Фота Airport.by.

Фота Airport.by.

Напішу непапулярны пост. Кідайце тапкамі.

Учора байнэт быў поўны спагады героям гісторыі пра тое, як кошт паркоўкі ў менскім аэрапорце аказаўся вышэйшым за кошт адпачынку ў Егіпце.

«Простыя людзі» (як называе іх у публікацыях сын) купілі тур у Егіпет, прыехалі ў аэрапорт, паставілі аўто на гасцявую стаянку, дзе стаяць па правілах можна 20 хвілін, а пасля кожная гадзіна каштуе 10 рублёў, пакінулі там машынку на пару тыдняў і паляцелі адпачываць. І вельмі здзівіліся па вяртанні, што кошт за паркоўку накапаў пад паўтары штукі баксаў.

Я згодны, што «простых людзей» шкада і таксама гатовы ім спачуваць. Але ў кожнай гісторыі такога роду ёсць іншы бок. Правілы і тарыфы ёсць у інтэрнэце, але героі публікацыі адзначаюць, што «простыя людзі не ў ладах з інтэрнэтам».

Правілы і тарыфы апублікаваны на спецыяльным стэндзе, але «простыя людзі ў цемры не заўважылі».

Я паспрабаваў уявіць, што яшчэ мог зрабіць аэрапорт для таго, каб «простыя людзі» звярнулі ўвагу на правілы і іх выканалі. Выпадак, мяркуючы па ўсім, рэдкі, выбіваецца з шэрагу, значыць, неяк жа ў асноўнай сваёй масе беларусы спраўляюцца з гэтай звышскладанай інтэлектуальнай задачай — ставіць аўто па правілах і плаціць па тарыфах.

Справа не ў канкрэтных людзях — ім я сапраўды спачуваю, бо гэта, вядома, залёт. Справа ў тым, што мы гатовыя бачыць першапрычыны праблем не там, дзе яны ёсць, а там, дзе нам хочацца. Гэта значыць шукаць пад ліхтаром, пад якім светла.

Я разумею так, калі чалавек не здольны ў цемры разглядзець стэнд з тарыфамі, гэтаму чалавеку варта прайсці медагляд, а грамадству — усумніцца, ці варта такому чалавеку давяраць руль, таму што аўто пад кіраваннем сляпога, гіпертоніка або ідыёта можа быць прыладай забойства, часам нават і масавага.

Я не разумею, у чым вінаваты аэрапорт, які размясціў тарыфы як належыць і так, што пра іх у курсе практычна ўсе, акрамя канкрэтных «простых людзей». Я таксама не вельмі разумею, у чым у дадзеным выпадку вінаватая краіна і дзяржава, якія выклікалі ў каментарах шквал крытыкі і сарказму. Я зусім не з тых, хто хваліць нашу ўладу. Але ў дадзеным выпадку я кажу не пра дзеянні службаў і не пра канкрэтных людзей, я кажу пра тое, што калі грамадская думка гатова асуджаць дзяржаву за тое, у чым яна не вінавата, то з верагоднасцю ў 99% гэта грамадская думка акажацца не здольнай заўважыць рэальных праблем гэтай дзяржавы. Гэта з разраду «глядзець у кнігу і бачыць дулю», а збіты фокус увагі заўсёды прыводзіць да таго, што мы бачым не тое, што трэба.

«Простыя людзі» аказаліся настолькі простымі, што ў 21 стагоддзі пры карыстанні аэрапортам не карыстаюцца інтэрнэтам. Аказаліся настолькі простыя, што не ўбачылі ў цемры стэнд з тарыфамі. На падставе гэтай прастаты натоўп лічыць, што наша дзяржава вінавата ў тым, што яны там пакінулі машыну на 2 тыдні ці больш і па правілах павінны заплаціць. Хай не плацяць.

Феномен «простых людзей», якія «не сябруюць з інтэрнэтам» і не бачаць відавочнага нават не ў цемры, а часам і пры яркім святле — нашмат шырэйшы ў Беларусі, чым дадзены канкрэтна выпадак.

Спытайце ў гэтых «простых людзей», якія не бачаць тарыфы, за каго яны галасавалі ў 1994 годзе і даведаецеся, што за Лукашэнку. Калі сёння яны ў ім расчараваліся, то апраўданнем будзе тое, што яны тады «не разабраліся», гэта значыць, па сутнасці, не ўбачылі стэнд.

Калі сёння яны не расчараваліся і працягваюць яго падтрымліваць, іх сын растлумачыць, што «простыя людзі не ў ладах з інтэрнэтам». Калі не канкрэтна гэтыя, дык іншыя «простыя людзі». Ні тое, ні тое не з'яўляецца апраўданнем таго, што з-за іх «прастаты» моладзь стараецца масава валіць з краіны, бо не бачыць тут будучыні.

Я разумею так, што дарослы чалавек не мае права быць ідыётам. Таму што нават тут, дзе ніхто нічога не вырашае, любы дарослы чалавек усё адно ўплывае на тое, якое аблічча мае гэтая краіна, якой мы яе перадамо будучым пакаленням і, у рэшце рэшт, на тое, як мы самі жывём. Уплывае штодзённымі ўчынкамі, сваімі пакупкамі, падаткамі, (не)удзелам у палітычным і грамадскім жыцці і г.д.

Калі ж дарослы чалавек усё ж ідыёт, то пэўныя наступствы яго учынкаў павінны даваць яму ўрокі і чамусьці вучыць. Калі ж мы будзем падмяняць паняццем «просты чалавек» паняцце «ідыёт», то ў такім выпадку трэба памятаць, што «просты чалавек» — гэта такі чалавек, як усе. І калі ідыятызм у нас у краіне норма, то няма сэнсу лаяць гэтую краіну, трэба проста жыць у ідыятызме.

У свой час мне вельмі добры ўрок дала Украіна. У 2004 годзе ў Кіеве на вакзале мяне кінуў на грошы валютчык. Усе мае ўкраінскія сябры, да майго жалю, расчаравання і здзіўлення, былі ў ацэнцы аднадушныя. Ні ад каго я не дачакаўся спагады, агульнае меркаванне склалася так, што валютчык, які мяне кінуў, проста круціцца, як можа, а вось той, каго кінулі, — ён лох, а лохам быць — гэта шкодна і небяспечна для здароўя.

Мне такая логіка і тады здавалася недасканалай, і цяпер так здаецца, аднак жа такое светаўспрыманне знаходзіць адлюстраванне ў масавых паводніцкіх стэрэатыпах. Вось калі ўлада кідае ўкраінцаў, ім не хочацца быць «лохамі», яны выходзяць і змятаюць гэтую ўладу, таму што яна, улада, вядома, «круціцца, як можа», але і яны трываць зусім не згодныя.

А мы дзесяцігоддзямі зводзім ўсё да таго, што «просты чалавек не ў ладах з інтэрнэтам». Хоць інтэрнэт ужо так даўно і так шчыльна ў нашым жыцці, што за гэты час, калі задацца мэтай, можна і малпу навучыць ім карыстацца. І я сумна падазраю, што нічога ў нас мяняцца не будзе, пакуль мы самі не акажамся ў стане ўсвядоміць, што любая ўлада, як кіеўскі валютчык, «круціцца, як можа», а ўжо наколькі мы ёй дазваляем намі круціць — гэта толькі адлюстраванне таго, наколькі мы «простыя людзі» і наколькі наш ідыятызм — гэта норма, якая заслугоўвае спагады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0