У канцы мінулага года да адміністрацыйнага арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту было асуджана 11 чалавек. Большасць з іх адбывалі суткі ў сумнавядомым Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску. Амаль усе арыштаваныя правялі ў ізалятары і Новы год. Ці атрымалася ім неяк адсвяткаваць гэты дзень? «НН» распытала былых вязняў.

Павел Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі

Павел Севярынец з жонкай Вольгай і сынам Францішкам. Фота з facebook.com.

«На Новы год у камеры быў са слесарам-станочнікам з Заводскага раёна, які ўсталёўвае лаўкі. Выпілі вішнёвага соку ў гонар гэтага дня, закусілі салам і хлебам. З вуліцы чуў, як гукалі «Жыве Беларусь». Зразумеў, што гэткім чынам падтрымліваюць нас, палітычных.

На Раство ўсё было падобна. Толькі ў камеры нас было чацвёра, а сок быў персікавы, які перадала мне [жонка] Волечка, дзякуй ёй. Былі яшчэ цукеркі-«рафаэлкі». Памаліліся камерай, перакусілі. Магчымасць пачытаць Біблію ці памаліцца на Акрэсціне заўсёды ёсць.

Стаўленне адміністрацыі было як заўсёды кепскае. Мне проста давялося выкінуць два пакункі з адзеннем, бо гэта прасцей, чым яго выпарваць ад вошаў. Справа ў тым, што ў камеры, куды адпраўляюць палітычных, спачатку саджаюць бяздомных.

Мне, пісьменніку, толькі на 14-я суткі дазволілі ручку.

А двое апошніх сутак сядзеў з чалавекам, у якога была белая гарачка. Яму здавалася, што мы нібыта хаваем ад яго тэлевізар.

Палітычных разам не саджалі, змянілі тактыку. Адначасова нас на Акрэсціне было дзевяць чалавек, але паколькі камер больш за дваццаць, то ніхто ні з кім не перасякаўся».

Алесь Чахольскі, адказны сакратар КХП-БНФ

Фота euroradio.fm.

«Вельмі цікавыя людзі са мной сядзелі. Былыя зэкі: адзін адседзеў 21 год (у тым ліку сямнаццаць гадоў за забойства), другі — 26 (усе за крадзяжы). Апошні казаў, што даўно хоча саскочыць з гэтай сцяжыны, але яго загналі ў кола, ніхто не бярэ на працу.

На Новы год выпілі па «святочнай» шклянцы вады і закусілі «святочным» кавалкам сала. Харчаваліся ў камеры найперш за мой кошт, бо толькі мне былі перадачы. А так усё звычайна: адбой а 22-й, пад’ём — а 6-й.

Я апошні раз сядзеў на сутках у 1999 годзе. Ну дык у побытавым плане ўмовы сталі лепшымі. Калі раней у камеры была драўляная «сцэна», то цяпер ёсць асобныя ложкі з матрацамі, ёсць агароджаны санвузел. Калі ты спраўляеш натуральную патрэбу, то ўжо не на вачах усёй камеры.

Што тычыцца чалавечага стаўлення, то тут мала што змянілася — ты ніхто і зваць цябе ніяк. Асабліва гэта тычыцца нават не палітычных, а звычайных жыхароў Акрэсціна. Для персаналу яны проста быдла. Зрэшты, усё залежыць ад чалавечага фактару, ад змены. Але ёсць і шчырыя садысты, якія не павінны служыць у праваахоўных органах».

Стас Шашок, удзельнік кампаніі Legalize Belarus

Стас Шашок у першыя хвіліны пасля вызвалення. Фота з facebook.com.

«Сустрэў Новы год у камеры ў адзіноце. Майго сукамерніка вызвалілі дзесьці 30 снежня, і да 4 студзеня я заставаўся абсалютна адзін. Падарункаў ад адміністрацыі ў гэты дзень не было. Пра тое, што Новы год наступіў, зразумеў са святкавання, якое адбывалася ў суседняй часці ўнутраных войскаў.

Свой час на сутках прысвячаў чытанню. У мяне з сабой былі «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, таўшчэзная кніга «Англійская на кожны дзень», а таксама Біблія і Новы Запавет. Падумалася: дзе яшчэ будзе лепшы шанец пачытаць Біблію, як не падчас арышту?»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?