Аператыўнікі наркакантролю Гомельшчыны спынілі дзейнасць інтэрнэт-крамы па продажы наркотыкаў, усяго канфіскавана 600 грам Alfa-PVP, паведамляе афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.
У канцы снежня міліцыя затрымала чацвярых маладых людзей, якія арганізавалі інтэрнэт-краму па продажы наркотыкаў.
Па месцы жыхарства аднаго з іх было выяўлена амаль 550 грам рэчыва і ўсе спадарожныя атрыбуты: шалі, ізастужка, zip-пакеты. Астатні наркотык быў знойдзены ў месцах закладак на тэрыторыі Гомеля, Гомельскага і Рэчыцкага раёнаў. Там, дзе збоілі GPS-каардынаты, дапамог службовы сабака в/ч 5525 унутраных войскаў МУС па мянушцы Смайл.
Арганізатарам інтэрнэт-крамы стаў 23-гадовы хлопец. Ён прапанаваў сваім сябрам зарабіць лёгкія грошы, прадаючы псіхатропы, і тыя пагадзіліся.
Буйную партыю альфа-PVP маладыя людзі прывезлі самастойна з Расіі. Да працэсу продажаў падключылі нанятых «мінёраў», якія рабілі закладкі, закопваючы іх у зямлю.