У інтэрв'ю Аляксею Венядзіктаву Аляксандр Лукашэнка расказаў пра поспехі малодшага сына ў хіміі. Як даведаўся Tut.by, Коля Лукашэнка заняў першае месца на раённай алімпіядзе і зараз рыхтуецца да абласнога этапа, які пройдзе з 13 па 17 студзеня ў Мінску.

Мікалай Лукашэнка вучыцца ў Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школе Мінскага раёна. Раённы этап алімпіяды па хіміі для дзевяцікласнікаў праходзіў 22-23 лістапада на базе гэтай жа школы. У ёй бралі ўдзел 22 чалавекі. Яны выконвалі тэставыя заданні, рашалі задачы і праводзілі хімічны эксперымент.

У выніку Коля заняў першае месца. Ён, а таксама яшчэ адзін вучань Астрашыцка-Гарадоцкай школы (у яго другі вынік) будуць удзельнічаць у абласным этапе алімпіяды па хіміі сярод навучэнцаў 9-х класаў. Падрыхтоўкай да алімпіяды яны займаюцца з настаўнікам хіміі вышэйшай катэгорыі Галінай Макаравай. Гэтую інфармацыю пацвердзіла дырэктар школы Наталля Бельмач.

Усяго ў гэтым навучальным годзе пяць вучняў школы — тры па хіміі і два па біялогіі — будуць прадстаўляць Мінскі раён на абласных алімпіядах.

Па словах Наталлі Бельмач, дзяцей віншавалі на ўрачыстай лінейцы, а таксама здымалі відэаролік, каб падтрымаць іх у наступным туры.

Абласны этап алімпіяды па хіміі таксама складаецца з дзвюх частак — тэарэтычнай і практычнай. «Практыка» будзе праходзіць на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0