная сума штрафаў перавысіла 34 тысячы рублёў. Людзей аштрафавалі ад 540 да 1620 рублёў.