21.01.2020 / 12:06

Как учитель из Каменецкого района не дает тихо закрыть белорусскоязычную школу 10

Павал Кендысь сем гадоў працуе настаўнікам у невялікай вясковай школе і ніколі ня меў клопатаў з раённым начальствам. Пакуль тое не надумала аб’яднаць ягоную школу з суседняй. Пра гісторыю змагання настаўніка за родную школу піша Радыё Свабода. 

Навучальная ўстанова ў вёсцы Амелянец у Камянецкім раёне зьявілася яшчэ ў 19 стагодзьдзі, калі тут стварылі народнае вучылішча. У міжваенны час дзейнічала польская школа, затым беларуская.

У канцы 70-х гадоў яна пераехала ў два драўляныя будынкі, дзе месьціцца і цяпер. У большым — адміністрацыя і старэйшыя клясы. У меншым — пачатковыя і сталоўка.

Цяпер у Амелянецкай школе 52 вучні і 15 настаўнікаў. Неўзабаве пасьля 1 верасьня мінулага году раённае начальства пастанавіла яе закрыць, а дзяцей вазіць у школу ў пасёлак Пагранічная за 18 кілямэтраў. Прычына — неадпаведнасьць санітарным нормам. У школе няма гарачай вады, прыбіральня — на вуліцы.

Школа ў Амелянцы мае крыху больш за 50 вучняў. Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

Сярэдняя школа ў Амелянцы — адзіная беларускамоўная на ўвесь раён (ёсьць яшчэ базавая ў Каленкавічах). Закрыцьцё чарговай беларускай школы магло б прайсьці ціха і незаўважна. Але не прайшло. Збунтаваўся мясцовы фізрук Павал Кендысь. Збунтаваўся так, што пра закрыцьцё невялікай школы на самым ускрайку краіны даведаліся ў Адміністрацыі прэзыдэнта.

Павал Кендысь працуе ў Амелянецкай школе сем гадоў. Цяпер выкладае фізкультуру і геаграфію. Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

«Дырэктар склікаў сход настаўнікаў і расказаў пра пляны закрыць школу, — расказвае Павал. — Потым пачаў па адным настаўнікаў да сябе ў кабінэт запрашаць. Я прыходжу, а ў яго там таблічка. У таблічцы сьпіс настаўнікаў, зьвесткі пра іх і слупок з загалоўкам: «Пажаданае месца працы». Дырэктар пытаецца ў мяне: «Дзе, Павал, хочаце працаваць?» Я яму кажу — у Амелянецкай сярэдняй школе. Пасьля гэтага мы электронную пэтыцыю склалі, лісты ў Берасьце і Менск даслалі, і пачалося. У раённага начальства паніка. Дырэктар школы мой аднафамілец, таксама Кендысь. Калі Віктар Грыцук з аддзелу адукацыі пэтыцыю пабачыў з подпісам Кендысь, то адразу на тэлефон і ў школу званіць».

Павал на кухні ў сябе дома. Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

«Твой тэлефон ужо КДБ праслухоўвае»

Пасьля электроннай пэтыцыі і зваротаў у Адміністрацыю кіраўніка краіны ў выкладчыка фізкультуры і геаграфіі Паўла Кендыся пачаліся працяглыя размовы з начальствам. Спачатку з аднафамільцам-дырэктарам, а потым і з кіраўніком аддзелу адукацыі Камянецкага райвыканкаму Віктарам Грыцуком.

«Дырэктар неяк паехаў у Камянец на нараду, адтуль адразу да мяне, — расказвае Павал. — Гэта пасьля таго было, як сюды Tut.by і «Радыё Рацыя» прыяжджалі. Чую, сабака брэша. Выходжу з дому, а там дырэктарская «Ніва» і ён ля брамы. Дырэктар мне кажа, што сам Грыцук хоча са мной пагаварыць па тэлефоне. Але мне ён званіць ня будзе, бо мой тэлефон ужо КДБ праслухоўвае. Таму ён пазвоніць на тэлефон дырэктара, а той дасьць мне трубку. Ну, пагаварылі мы. Я яму таксама сказаў, што хачу, каб школа ў Амелянцы засталася. І што тут можна зрабіць рамонт, замест таго каб усё закрываць».

Да гісторыі з закрыцьцём школы настаўнік нават атрымліваў граматы з рук таго самага Віктара Грыцука. Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

Пэтыцыю аб захаваньні адзінай беларускамоўнай сярэдняй школы Камянецкага раёну падпісалі ўжо больш як 2300 чалавек.

З райвыканкаму прыйшоў адказ на зварот з просьбай захаваць навучальную ўстанову. У ім гаворыцца, што ў 2018 годзе на кожнага вучня Амелянецкай школы дзяржава выдаткавала 5844 рублі 20 капеек. Паводле чыноўнікаў, гэта значна больш за нарматыў фінансаваньня па Берасьцейскай вобласьці, які роўны 2606 рублям 61 капейцы.

Павал жыве ва ўласным доме ў Амелянцы разам з маці. Бацька памёр некалькі гадоў таму. Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

У сьнежні, кажа Павал, вучні, бацькі, настаўнікі сабраліся на чарговы сход. Было і кіраўніцтва.

«Поўная заля ў Доме культуры сабралася. Я ўзяў мікрафон і запытаўся: «Дзеці, на якой мове вы хочаце навучацца?» Усе як адзін сказалі, што на беларускай. Пасьля гэтых словаў Грыцук устае, кажа, што вельмі рады, і камандуе дзецям — «Ідзіце адсюль». А я кажу вучням — «Заставайцеся». У выніку з дапамогай дырэктара іх з залі вывелі».

У Амелянцы жыве некалькі соцень чалавек. Большасьць працуе ў мясцовым сельскагаспадарчым прадпрыемстве. Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

«Галаву адарву!»

Запіс спрэчкі настаўніка з чыноўнікам трапіў у інтэрнэт, набраў тысячы праглядаў.

Кіраўнік аддзелу адукацыі Віктар Грыцук пазьней даў інтэрвію мясцоваму блогеру Аляксею Голікаву.

«Я склаў пратакол сходу і даслаў у Адміністрацыю кіраўніка краіны, — працягвае Павал Кендысь. — Яшчэ і скаргу дадаў на паводзіны Грыцука і Зайчука (старшыня Камянецкага райвыканкаму Валянцін Зайчук. — РС). За некарэктныя паводзіны і ігнараваньне беларускай мовы. Сабралі подпісы мясцовых жыхароў — 30 чалавек. Адказу адтуль пакуль няма».

Будынак клюбу, дзе адбываўся сьнежаньскі сход. Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

Неўзабаве пасьля сьнежаньскага сходу тактыка мясцовых уладаў зьмянілася. Віктар Грыцук прапанаваў пакінуць у Амелянцы пачатковую школу-сад. Альбо базавую замест сярэдняй. Частка настаўнікаў пагадзілася.

«У аўторак, 14 студзеня, раптам дырэктар аб’яўляе бацькоўскі сход, — працягвае Павал Кендысь расказваць пра сваю «школьную вайну». — Ніколі такога не было, заўсёды ў суботы. А тут аўторак. Усе зразумелі, што нешта сур’ёзнае будзе. Шмат прыйшло людзей. Звычайна мала прыходзіць, а тут шмат. Спачатку дырэктар выступіў, потым завуч. А пасьля сам Грыцук у залю заходзіць з намесьнікам старшыні райвыканкаму Шпакам. Тут жа мяккія крэслы прынесьлі, далі «дарагім гасьцям» слова. А яны пачалі бацькоў схіляць да таго, каб тыя пагадзіліся вазіць дзяцей у школу Пагранічнай. Бацькі ня хочуць. Пытаюцца, чаму хаця б базавую школу не захаваць тут, чаму ўвогуле трэба закрываць нашу. Я ўстаю і кажу — «Паважаныя бацькі, хто за тое, каб вашыя дзеці вучыліся тут?» Канкрэтнае пытаньне. Усе рукі паднялі. Грыцук на мяне — «Сядзь! Галаву адарву». Я яму кажу — паспрабуй».

Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

Бацькі і родныя вучняў Амелянецкай школы ў размове са Свабодай выказваюцца асьцярожна. Прызнаюцца, што хацелі б захаваць школу і ня маюць жаданьня адпраўляць дзяцей у Пагранічную. Аднак таксама турбуюцца за дзяцей і перажываюць, каб раённае начальства ад адукацыі не нарабіла ім шкоды. Выказацца адкрыта пад сваімі імёнамі людзі адмовіліся.

«Калі яны закрыюць школу, на Амелянцы можна ставіць крыж»

Паўлу Кендысю 35 гадоў. Нарадзіўся ў Сыбіры, за пяць тысяч кілямэтраў ад Амелянца. Бацькі вырашылі пачаць там новае жыцьцё, але неўзабаве пасьля развалу СССР вярнуліся на Радзіму. Вучыўся Павал у той жа школе, дзе цяпер працуе. Пасьля 11 клясаў спрабаваў паступіць у Берасьце на гістфак, але не атрымалася. Пяць гадоў працаваў у Белавежскай пушчы, затым зноў пайшоў ва ўнівэрсытэт, гэтым разам на геафак. Пасьля вучобы ўладкаваўся ў родную школу, дзе працуе ўжо сем гадоў.

Школа ў Амелянцы ня мае гарачай вады, прыбіральня звонку. Па словах настаўніка геаграфіі і фізкультуры, гэта можна выправіць за адносна невялікія грошы. Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

«Калі яны закрыюць тут школу, то на Амелянцы можна ставіць крыж, — перакананы Павал. — Ніякая нармальная маладая сям’я сюды не паедзе. Каму гэта трэба? Цяпер тут школа, Дом культуры, крама, пошта, дзіцячы садок. Быў ФАП, але зачынілі. Навошта нам тут ФАП, калі ёсьць «цудоўная амбуляторыя» за 12 кілямэтраў? Зачынілі. Так і школу зачыняць. Сталовая была. Прыгналі МНС, яны па цагліне яе разабралі, і ўсё. І са школай тое самае. Навошта рабіць прыбіральню ўнутры, навошта бойлер вешаць, калі можна яе проста ліквідаваць?»

Дырэктар Амелянецкай школы Мікалай Кендысь адмовіўся размаўляць пра лёс навучальнай установы

Дырэктар Амелянецкай школы Мікалай Кендысь адмовіўся размаўляць пра лёс навучальнай установы. Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

Пакуль жа Амелянец выглядае дагледжанай вёскай на некалькі соцень жыхароў. Большасьць зь іх працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Заробкі адносна неблагія. Павал кажа, што зарабляе ў школе больш за 1000 рублёў, і гэта для Амелянца прыкладна сярэдні заробак.

Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

Паводле закону ў выпадку закрыцьця Амелянецкай школы раённае начальства павінна прапанаваць Паўлу новую працу. Але Павал кажа, што ў чыноўнікаў шмат спосабаў знайсьці хібы ў працы настаўніка і не працягнуць зь ім кантракт. Гэта адна з прычын таго, што цяпер адстойваюць Амелянецкую школу фактычна два чалавекі. Хоць напачатку было больш.

Нядаўна ў Амелянцы адрамантавалі царкву. Рамонт працягваўся некалькі гадоў. Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

«Настаўнікі падзяліліся на тры групы зараз, — кажа Павал. — Адна — гэта я і настаўніца рускай мовы Вера Мікалаеўна Філосаф. Яна вельмі разумны і маральна высокі чалавек. Яна і на першым сходзе выступала. Другая група настаўнікаў фактычна заняла «калябарацыянісцкую» пазыцыю. Сярод іх ёсьць тыя, што напачатку падпісалі пэтыцыю аб захаваньні школы, але потым «саскочылі», калі я прапанаваў лісты ў Адміністрацыю пісаць. Ім прапанавалі пакінуць пачатковую школу, яны і задаволеныя. Яшчэ нехта ўбаку назірае за ўсім. Глядзяць, чыя возьме. А потым скажуць, што былі на нашым баку. Але прарвёмся. Фізрукі ўратуюць гэтую краіну!».

Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

Складаць пэтыцыі, пісаць звароты і разьмяшчаць навіны пра сытуацыю вакол Амелянецкай школы Паўлу Кендысю дапамагае адміністратар групы «Камянецкая паказуха» ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» Алесь Анішчук. Там жа зьяўляюцца запісы сходаў, прысьвечаных будучыні Амелянецкай школы. Анішчук «праславіўся» ў раёне яшчэ да гісторыі са школай, калі разьвярнуў кампанію па замене сьметніц. Вынікам гэтага стала асабістае знаёмства з кіраўніком райвыканкаму Валянцінам Зайчуком, які прыехаў да блогера проста на працу ў мясцовае аддзяленьне мытні.

Так выглядае расейскамоўная школа ў Пагранічнай, куды раённыя ўлады прапанавалі вазіць дзяцей зь беларускамоўнай школы ў Амелянцы. Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

Дырэктар Амелянецкай школы, аднафамілец Паўла Кендыся Мікалай размаўляць з журналістамі Свабоды адмовіўся. Сказаў, што «ён тут нічога не вырашае, а толькі выконвае загады раённага начальства».

Кіраўнік камянецкага аддзелу адукацыі Віктар Грыцук у дзень візыту Свабоды ў Камянец наведваў сьвяточны канцэрт з нагоды 80-годзьдзя ўтварэньня Камянецкага раёну. Ва ўпраўленьні адукацыі паведамілі, што з гэтай прычыны сустрэцца з чыноўнікам ніяк не атрымаецца. На прапанову паразмаўляць праз тэлефон Віктар Грыцук адказаў коратка: «Да пабачэньня».

Фота Уладзя Грыдзіна, svaboda.org.

4
іван_з_лосак / Ответить
21.01.2020 / 11:27
на жаль, вельмі шмат "акупантаў" паўсюль
3
Жвір / Ответить
21.01.2020 / 11:40
Які цудоўны чалавек ! Беражы й дапамагай яму Бог. PavRed., дзеля такіх артыкулаў можна было б і адмысловую рубрыку стварыць: "Невядомыя героі".
4
Henry / Ответить
21.01.2020 / 11:44
Расейскі ражым выконвае загад Масквы.
Показать все комментарии/ 10 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера