Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні інструментаў фінансавай і тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза, заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас сёння на сустрэчы з прэм'ерам Латвіі Крыш'янісам Карыньшам у Мінску, перадае БелТА.
«Мы зацікаўлены ў пашырэнні інструментаў фінансавай і тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза і хацелі б шырэй выкарыстоўваць патэнцыял «Усходняга партнёрства» для развіцця беларускай эканомікі. І дапамогу Латвіі ў прасоўванні па гэтым шляху мы вельмі цэнім», — адзначыў Сяргей Румас.
Ён падзякаваў Латвіі за канструктыўную пазіцыю ў выбудоўванні поўнамаштабнага дыялогу Беларусі з Еўрапейскім саюзам, у тым ліку падтрымку намаганняў Беларусі па ліквідацыі любых перашкод на шляху інвестыцыйнага і крэдытнага супрацоўніцтва з краінамі ЕС.
«Спадзяюся, што нашы сустрэчы дапамогуць сфармаваць сур'ёзную аснову для падрыхтоўкі і правядзення візіту кіраўніка дзяржавы і сустрэчы з вашым прэзідэнтам ужо ў найбліжэйшы час», — дадаў кіраўнік беларускага ўрада.
Крыш'яніс Карыньш у сваю чаргу адзначыў, што для Латвіі Беларусь — вельмі важны сусед.
«І мы вельмі рады бачыць незалежную, стабільную і заможную Беларусь. У ходзе гэтага візіту так жа, як, напэўна, і вы, спадзяюся дапамагчы ўмацаваць адносіны паміж нашымі дзвюма краінамі», — сказаў латвійскі прэм'ер.
Ён падкрэсліў зацікаўленасць Латвіі не толькі ва ўмацаванні двухбаковых стасункаў з Беларуссю, але і адносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, асабліва ва «Усходнім партнёрстве». «У ім мы ўдзельнічаем вельмі актыўна і з цікавасцю назіраем, як Беларусь і ЕС могуць умацоўваць свае адносіны.
І, вядома ж, у гэтым ключы мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб прасоўваць пазітыўныя адносіны паміж Беларуссю і НАТА», - дадаў Крыш'яніс Карыньш.