Дзеці вучыліся ў Швейцарыі, піша музыку для Лепса. Хто такі новы прэм'ер Расіі Міхаіл Мішусцін?
Імя новага прэм’ера Расіі дастаткова невядомае ў Беларусі (ды і ў самой Расіі). Хто ж такі Мішусцін? Пра гэта — у артыкуле «НН».

З камп’ютаршчыкаў — у падаткавікі
Міхаілу Мішусціну 53 гады. Ён нарадзіўся ў Маскве ў сям’і вайскоўца. Па адукацыі — інжынер-сістэматэхнік. У першыя гады пасля развалу СССР займаўся камп’ютарнымі тэхналогіямі, працаваў у «Міжнародным камп’ютарным клубе».
У 1998 ён вырашае радыкальна змяніць жыццё і пераходзіць на працу Дзяржаўную падатковую службу. Доўгі час і пры розных міністрах Мішусцін быў намеснікам міністра па падатках і зборах. У ведамстве ён адказваў за інфарматызацыю.
Папрацаваў кіраўніком Раснерухомасці, Федэральнага агенцтва па кіраванні асаблівымі эканамічнымі зонамі. Мішусціна звязвалі ў гэты час з імем тагачаснага міністра эканамічнага развіцця Германа Грэфа.
У 2008 годзе Мішусцін сыходзіць у прыватны сектар. Ён узначальвае кампанію UFG Capital Partners, якая належыць былому міністру фінансаў Расіі Барысу Фёдараву, менавіта яго памочнікам калісьці і ішоў працаваць ва ўрад Мішусцін. Пасля таго, як Фёдараў памёр у Лондане ад інсульту, Мішусцін зноў вяртаецца на дзяржаўную службу.
Мутныя сувязі

У красавіку 2010 года Мішусцін становіцца кіраўніком Федэральнай падатковай службы. У Расіі гэтае ведамства мае рэпутацыю як аднаго з найбольш карумпаваных.
Напрыклад, летась блогеры знайшлі ў 28-гадовай памочніцы Мішусціна двухузроўневую кватэру на Патрыяршых прудах плошчай 190 квадратных метраў. І хоць у Алесі Васкрасенскай быў не самы малы заробак, але каб зарабіць на такое жыллё ёй патрэбна было б працаваць пяцьдзясят гадоў.
На справе ж Васкрасенская — дачка сенатара Алега Ткача, разам з Мішусціным Ткач аднаўляў храм на Рублёўцы. Іх звязваюць цёплыя сяброўскія адносіны.
Адным з найбліжэйшых сяброў Мішусціна называюць бізнэсмена Аляксандра Удодава, які мае некалькі вельмі мутных кантор, што, хутчэй за ўсё, спецыялізуюцца на вывадзе грошай у фінансавыя афшоры. Расійскія блогеры адзначаюць, што Удодаў можа спаць спакойна, калі ён мае такога ўплывовага патрона, як Мішусцін.
Маёмасць на Рублёўцы

Што тычыцца самога Мішусціна, то на яго імя фактычна няма зарэгістраванай нерухомасці. Затое ў ягонай сям’і вельмі шырокія ўладанні. Агулам жа на сям’ю Мішусціна ў Рублёўцы аформлена 2,6 гектара зямлі. Яны перапісаная на маму, на сястру, на жонку.
Выданне «Праект» паведамляе, што Мішусцін схаваў той факт, што валодае вялізным домам на Рублёўска-Успенскай шашы, які ацэньваецца амаль на 10 мільёнаў даляраў. Гэты катэдж ён пабудаваў яшчэ ў час знаходжання на пасадзе намесніка міністра па падатках і зборах.
Цікава, што цяпер у Расрэестры ўладальнікам гэтага катэджа значыцца «Расійская Федэрацыя». Цікава, што сам Мішусцін мог і спрычыніцца да таго, што маёмасць гэтая была «схаваная», бо ён ад 2004 да 2006 года ўзначальваў Федэральнае агенцтва кадастра аб’ектаў нерухомасці.
Дзеці вучыліся ў Швейцарыі

У Міхаіл Мішусціна трое сыноў. Двое з іх ужо паўналетнія. Уладальнікам іхняй маёмасці на Расрэестры таксама пазначаная «Расійская Федэрацыя».
Старэйшыя сыны Мішусціна, Аляксандр і Аляксей, у свой час вучыліся ў Швейцарыі. Пасля таго, як Аляксандр вярнуўся ў Расію, яму давялося моцна даганяць у курсе «рускай мовы». Вучыліся яны ў Швейцарыі ў школе-інтэрнаце Institut Le Rosey.
Гадавое навучанне ў такой школе каштуе каля 120 тысяч даляраў. У свой час гэтую ж навучальную ўстанову наведвалі шах Ірана, каралі Іспаніі і Егіпта. Хутчэй за ўсё, у Швейцарыі яны вучыліся ў перыяд 2012—2013 гадоў. Цяпер яны атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў Расіі. Пляменніца Мішусціна Сафія Сценіна-Мішусціна лічыць Швейцарыю сваёй радзімай, у гэтай краіне яна атрымала рэзідэнцтва.
Хакей і музыка для Лепса

Цяпер Мішусцін уваходзіць у праўленне Федэрацыі хакея Расіі, з’яўляецца аматарам ЦСКА. Аматарская каманда Мішусціна называецца Sportima. Што тычыцца хобі Мішусціна, то, няглядзячы на сваю камплекцыю, ён вялікі аматар гульні ў хакей. Кажуць, што гэтае захапленне пачалося для таго, каб быць бліжэйшым да яшчэ аднаго ўплывовага ў Расіі чалавека — Сяргея Нарышкіна [у мінулым кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта і спікер Дзяржаўнай Думы, цяпер кіраўнік Службы знешняй разведкі].
Зрэшты, гэта не адзінае захапленне Мішусціна. Аказваецца, новы прэм’ер Расіі — аўтар музыкі некаторых песняў Грыгорыя Лепса. Напрыклад, песні «Попел» і «Сапраўдная жанчына» выконваюцца менавіта на музыку Мішусціна. Кажуць, што ён асабіста добра ведае шмат каго ў шоу-бізе. Не прамінае магчымасці наведаць канцэрты. Сам няблага складае розныя прыпеўкі і сатырычныя вершыкі.
Каментары