Кампанія Disney вырашыла перайменаваць сваю кінастудыю 20th Century Fox — з яе назвы знікне слова «fox» (англ. — лісіца), і яна будзе называцца 20th Century Studios, піша bbc.com.
Уласнікі адной з найстарэйшых галівудскіх кінакампаній спрабуюць пазбавіцца ад асацыяцый з Рупертам Мэрдакам і яго тэлеканалам Fox News, які ў ЗША лічыцца рупарам рэспубліканцаў. У Галівудзе традыцыйна дамінуюць ліберальныя каштоўнасці, і сімпатыі большасці супрацоўнікаў індустрыі — на баку дэмакратаў.
Кампанія Disney афіцыйна не тлумачыць прычыны свайго рашэння, але слова Fox таксама прыбяруць з назвы яшчэ адной яе кінастудыі — Fox Searchlight Pictures. Апошняя спецыялізуецца на вытворчасці арт-хаўсных фільмаў.
Часопіс Variety, які першым паведаміў аб перайменаванні, цытуе крыніцу ў кампаніі Disney: «Думаю, назва Fox прама звязана з Мэрдакам, а гэта таксічна».
Зрэшты, Variety сцвярджае, што знакамітая застаўка для фільмаў тэлекампаніі 20th Century Fox — з характэрнай музыкай, лагатыпам і пражэктарамі — застанецца без зменаў.
Кампанія Disney купіла 20th Century Fox у сакавіку мінулага года за 71 млрд даляраў.
Студыя была створана ў 1935 годзе, і на ёй былі знятыя некаторыя з самых касавых фільмаў у гісторыі, у тым ліку «Аватар», «Тытанік» і некалькі эпізодаў «Зорных войнаў».
У канцы 1980-х News Corporation, якая належыць Мэрдаку, набыла 20th Century Fox, а ў 1996 годзе быў створаны тэлеканал Fox News. З часам ён выйшаў на першае месца ў ЗША па колькасці гледачоў.