Галкіпер «Рэала» Ікер Касільяс. Фота reuter
У аўторак вызначыліся першыя чвэрцьфіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Адметна, што ў чатырох гульнях было забіта ажно 19 мячоў, г.зн. амаль па пяць за гульню.
Самы буйны лік зафіксаваны ў Мюнхене, дзе «Баварыя» проста маральна знішчыла лісабонскі «Спортынг» — 7:1 (Падольскі — 2, Клозэ, Швайнштайгер, Мюллер, ван Бомел, Полга-аўтагол — Маўцінью).
Улічваючы, што ў першым матчы ў сталіцы Партугаліі «Спортынг» прайграў з лікам 0:5, то агульны вынік — 1:12 уражвае. Гэта рэкорд плей-офаў Лігі за ўвесь час.
«Вільярэал» у гасцях перайграў афінскі «Панацінаікас» — 1:2 (Манцыас — Ібагаса, Ёрэнтэ). У першым матчы была нічыя (1:1) — і далей крочыць любімы клуб галоўнага трэнера БАТЭ.
У Турыне «Ювентус» згуляў нічыю з «Чэлсі» — 2:2 (Яквінта, Дэль П’ера — Эсьен, Драгба), але паколькі ў першым матчы ў Лондане выйграў «Чэлсі», то ён выйшаў у наступны этап. Хідынк пакуль не пераможны.
І, нарэшце, «Ліверпуль» на родным «Энфілдзе» таксама проста знішчыў мадрыдскі «Рэал» — 4:0 (Джэрард — 2, Торэс, Дасэна), у першым матчы ў Мадрыдзе падапечныя Рафы Бенітэса таксама выйгралі — 1:0.
Дзве рэчы. Пяты раз запар «Рэал» вылятае з 1/8 фіналу ЛЧ, і «Рэал», і «Ювентус» былі супернікамі БАТЭ па групавым этапе Лігі чэмпіёнаў.
Такім чынам у наступны этап ЛЧ выйшлі «Ліверпуль», «Чэлсі», «Баварыя», «Вільярэал».
Лёсаванне 1/4 фіналу пройдзе 20 сакавіка. Тады стануць вядомыя і тэарэтычныя паўфінальныя пары.
Сёння пройдуць чатыры матчы:
«Манчэстар Юнайтэд» — «Інтэр» (першы матч 0:0),
«Барселона» — Ліён» (першы матч 1:1),
«Рома» — «Арсенал» (першы матч 0:1 на карысць "кананіраў"),
«Порту» — «Атлетыка» Мадрыд (першы матч 2:2).
БТ пакажа ў прамым эфіры матч «Манчэстар Юнайтэд» - «Інтэр».