«Новы аб’ект у Сосенцы знаходзіцца недалёка ад Ільі, на адлегласці 14 кіламетраў. Гэта дазволіць стварыць максімальна зручныя ўмовы для жыхароў Ільі», — адказаў Анатоль Кароткі.

Вось такую сумную навіну нядаўна абнародавала «Рэгіянальная газета». Наконт гэтага хачу выказаць сваё стаўленне да такога рашэння «гаспадароў» нашага жыцця.

І адразу хачу сказаць, што гэта катастрофа не толькі для ільянцаў. Што за лухту такую нясе гэты Кароткі?! Пра якую зручнасьць можа тут ісці гаворка,калі жыхарам Ільі патрэбна будзе на мотаблоку замест 500 метраў пілаваць на запраўку 15 кіламетраў?! А што казаць пра жыхароў іншых паселішчаў і не малых, такіх як пасёлак Партызанскі? Ім прыдзецца ўжо 25 кіламетраў пераадолець, каб заправіцца. А жыхарам Лукаўца, Хаценчыцаў, Сакалоўкі, Новай Гуты, Батурына, Карпавічаў, Лядзьвеняў, Пляшчанаў, Заельнікаў і шмат іншым, увогуле вёрст 30—40 патрэбна будзе дабірацца да найбліжэйшай запраўкі.

Да чаго коціцца раён? Куды глядзіць яго антынародная (інакш назваць нельга) мясцовая ўлада? Няўжо не знойдзіцца чалавек з мазгамі, які знойдзе выйсце з гэтай бюракратычнай аванцюры? Чаго ж маўчаць нашы дэпутаты,якія атрымалі недатыкальнасці мандаты?!

Наколькі мне вядома, жыхары Ільі і найбліжэйшых вёсак сабралі больш за тысячу подпісаў супраць закрыцця запраўкі.

Накіроўвалі звароты ва ўсе адпаведныя інстанцыі розных узроўняў, але ўсё дарэмна. Паўсюль глухата і слепата.

Думаецца, зараз будзе мэтазгодным накіраваць зварот у цэнтрвыбаркам з адкліканнем новаабранага дэпутата ППНС, бо страціў давер выбарцаў. Тым больш што для гэтай працэдуры неабходныя 1000 подпісаў — яны якраз ужо ёсць сабраныя. Можа, тады хоць хтосьці заварушыцца ды паклапоціцца па-сапраўднаму пра жыхароў, якія дажываюць свой век у «нерэнтабельнай» і «бесперспектыўнай» сваёй сельскай мясцовасці.

Вось мая прапанова… Калі ўжо каму так моцна рэжа вока гэтая запраўка, яе можна загарадзіць плотам ды перайсці з кругласутачнай працы на дзённую з адным аператарам. Якія страты могуць ад гэтакай арганізацыі працы? Ніякія! А пра стапрацэнтны знос абсталявання — хлусня поўная. Я кожны раз на ёй запраўляюся і ніколі не заўважаў штосьці няладнае. Усё працуе цудоўна і ніколі не было такога, каб пісталеты паліва пралівалі. Што такое нярэдка здараецца нават на сучасных вялікіх станцыях. Вельмі хочацца спадзявацца на тое, што ўлада і дэпутаты ўсё ж пачуюць голас народа!

Калі ласка, апублікуйце гэты вось матэрыял. Мы больш чым упэўнены: яго прачытаюць «наверсе» і ў выніку, магчыма, штосьці зачэшацца. Дзякую Вам ад імя жыхароў Вілейшчыны і не толькі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?