15 студзеня ў цэнтры Масквы беларус узяў у закладнікі работніка мутнай фінансавай кампаніі.

Беларуса завуць Віктар Крысін, яму 36 гадоў, паведамляе расійскае выданне «База». Крысін прыйшоў з нажом у офіс «Міжнароднага фінансавага цэнтра», дзе прыставіў нож да аднаго з супрацоўнікаў.

Праўда, паліцыя даволі хутка нейтралізавала нападніка. Крысіна затрымалі.

Але ж што прывяло яго ў бізнэс-цэнтр, які месціцца ў дзелавым цэнтры расійскай сталіцы? Хутчэй за ўсё грашовыя праблемы. Бо той самы «Міжнародны фінансавы цэнтр» — мутная кампанія, якая абяцае простаму і недасведчанаму абывацелю хуткі прыбытак ад інвестыцый у акцыі.

Крысін згубіў буйную суму на біржы, піша life.ru. У адчаі ён і прыйшоў з нажом у бізнэс-цэнтр.

Пра дзейнасць гэтага «Міжнароднага фінансавага цэнтру» выходзіла цэлае расследаванне на дзяржаўным тэлеканале «Расія». Спачатку кліента завабліваюць прыгожымі фармулёўкамі (інвестыцыйны партфель, фінансавая экспертыза, акцыі Эппл) і абяцанкамі заробкаў… а пасля высвятляюцца, што грошы былі пералічаныя нейкай канадскай кампаніі, а сам «Цэнтр» нібыта займаецца выключна кансультацыямі.

Вярнуць свае грошы амаль што нерэальна.

Прычым «фінансісты» не цураюцца самі шукаць ахвяраў, набываючы базы кантактаў і абзваньваючы людзей з прапановай сваіх паслуг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0