13.01.2020 / 23:44

Пампеа абвясціў пра санкцыі супраць малдаўскага алігарха Плахатнюка

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампеа паведаміў, што Вашынгтон уводзіць санкцыі ў дачыненні да былога лідара Дэмакратычнай партыі Малдовы Уладзіміра Плахатнюка і членаў яго сям'і.

ЗША маюць права забараняць асобам, абвінавачаным у карупцыі, атрымліваць амерыканскую візу. Адпаведныя меры прынятыя ў дачыненні да самога Плахатнюка, яго жонкі Аксаны Кілдэску і двух дзяцей.

Па словах Пампеа, «Плахатнюк быў замяшаны ў карупцыйнай дзейнасці, якая падрывала вяршэнства закона і негатыўна адбівалася на дзейнасці дэмакратычных інстытутаў у Малдове».

Алігарх Плахатнюк, які ўзначальваў Дэмакратычную партыю Малдовы, у пачатку лета 2019 года са сваімі прыхільнікамі паспрабаваў адхіліць ад улады прэзідэнта Ігара Дадона і кааліцыйны ўрад Маі Санду. Аднак гэтая спроба правалілася, і Плахатнюк быў вымушаны пакінуць краіну.

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру