Навукоўцы заявілі аб поўным знікненні кітайскіх весланосаў — найбуйнейшых прэснаводных рыб сучаснасці. Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкай на LiveScience.

Апошні кітайскі весланос (Psephurus gladius) быў заўважаны жывым у 2003 годзе. Фота: National Geographic / Qiwei Wei

Від Psephurus gladius жыў у рацэ Янцзы. Адна з прычын вымірання — адсутнасць хуткага ўзнаўлення. Самкі весланосаў дасягалі палавога сталення да 6-15 гадоў, а самцы — да 12-14 гадоў. Аднак у 1970-я ў Янцзы вялі актыўны рыбны промысел. Весланосаў вылоўлівалі ў вялікіх колькасцях: каля 25 тон у год. У выніку да канца дзесяцігоддзя папуляцыя рыб значна скарацілася, і ў 1983 годзе прамысловы лоў весланосаў быў забаронены. Пасля папуляцыя скарацілася яшчэ мацней праз забруджванне вады і будаўніцтва плацін.

«Паколькі няма ніводнай асобіны ў няволі і не захавалася жывых тканак, каб аднавіць від, рыбу варта лічыць вымерлай у адпаведнасці з крытэрамі Чырвонай кнігі», — адзначаецца ў артыкуле.

Лічыцца, што кітайскі весланос быў самай буйной прэснаводнай рыбай. Даўжыня цела магла перавышаць тры метры, а маса — 300 кг. Некаторыя відавочцы заяўлялі, што бачылі рыб, якія дасягалі сямі метраў у даўжыню і 500 кг у вазе, аднак дакладных дакументальных пацверджанняў гэтаму няма.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?