17.01.2020 / 14:02

ЕГУ надаў ступень Ганаровага доктара Вітаўту Кіпелю 1

Сенат Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) аднагалосна прыняў рашэнне аб наданні ступені Ганаровага доктара выбітнаму дзеячу беларускай эміграцыі Вітаўту Кіпелю «за самаадданасць справе беларускай асветы і культуры замежжа», паведамляе прэс-служба ўніверсітэта

Д-р Вітаўт Кіпель — выпускнік беларускай гімназіі імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, доктар мінералогіі Лёвенскага каталіцкага ўніверсітэта (Бельгія), доўгачасовы выканаўчы дырэктар Даследчага цэнтра навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі. У 1975 годзе д-р Кіпель быў узнагароджаны медалём Паняволеных народаў Эйзенхаўэра.

Ад 1982 года доктар Кіпель займае пасаду старшыні адной з найбольш уплывовых беларускіх навуковых устаноў замежжа — Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Вітаўт Кіпель быў намеснікам старшыні Саюза беларусаў Бельгіі, стваральнікам і дырэктарам беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі, выкладаў у беларускай школе ў Брукліне, а таксама на працягу 1960—1980-х стала супрацоўнічаў з беларускай рэдакцыяй «Радыё Свабода».

Таксама 1972—1982 гг. ён займаў пасаду старшыні Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў, а ў 1974 годзе быў абраны на старшыню Рэспубліканскай федэрацыі этнічных клубаў штата Нью-Джэрсі. У 1978—1982 гадах д-р Кіпель быў старшынём Этнічнай рады штата Нью-Джэрсі.

Сярод найбольш грунтоўных акадэмічных унёскаў д-ра Кіпеля з’яўляецца праца «Беларусы ў ЗША», выдадзеная па-беларуску ў 1993 годзе і па-англійску ў 1999 годзе. У 2018 г. кніга была дапрацавана і перавыдадзена ў Мінску. Дзякуючы гэтай кнізе, д-ра Кіпеля можна па-сапраўднаму лічыць бацькам навуковага беларускага эміграцыязнаўства. 600-странічная праца дагэтуль застаецца каштоўнай крыніцай ведаў аб гісторыі беларускай справы ў ЗША.

З моманту заснавання ЕГУ у 1992 годзе ступень Ганаровага доктара была нададзена такім выбітным дзеячам культуры, палітыкі і мастацтваў, як айцец Аляксандр Надсан, Алесь Разанаў, Кшыштаф Занусі, праф. Сяргей Аверынцаў, д-р Джонатан Фэнтан, д-р Ханс-Герт Пёттэрынг, праф. Альгірдас Бразаўскас.

NN.by

5
ИП Шамякин, УНП xx5764xxx / Адказаць
17.01.2020 / 22:22
Кто-нибудь ещё, кроме меня, прочитал, интересно, - Валерию Кипелову?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру