Дэсантнікі стаяць на каленях каля манумента на Востраве Слёз у Мінску. Усяго афганскую вайну прайшло 28 тысяч беларусаў, з іх 723 загінулі, 12 зніклі без звестак. Фота Надзеі Бужан.

Першы афганскі маджахед, з якім мне давялося пагаварыць, зусім не адпавядаў стэрэатыпнаму ўяўленню пра барадатых баевікоў. Апантаны мовазнаўца з паўночнаафганскага Мазары-Шарыфа, Мухамад-Салех Расэх прыйшоў у антысавецкі партызанскі атрад разам са сваімі сябрамі. Па перакананнях яны былі сацыялістамі. Мухамад-Салех распавядаў, як небяспечна лёгка націскаецца курок ППШ ды здзіўляўся, што ведае творы Шолахава лепш за мяне.

Пасля я не раз пераконваўся, што ў афганскім супраціве бралі ўдзел людзі самых розных палітычных колераў. Бо канфлікт вынікаў не з «сутыкнення цывілізацый», а са здатнасці савецкай сістэмы настроіць супраць сябе ўсіх. Да гэтага прыводзіла, не ў апошнюю чаргу, яе крывадушнасць, яе двайное дно: савецкі бок на справе рабіў зусім не тое, за што выступаў на словах. І гэтую акалічнасць выкарыстоўвалі маджахеды. Напрыклад, адзін з камандзіраў Ісламскай партыі Гульбедзіна Хекматыяра ў мемуарах распавядае, што загадваў байцам чытаць раман Аляксандра Фадзеева «Маладая гвардыя» ў перакладзе на мову дары — як узор патрыятызму.

Афганістан — непераможны?

Афганістан па тэрыторыі — прыблізна як тры сённяшнія Беларусі. Але міжнароднае значэнне гэтай краіны заўжды было абмежаваным. Ягоныя суседзі проста хацелі, каб адтуль на іх не нападалі. І не дзіва: у даўнейшыя часы для пуштунскіх плямёнаў і іх кабульскага каралеўства рэгулярнае рабаванне індыйскіх земляў было нормай. Норавы мяняліся, але і ў ХХ стагоддзі суседзі — Іран, СССР, Пакістан, Індыя — былі гатовыя матэрыяльна дапамагаць Кабулу, абы той не ствараў клопату.

Высачэзныя горы і слабаразвітая транспартная сетка не толькі ізалявалі Афганістан ад свету, але нават і ўласныя правінцыі былі міжсобку слаба звязаныя. Адсталая сельская гаспадарка, амаль ніякай прамысловасці, пры гэтым малапісьменнае насельніцтва, падзеленае на шмат этнічных груп. Карысных выкапняў няшмат. Іх перапрацоўка і цяпер праблематычная, бо няма інфраструктуры і кадраў, а экспарт — складаны. Афганістан не толькі не мае выхаду да мора, але і не далучаны да чыгуначнай сеткі іншых краін (у самім краі чыгунка існуе толькі сімвалічна).

Афганістан меў значэнне для СССР найперш як сусед сярэднеазіяцкіх рэспублік.

Фактычна Афганістан і савецкая Сярэдняя Азія былі ў гістарычным мінулым своеасаблівымі «злучанымі судзінамі». Савецкія вайскоўцы памяталі пра басмачоў 1920-х, якія трымаліся, пакуль мелі базы за мяжой — у тым ліку ў Афганістане. 

Крэмль хацеў ад Кабула толькі спакою і ў другой палове ХХ стагоддзя выступаў за стабільнасць бадай кожнага тамтэйшага рэжыму. Савецкі бок ажыццяўляў у краіне шэраг істотных інвестыцыйных праектаў, але гэта дыктавалася хутчэй імкненнем забяспечыць прыязны нейтралітэт Кабула.

Савецкія салдаты ў афганскіх гарах. Фота Pinterest.com.

Савецкія салдаты ў афганскіх гарах. Фота Pinterest.com.

Саветы супраць камуністаў

Дэстабілізацыя Афганістана пачалася са зрынання манархіі сваяком караля і былым прэм’ерам Мухамадам Даудам у 1973 годзе. Фармальна абвясціўшы рэспубліку, новы кіраўнік ліквідаваў самы мяккі ў рэгіёне палітычны рэжым. Замест таго паўстаў рэжым асабістай улады з радыкальнай нацыяналістычнай пуштунскай платформай (у краіне, дзе пуштунаў толькі палова). 

Сам Дауд быў скінуты ў выніку т. зв. Красавіцкай рэвалюцыі, арганізаванай камуністычнай Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) у красавіку 1978-га. У выніку рэвалюцыі да ўлады прыйшла не столькі НДПА цалкам, колькі яе фракцыя «Хальк» («Народ»), якая вызначалася пуштунскім нацыяналізмам і радыкальным лявацкім мысленнем. Прамаскоўскія ж камуністы гуртаваліся ў фракцыі «Парчам» («Сцяг») — у ёй было больш таджыкаў, а палітычна яна была не такая радыкальная. 

Хоць рэвалюцыя не была арганізаваная з Масквы, у Крамлі ёй радаваліся і звязвалі з ёй вялікія надзеі.

З пераходам Афганістана ў савецкую арбіту да Індыйскага акіяна будзе рукой падаць. Краіна будзе як клін, убіты між Іранам і Пакістанам.

Аднак пераўтварэнні, ініцыяваныя гарачымі галовамі ў Кабуле, маскоўскіх куратараў НДПА насцярожылі. «Народнікі» абвясцілі радыкальную аграрную рэформу, пайшлі ў крыжовы паход на духавенства і заляпілі ўсё камуністычнай сімволікай. І ўсё гэта ў рытме маршу. Ад гэтага патыхае авантурызмам, палічылі на Старой плошчы.

Вуліца Кабула на наступны дзень пасля Красавіцкай рэвалюцыі 1978 года. Фота Pinterest.com.

Вуліца Кабула на наступны дзень пасля Красавіцкай рэвалюцыі 1978 года. Фота Pinterest.com.

Перад сумным выбарам

Як было і ў СССР, і ў Кітаі эпохі вялікага пералому, «народнікі» разгарнулі масавыя палітычныя рэпрэсіі, на якія праціўнікі рэжыму адказвалі тэрорам. Замест стабілізацыі «сацыялістычнай арыентацыі» пачаўся хаос. Па стане на чэрвень 1979-га ўрад НДПА кантраляваў усяго пяць з 29 правінцый краіны, а тэрарыстычная актыўнасць — з боку не толькі (ці не столькі) ісламістаў, колькі левых, найперш мааісцкіх груповак — дасягнула такога размаху, што ў лютым 1979-га пасярод Кабула быў выкрадзены і застрэлены пасол ЗША. А Кітая ў тыя часы СССР баяўся часам больш за амерыканцаў.

Як вынікае з дакументаў Палітбюро, пры канцы 1979-га Крэмль стаяў перад сумным выбарам. Умяшацца азначала пачаць вайну. Пакінуць справы на самацёк — значыць, ужо заўтра на паўднёвай мяжы СССР узнікне сітуацыя крывавага хаосу («Амін [афганскі дыктатар], бадай, давёў бы краіну да другой Кампучыі» — адзначае ў сваім дзённіку ў 1979 годзе супрацоўнік Міжнароднага аддзела ЦК КПСС Анатоль Чарняеў, маючы на ўвазе тэрор Пол Пота і «чырвоных кхмераў»). У Маскве баяліся, што ўсе іх шматгадовыя высілкі па атрыманні кантролю над краінай пойдуць сабаку пад хвост, калі паслязаўтра левыя радыкалы ў Кабуле дайграюцца і іх скінуць або ісламісты, або праамерыканскія нацыяналісты. 

Рашэнне пра ўвод войскаў у Афганістан прымалася ў вузкім коле маскоўскага Палітбюро. Прысутнічалі Брэжнеў, Андропаў, Грамыка, Усцінаў. Суслаў, яшчэ адзін старац, адсутнічаў, ляжаў у бальніцы. Можа быць, хвароба гэтага звышасцярожнага чалавека і стала тым фатальным «матыльком», які прывёў да калапсу Савецкага Саюза. Вядома, што Грамыка, наадварот, быў дзвюма рукамі за інтэрвенцыю.

Герантакраты верылі, што аперацыя будзе праведзена малай крывёю, як увод войскаў у Чэхаславакію за 11 гадоў да таго.

Афганскі селянін на фоне савецкай тэхнікі. Фота Pinterest.com.

Афганскі селянін на фоне савецкай тэхнікі. Фота Pinterest.com.

Палітычнае прыкрыццё здавалася ідэальным. Пасля Красавіцкай рэвалюцыі афганскае кіраўніцтва 21 раз само звярталася да Крамля з просьбамі пра вайсковую падтрымку. Хто западозрыць, што насамрэч савецкі спецназ знішчыў кіраўніка Афганістана і змяніў рэжым, калі той рэжым сам нядаўна па наіўнасці прасіў дапамогі?

Поспех аперацыі абяцаў Маскве замену проста рэвалюцыйнага, сацыялістычнага рэжыму на такі самы рэжым, але цалкам ёй падкантрольны. У якасці новага кіраўніка краіны КГБ даставіў з Прагі пасла Афганістана ў Чэхаславакіі, аднаго з ацалелых кіраўнікоў фракцыі «Парчам» Бабрака Кармаля — чалавека слабага, непапулярнага, але даўняга агента савецкіх спецслужбаў.

Кожны ваюе для сябе

Савецкая армія за пару дзён раздушыла супраціў ахоўнікаў Аміна і пары верных яму падраздзяленняў арміі. Але здарылася тое, чаго ў Маскве не прагназавалі.

Супраціў замежнаму агрэсару аб’яднаў тых, хто дагэтуль варагаваў між сабой, — марксістаў, раялістаў, пуштунскіх нацыяналістаў і ісламістаў.

Апошнія да 1979 года былі далёка не самай моцнай сілай. І нават НДПА, якая паспела сваім авантурызмам і рэпрэсіямі за паслярэвалюцыйны год сябе дыскрэдытаваць, усё яшчэ карысталася ў правінцыях большай падтрымкай, чым фундаменталісты, піша выдатны амерыканскі антраполаг, знаўца Афганістана Дэйвід Эдвардс, якога цяжка западозрыць у сімпатыях да камуністаў. 

Супраць саветаў партызанілі плямёны ды сяляне, якія хацелі, каб ім далі жыць як раней, без гэтых новаўвядзенняў, манархісты, якія адчувалі сябе вернымі каралю, што жыў у Італіі, нацыяналісты, якім гонар не дазваляў бачыць замежных салдат на вуліцах Кабула. Іран падтрымліваў шыіцкае падполле, а Кітай — узброеныя структуры мааістаў. Ну а пакістанскія спецслужбы гатовыя былі дапамагаць усім, з кім мелі кантакт. 

Чаму з часам у гэтай складанай сітуацыі пачалі весці рэй ісламісты? Таму што ва ўмовах партызанскай барацьбы найлепш выжываюць фанатыкі. Дый насельніцтва пачынае схіляцца да самага рашучага праціўніка «акупантаў». Замежныя дзяржавы, якія вялі барацьбу на аслабленне СССР, былі гатовыя рабіць стаўку на любога, хто найлепш выжывае. Амерыканцам і пакістанцам было няважна, каго падтрымліваць. Іх цікавіла адно — нанесці як найбольш шкоды сваім праціўнікам па Халоднай вайне і па магчымасці перакінуць іскры змагання на савецкі бок, дзе таксама жылі мусульманскія народы. Афганскія ісламісты ідэальна надаваліся на гэтую ролю, ім і пацяклі заходняя зброя ды грошы арабскіх манархій. Так у Афганістане сумеснымі намаганнямі была ўзгадаваная ўзброеная сіла, шмат у чым аўтаномная ад тамтэйшага грамадства ў матэрыяльным і ідэйным плане.

Дэлегацыя афганскіх маджахедаў на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Рональдам Рэйганам, 1983 год. Фота Pinterest.com.

Дэлегацыя афганскіх маджахедаў на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Рональдам Рэйганам, 1983 год. Фота Pinterest.com.

Чаму саветы прайгралі?

Няпраўда, што Савецкі Саюз апынуўся ў Афганістане, зусім не разумеючы, што гэта за краіна і як вырашаць яе праблемы.

Савецкія афганісты яшчэ з 1930-х гадоў сур’ёзна займаліся даследаваннямі Афганістана, у тым ліку паўднёвай яго часткі. Адным з паказнікаў фундаментальнага падыходу з’яўляюцца слоўнікі, якія складаюцца многія гады. Найлепшы перакладны слоўнік пушту — афганска-рускі, складзены Марціросам Асланавым у 1960-х. Аналагаў гэтаму выданню па маштабе ды якасці няма, а гадоў з дзесяць таму яго нават перарабілі пад англійскую мову.

Не была чымсьці новым для савецкіх вайскоўцаў і партызаншчына. Савецкія сілавыя структуры мелі багаты досвед вядзення вайны з паўстанцамі на ўскраінах імперыі: сярэднеазіяцкае басмацтва, польская Армія Краёва, Украінская паўстанцкая армія ды іншыя.

Савецкаму генштабу было добра вядома, што ў вайне з партызанамі можна дамагчыся поспеху толькі тады, калі вырашыш дзве задачы. Па-першае, трэба пазбавіць партызан мабільнасці, не дазваляць ім вольна перасоўвацца. Для таго трэба наладзіць эфектыўную дзяржаўную сістэму, каб адсочваць усе варушэнні. Але рэкрутаваць у яе столькі камуністаў ці некамуністаў, цалкам лаяльных Маскве, саветы так і не здолелі.

Другая фундаментальная задача ў барацьбе з партызанамі — перарэзаць каналы матэрыяльнага забеспячэння. Для гэтага трэба было перакрыць межы з Іранам і Пакістанам, але і гэтага савецкія войскі не змаглі. І не варта ківаць на рэльеф. Суседнія Іран і Турцыя, напрыклад, здолелі закрыць свае межы ў гарах, калі змагаліся з курдскімі партызанамі.

Мяжу не закрылі, бо ў Афганістане многія і дагэтуль не прызнаюць мяжы з Пакістанам, той самай «лініі Дзюранда», якая аддзяліла сімвалічны цэнтр пуштунаў, пуштунскую Мекку, пуштунскую Вільню — горад Пешавар. А там жыве больш пуштунаў, чым у самім Афганістане.

Адзін з найбольш таленавітых і папулярных правадыроў афганскіх маджахедаў Ахмад-Шах Масуд са сваімі салдатамі. У 1990-я ён стане адным з лідараў Паўночнага альянса, які будзе аказваць супраціў радыкальным ісламістам-талібам. Загінуў у тэракце за некалькі дзён да атак на вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку, якія сталі для заходняга свету штуршком для ваеннага заангажавання ў афганскія справы. Фота Pinterest.com.

Адзін з найбольш таленавітых і папулярных правадыроў афганскіх маджахедаў Ахмад-Шах Масуд са сваімі салдатамі. У 1990-я ён стане адным з лідараў Паўночнага альянса, які будзе аказваць супраціў радыкальным ісламістам-талібам. Загінуў у тэракце за некалькі дзён да атак на вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку, якія сталі для заходняга свету штуршком для ваеннага заангажавання ў афганскія справы. Фота Pinterest.com.

З В’етнамам не параўнаць

Каб перакрыць мяжу, што цягнецца на многія тысячы кіламетраў, трэба мець вялізны экспедыцыйны корпус. Між тым савецкі вайсковы кантынгент у Афганістане сапраўды быў «абмежаваным», у гэтым афіцыйны савецкі тэрмін не падманваў. Калі параўнаць памеры вайсковага ўмяшання СССР у Афганістане і ЗША ў В’етнаме, то афганская вайна саступае па ўсіх паказчыках. Савецкая прысутнасць у Афганістане складала нават на самым піку максімум 120 тысяч вайскоўцаў, у той час амерыканская ў В’етнаме ў 1968 годзе — 536 тысяч, не лічачы значныя кантынгенты азіяцкіх і аўстралійскіх хаўруснікаў.

Але ў выніку і страты Савецкага Саюза ў Афганістане былі выразна меншыя за страты ЗША ў параўнальнай па маштабах і працягласці в’етнамскай вайне. Саветы страцілі забітымі трохі больш за 15 тысяч, ЗША — 58 286. Амаль 39 тысяч савецкіх жаўнераў былі параненыя, а ў В’етнаме пацярпела больш за 153 300 амерыканскіх салдат.

Саветы не адважыліся зрабіць сваю прысутнасць татальнай. У выніку савецкае войска аказалася няздольнае знішчыць партызанскі рух. Адкрытыя межы азначалі бясконцыя магчымасці для падсілкоўвання супраціву.

Афганцаў у той вайне загінула, несумненна, значна больш, чым савецкіх вайскоўцаў. Аднак праз адсутнасць вартай даверу статыстыкі ацаніць маштаб страт немагчыма. Перад вайной колькасць насельніцтва ў Афганістане стала прадметам зацятай спрэчкі: ААН настойвала, што афганцаў каля 10 млн, а афганскі ўрад упэўнена казаў пра 20 млн. Сышліся прыкладна пасярэдзіне, але варта ўсведамляць, што ў кожным разе лічба толькі прыблізная. Спрэчка тады была не акадэмічная, бо ішлося пра вызначэнне ВУП на душу насельніцтва і права Афганістана на атрыманне дапамогі.

Пачатак вываду савецкіх войскаў з Афганістана, 1989 год. Фота Pinterest.com.

Пачатак вываду савецкіх войскаў з Афганістана, 1989 год. Фота Pinterest.com.

Натхненне для ісламістаў

Вынікі вайны кожны бок трактаваў па-свойму.

СССР звяртаў увагу на «нармалізацыю», бо на момант вываду войскаў у лютым 1989-га афганская дзяржава, сапраўды, хоць і кепска, але функцыянавала. Ужо ў 1990-м колькасць узброеных аддзелаў апазіцыі скарацілася ці не напалову — яны перайшлі на бок урада. Цікавасць Захаду да афганскіх маджахедаў пачала падаць, а пазіцыі кабульскага ўрада выглядалі трывалымі. Абрынуўся ён толькі ўвесну 1992 года пасля таго, як Масква раптоўна спыніла жыццёва важныя для кабульскага ўрада пастаўкі.

А ісламісты лічаць вывад савецкіх войскаў з Афганістана сваёй перамогай. Больш за тое, нават развал СССР яны адносяць на свой рахунак. Гэты матыў з той пары не сціхае ў ісламісцкім дыскурсе і натхняе яго прыхільнікаў. 

Падзенне Наджыбулы ў 1992-м паклала пачатак доўгай грамадзянскай вайне, у якой сышліся сілы груповак, што яшчэ нядаўна разам ваявалі супраць «шураві» (так мясцовыя завуць рускіх). Сітуацыя ў краіне стала настолькі нясцерпнай, што Талібан падаўся многім паратункам. Так пачаўся новы віток гісторыі Афганістана, што прывядзе да іншага ўварвання — гэтым разам амерыканскага, у кааліцыі з 60 іншымі нацыямі, у рамках аперацыі «Нязломная свабода» ў 2001 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?