15.01.2020 / 11:38

Беларускія трансплантолагі выратавалі дзіця з цяжкай пячоначнай недастатковасцю 1

Беларускія трансплантолагі выратавалі двухгадовую дзяўчынку з пячоначнай недастатковасцю цяжкай ступені, паведаміў БелТА намеснік дырэктара па хірургічнай рабоце Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі доктар медыцынскіх навук, дацэнт Аляксей Шчэрба.

Аперацыя, якая лічыцца адной з самых складаных у хірургіі і трансплантацыі печані, была праведзена за месяц да новага 2020 года. Тэхналогія завецца спліт-трансплантацыяй, калі трупную печань дарослага донара дзеляць на дзве жыццяздольныя часткі, вялікая з якіх (правая доля) выкарыстоўваецца для дарослага рэцыпіента, а меншая (левая доля) — для дзіцяці. У аперацыйнай знаходзяцца адразу тры брыгады хірургаў і дзве анестэзіёлагаў.

Дарослы рэцыпіент, якому дасталася правая доля печані, хутка пайшоў на папраўку і неўзабаве пасля аперацыі яго выпісалі. А дзіцяці, якое знаходзілася ў вельмі цяжкім стане, спатрэбілася больш часу.

Больш за месяц калектыў анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў і хірургаў-трансплантолагаў пераадольваў наступствы цяжкай пячоначнай недастатковасці.

— Трэба было прыняць мноства правільных рашэнняў, каб у выніку стан маленькай пацыенткі палепшыўся. Яе ўжо перавялі ў дзіцячую інфекцыйную бальніцу Мінска, — распавёў Аляксей Шчэрба.

У 2019 годзе былі праведзены дзве спліт-трансплантацыі. Першая прайшла ў экстрэмальных умовах: прыйшлося ў сціснутыя тэрміны ратаваць сям’ю пасля атручвання бледнай паганкай.

Тады за адну ноч зрабілі перасадку печані і маці, і дзіцяці. На шчасце, была магчымасць знайсці донара з прыдатным органам. Цяпер жа двухгадовай пацыентцы аперацыю правялі ў планавым рэжыме. Цягам некалькіх месяцаў яна чакала трансплантат, прыдатны па групе крыві, узросце, якасці.

0
Ляксандра / Адказаць
15.01.2020 / 22:06
Молодцы наши медики.Есть порох в пороховницах.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру