15.01.2020 / 18:17

Даступна і каротка тлумачым, што адбылося сёння ў Расіі і што да гэтага Беларусі 55

Падсумавалі тое, што адбылося ў Расіі 15 студзеня.

Ранкам кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін выступіў перад Федэральным сходам. У цэлым гэта дастаткова рытуальная штука, якая адбываецца штогод. Але на гэты раз прапановы ад Пуціна аказаліся этапныя.

Пра што ж сказаў прэзідэнт Расіі? Самае істотна — гэта трансфер улады. Для беларусаў гэта важна праз тое, што многім бачыўся такі сцэнар, калі Расія і Беларусь аб’ядноўваюцца ў адну краіну, і тады Пуцін зможа захаваць сваю ўладу далей, узначаліўшы «Саюзную дзяржаву». Нават калі гэты варыянт і абмяркоўваўся, то прапанаваны быў зусім іншы. Беларусы ў дадзеным пытанні могуць уздыхнуць з палёгкай. Падобна да таго, што аншлюс Беларусі не падаецца Пуціну лёгкай задачай. Ні Беларусь, ні Лукашэнку прэзідэнт іншай саюзнай дзяржавы не згадаў ні разу.

Увогуле, Пуцін прапанаваў істотна абмежаваць прэзідэнцкую ўладу, зменшыць тэрмін знаходжання прэзідэнта на пасадзе двума тэрмінамі (не запар, а ўвогуле), пашырыць ролю прэм’ер-міністра, а таксама парламента (ён будзе зацвярджаць прэм’ера і ягоны ўрад).

Але ключавое месца ў праекце трансферу ўлады будзе займаць Дзяржаўная рада Расіі. Што гэта такое? На сёння гэта малаўплывовы дарадчы орган пры прэзідэнце, які мае кансультацыйны характар. Мала хто ўвогуле ведае пра яго існаванне. Дзяржрада не мае канстытуцыйнага характару. Цяпер жа прапаноўваецца замацаваць статус гэтага органа.

На сёння Дзяржаўную раду ўзначальвае сам Уладзімір Пуцін. Многія выказваюць здагадку, што ён жа будзе ўзначальваць гэты інстытут і пасля 2024 года (канец прэзідэнцкага тэрміну) пры новым кіраўніку краіны. То-бок фармальна прэзідэнтам будзе іншы чалавек, але ўлада будзе працягваць знаходзіцца ў руках Пуціна. Нешта падобнае ў красавіку летась ужо адбылося ў Казахстане.

На гэтым змены ў Расіі не спыніліся. Пасля абеду ўрад Дзмітрыя Мядзведзева ў поўным складзе падаў у адстаўку. Гэта значыць, што ў Расіі будзе новы прэм’ер-міністр. Самога Мядзведзева прызначылі намеснікам сакратара Рады бяспекі. Гэта паніжэнне, але не такое ўжо і істотнае. 

Пакуль незразумела, хто стане новым расійскім прэм’ерам. Называюць мэра Масквы Сяргея Сабяніна і старшыню Падліковай палаты Аляксея Кудрына, але гэта проста кандыдаты, якіх вечна называюць. Прэм’ерам можа стаць зусім нечаканы чалавек. Як і незразумела, ці будзе гэты чалавек пераемнікам Пуціна ў перспектыве.

У сухой астачы што з гэтага для Беларусі? Выглядае, што ў святле апошніх падзей увага да нашай краіны з боку Крамля будзе зніжаная. Не варта спадзявацца, што новы ўрад стане менш цынічным адносна Беларусі, чым мядзведзеўскі. Наадварот, варта чакаць яшчэ большага прагматызму з расійскага боку, таму малаверагодна, што стане прасцей. Зрэшты, многія даўно і хацелі менавіта такога характару адносін з Масквой: ніякага братэрства, толькі бізнэс.

Зміцер Панкавец

23
хамса / Адказаць
15.01.2020 / 18:28
 дзякуй, Зміцер) сапраўды даступна і каротка.. вы маладзец)
14
Андрэй-верабей / Адказаць
15.01.2020 / 18:28
Калі так,то дзякуй Богу. Зараз трэба зьбіраць моц на нашага-першага хлопца на дярэўні .
120
Пожалуй / Адказаць
15.01.2020 / 18:37
<<Зрэшты, многія даўно і хацелі менавіта такога характару адносін з Масквой: ніякага братэрства, толькі бізнес>> Это же кого "под многими" имеет ЗП в виду? А-а, наверное, Лукашенко с семьей ))
Паказаць усе каментары/ 55 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру