Незвычайны судовы працэс па дзікунскім факце апаганьвання магілы на вясковых могілках завяршыўся днямі ў судзе Пастаўскага раёна.

На лаву падсудных прыйшлося сесці 58‑гадовай жыхарцы вёскі Ярэва, якая напрыканцы мінулага года не толькі апаганіла свежую магілу, але ледзь не выкапала з зямлі труну з нябожчыцай.

Зусім не жартоўныя страсці разыграліся ў той халодны лістападаўскі дзень. Толькі паспела ад’ехаць з могілак пасля пахавання група родных, як на пагосце з’явілася раз’юшаная цётка Юзэфа, абураная тым, што на могілках занялі месца пахавання, якое яна намеціла для сябе.

У шале жанчына раскідала вянкі і запаленыя свечкі, а потым на ровары прыехала скандаліць у хату памерлай на жалобны абед. Адтуль сын нябожчыцы выставіў няпрошаную госцю за дзверы, аднак яна і не думала супакоіцца. Потым сапраўды з крыкам і лямантам на могілках пачала раскопваць магілу, але аднавяскоўцы не далі ажыццявіць гэту задуму.

Пасля заявы абураных і зняважаных родных памерлай у міліцыю была заведзена крымінальная справа. Праўда, да пазбаўлення волі справа не дайшла, але за апаганьванне могілак суд аштрафаваў пенсіянерку на 1 мільён 225 тысяч рублёў.

westki.info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0