Пры канцы мінулага года нямецкае выданне «Дойчэ Веле» апублікавала гутарку з былым байцом спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Юрыем Гараўскім, у якой той прызнаўся, што ўдзельнічаў у забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Чытайце: Былы спецназавец: Я ўдзельнічаў у забойстве Захаранкі і Ганчара

Рэакцыя былога камандзіра САХРа Дзмітрыя Паўлічэнкі, які называўся датычным да забойстваў, была вельмі нервовая: ён то «памятаў», то «не памятаў» свайго былога байца.

Дзмітрый Паўлічэнка

Дзмітрый Паўлічэнка

У шчырасць Гараўскага паверылі не ўсе.

«Ён мог назваць любыя прозвішчы сваіх саслужыўцаў, якіх ведаў. Я займаўся гэтай справай, але прозвішча Гараўскага не ўспамінаю. Для чаго яму гэта? Грошы ці легалізацыя ў ЕС», — казаў следчы пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч, які ў 2000-я першым заявіў пра «эскадроны смерці» і цяпер жыве ў эміграцыі ў ЗША. 

Цяпер «Нашай Ніве» сталі вядомыя некаторыя новыя абставіны гэтай гісторыі, якія могуць патлумачыць магчымыя прычыны крыўды Гараўскага.

Мы знайшлі бізнэсменаў, якія сцвярджаюць, што год таму пераводзілі вялікую суму на рахунак Асацыяцыі ветэранаў спецназа «Гонар». Яны давалі грошы ў тым ліку для аплаты аперацыі па замене сустава аднаму з былых байцоў.

Але гэтыя грошы зніклі. 

Гаворка ідзе пра суму 8450 рублёў. 

«Я ведаю, што грошы меліся пайсці на падтрымку ветэранаў асацыяцыі, у тым ліку медыцынскую. Гаворка вялася пра замену сустава, як цяпер можна падумаць — Гараўскаму, але прозвішчаў я тады не запамінаў. Лёс грошай мне невядомы», — ананімна сказаў «Нашай Ніве» прадстаўнік кампаніі.

Супрацоўніцтва мусіла быць узаемавыгадным. Асацыяцыя абяцала дапамагчы гэтаму бізнэсмену ўвайсці ў нейкі праект, але ў выніку нічога не атрымалася.

Тыя 8450 рублёў былі пералічаныя на падставе ліста аб спонсарскай дапамозе за подпісам Паўлічэнкі. 

Ці магло быць так, што Гараўскі ўжо жыў надзеяй пазбавіцца ад боляў, але грошы да яго так і не дайшлі? 

Так ці іначай, аперацыю ён зрабіў за мяжой: «Яму паабяцалі аперацыю ў Германіі», — казала «Нашай Ніве» маці Гараўскага, не ўдакладняючы, хто зрабіў такую шчодрую прапанову.

Як каментуе сітуацыю сам Паўлічэнка? 

Ён сказаў «Нашай Ніве», што ніякіх збораў на дапамогу Гараўскаму не праводзілася. Але, маўляў, ён сам нейкі час сапраўды даваў грошы сям'і Гараўскага, пакуль жонка былога спецназаўца нібыта не паведаміла пра наркатычную залежнасць мужа. З таго часу — ні капейкі. 

Мы таксама звярнуліся па каментар да памочніка Паўлічэнкі ў асацыяцыі «Гонар» Ігара Парэчына. Гэта ён крытыкаваў рэакцыю начальніка на скандал у СМІ і прасіў Лукашэнку дазволіць правесці прэс-канферэнцыю. 

Чытайце: Памочнік Паўлічэнкі звярнуўся да Лукашэнкі: «Гараўскі — алкаголік, дазвольце даць прэс-канферэнцыю»

Фота Парэчына.

Фота Парэчына.

Парэчын пазнае нумар рахунка, на які пералічваліся грошы. У асацыяцыі «Гонар» менавіта ён займаўся прыцягваннем спонсарскай дапамогі. 

«Сутнасць маёй работы была ў тым, каб знаходзіць бізнэсоўцаў, якія гатовыя аказаць дапамогу ветэранам асацыяцыі. Па словах Паўлічэнкі, агулам у нас было 23 тысячы чалавек, сярод іх ёсць інваліды. Гэтыя 8 тысяч рублёў — пра іх дамаўляўся асабіста я. Мы з Паўлічэнкам абмяркоўвалі, куды пойдуць грошы. Было дамоўлена — на дапамогу хлопцам, у тым ліку аперацыі. Прозвішча Гараўскага гучала. Я ж яго асабіста ведаю, мы жывём у адным двары, ён жанаты з дачкой майго сябра, — сказаў Парэчын. 

Але Парэчын таксама не ведае, куды падзеліся грошы. 

«Я асабіста пісаў ліст Паўлічэнку, афіцыйна. Мне трэба было ведаць, па якім прынцыпе размяркоўваюцца сродкі, ці ёсць нейкія лісты чакання дапамогі, спісы, каму патрэбны грошы? Гэтыя людзі пішуць заяўкі ці яшчэ як? Гэта інфармацыя, патрэбная спонсарам. Але ён адмовіўся браць гэтыя лісты пад роспіс, адказу не даў. Я даслаў іх на афіцыйны адрас асацыяцыі, але яны вярталіся, з чаго можна рабіць выснову, што ў офісе нікога не бывае», — дадае ён. 

Пасля прызнання Гараўскага Парэчын раскрытыкаваў рэакцыю Паўлічэнкі на скандал і неўзабаве пасля таго яго выключылі з асацыяцыі. 

Сам Парэчын звязвае гаварлівасць Гараўскага з ранейшым знаёмствам з былым начальнікам СІЗА №1 Алегам Алкаевым, які цяпер жыве ў эміграцыі ў Германіі.

Былы спецназавец сядзеў у мінскім СІЗА за вымагальніцтвы, калі ўстановай кіраваў быў Алкаеў.

І як сцвярджае Парэчын, Алкаеў выкарыстоўваў Гараўскага для «працы» ў «прэс-хатах». Па яго словах, у такіх камерах звычайна працуе «прэс» (той, хто цісне на незгаворлівых арыштантаў альбо пагражае ім) і «качкі» (слухаюць усё, што кажа зняволены, і перадаюць адміністрацыі). Ён выказвае здагадку, што праз Алкаева Гараўскі мог трапіць за мяжу. 

Са словаў Парэчына, дзіўная сітуацыя ў асацыяцыі даведзена да ведама міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?