19.01.2020 / 20:03

Беларускі журналіст зрабіў прапанову дзяўчыне проста падчас прэзентацыі сваёй кнігі. На ёй прысутнічалі 200 чалавек 7

Гродзенскі журналіст, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Руслан Кулевіч прэзентаваў грамадскасці сваю новую кнігу «Гісторыі з гродзенскіх вуліц». Яна змяшчае ўспаміны гарадзенцаў сталага ўзросту пра перадваенны час і пачатак Другой сусветнай вайны (1939-1940 гады), у кнізе шмат фотаздымкаў з сямейных архіваў, паведамляе baj.by

На сустрэчу 16 студзеня ў Цэнтр гарадскога жыцця прыйшлі каля дзвюхсот гарадзенцаў. Гэта былі людзі розных пакаленняў, у тым ліку суаўтары журналіста — некаторым з іх цяпер па 80-90 гадоў.

— Выступаў я, выступалі героі кнігі. Шкадую толькі, што мы не дазваніліся да аднаго з герояў з Польшчы, ён вельмі хацеў выступіць анлайн. На маю думку, ёсць вялікі попыт на гісторыю Гродна, попыт на кнігу ёсць, — гаворыць Руслан Кулевіч.

Кулевіч абяцае, што ў кнігі будзе працяг. Ён плануе далей збіраць успаміны, будзе пераходзіць «на новы ўзровень» — 30-50-я гады ХХ стагоддзя. Журналіст распачаў працу над кнігай пра гродзенцаў, якія вымушаныя былі з’ехаць да вайны ці пасля — гэта ў асноўным габрэі. «Іх нашчадкі зараз прыязджаюць у Гродна і распавядаюць розныя гісторыі, паказваюць дамы, дзе жылі іх продкі», — кажа Руслан Кулевіч.

Паводле галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоты, які быў рэдактарам кнігі Кулевіча, для герояў галоўным было — увага, і вялікая праца Руслана не толькі ў тым, што ён збірае ўспаміны, але і выводзіць на публіку гэтых людзей.

«Ім у свае дзевяноста год вельмі прыемна, што хтосьці цікавіцца іх маладосцю, жыццём і хоча паразмаўляць. Прэзентацыя напэўна не апошняя. Першую кнігу мы прадстаўлялі і ва Універсітэце залатога веку, і ў Саюзе палякаў, былі яшчэ асобныя прэзентацыі. Выданне карысталася поспехам у чытачоў. Я мяркую, гэтая кніга таксама цягам зімы-вясны будзе прэзентавацца грамадскасці некалькі разоў. Я вельмі задаволены сённяшняй імпрэзай — вельмі цёплая, сяброўская атмасфера», — зазначыў Аляксей Шота.

Напрыканцы сустрэчы Руслан Кулевіч зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. Таццяна адказала «Так», а прысутныя віталі гэтую сцэну апладысментамі. 

Першая кніга Руслана Кулевіча «Горад адзін, успаміны розныя» выйшла ў 2019 годзе, яе прэзентацыя адбылася ў Гродне роўна год таму.

NN.by

13
Алесь Белы / Адказаць
19.01.2020 / 21:37
Вельмі кранальна! даволі ўважліва сачу за творчасцю Руслана і высока яе цаню. (Як дарэчы і Аляксея Шоты). І вельмі рады што гэты дзень аказаўся такім шчаслівым у ягоным жыцці. Хай новы сямейны статус забяспечыць яго моцным тылам і новымі стымуламі для творчасці! Кахайце адзін аднаго і выпраменьвайце шчасце на ўсё грамадства!
24
Козік / Адказаць
19.01.2020 / 22:10
Ну і навошта гэты цырк?  Гэта падобна на шантаж...
12
Максим Дизайнер / Адказаць
20.01.2020 / 00:09
Молодцы ребята!
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру