Беларускі сэрвіс атрымае назву InfoPrice і збярэ разам актуальныя цэны на дзясяткі тысяч найменняў тавараў. Распрацоўшчыкі не абмяжуюцца прадуктамі харчавання, а збіраюцца алічбаваць увесь асартымент рытэйлераў. Тым самым можна будзе супаставіць цэны на любы тавар, але ў розных сетках. А калі з дапамогай меню сабраць кошык прадуктаў, то сістэма параўнае агульныя чэкі і падкажа, якія тавары і ў якіх месцах каштуюць танней за ўсё.
Карыстацца сэрвісам можна будзе бясплатна. Першы час ён будзе паказваць цэны ў крамах Мінска, але пазней запрацуе і ў рэгіёнах. Сістэму можна наладзіць «пад сябе»: скажам, калі каля дома працуюць толькі дзве гандлёвыя сеткі, то можна наладзіць пошук найлепшых цэнаў толькі сярод іх. Пад кожным таварам будуць пазначаны месцы і даты фіксацыі яго цаны.
Цэны на тавары будзе штодня збіраць каманда «таемных пакупнікоў». І тут асноўнае ноу-хау — у спосабе збору інфармацыі: для праекта створана прылада і напісана праграма, якія дазволяць аўтаматычна счытваць штрыхкоды і загружаць звесткі ў базу дадзеных. Уручную застанецца толькі ўвесці бягучую цану. Першымі плануюць адманіторыць буйныя аб'екты — супермаркеты і гіпермаркеты, — таму што цэны ў іх, як правіла, ніжэйшыя.
Сэрвіс плануюць запусціць ужо ў лютым. Першы час параўноўваць цэны на тавары можна будзе толькі на партале. А ўжо праз месяц з'явіцца і мабільны дадатак.
Распрацоўшчыкі запэўніваюць, што з самага пачатку зоймуць незалежную пазіцыю і будуць вывучаць асартымент кожнай сеткі аднолькава скрупулёзна. Але рытэйлеры змогуць свабодна дзяліцца дадзенымі, каб не чакаць, пакуль актуальныя звесткі з'явяцца ў сістэме.
«Беларускі сэрвіс будзе шмат у чым унікальным, хоць падобныя дадаткі працуюць у ЗША, Канадзе і некаторых краінах Еўропы. У СНД таксама былі спробы запусціць такія праекты, але іх аўтары разлічвалі на атрыманне інфармацыі ад пакупнікоў, што і аказалася ахілесавай пятой. Мы ж валодаем уласным штатам, які будзе пастаянна адсочваць цэны на ўсе тавары ў розных рытэйлераў», — тлумачыць ініцыятар праекта InfoPrice Раман Андрухоў.
Паводле яго слоў, толькі над распрацоўкай прылады каманда працавала больш за тры месяцы. Яна дазволіць збіраць інфармацыю ў крамах у разы хутчэй, чым гэта робяць глабальныя кампаніі-вымяральнікі.
Сэрвіс дапаможа як пакупнікам, так і рытэйлерам. Яны, у прыватнасці, змогуць аператыўна атрымліваць інфармацыю па іншых сетках, каб своечасова рэагаваць і ўсталёўваць канкурэнтныя цэны. Тое ж самае тычыцца вытворцаў і пастаўшчыкоў тавараў.
Сярод опцый «на будучыню» — магчымасць сканаваць штрыхкоды, перш чым купіць. Плануецца, што дадатак маментальна пакажа ўсе цэны на абраны тавар у розных сетках. А гэта ў сваю чаргу дапаможа вызначыцца: купляць прадукт на месцы або ісці ў краму праз дарогу.