Беларусь атрымае $3 млрд ад Кітаю на аснове ўгоды «своп». Інфармацыю пра дамову апублікаваў у сераду Нацыянальны банк. Фактычна, гэта чарговае запазычванне. Агульная сума запазычванняў ад пачатку году дасягнула астранамічнай лічбы $5,2 млрд.

Угода «своп» — гэта своеасаблівы тып здзелак абмену, ад ангельскага слова «swap», абмен баш на баш. Згодна з пагадненнем аб валютнай угодзе «своп», заключаным між Нацбанкам Беларусі і яго кітайскім адпаведнікам, Народным банкам Кітаю, Беларусь атрымае 20 мільярдаў юаняў (каля $3 млрд), а кітайскі бок — каля 8 трыльёнаў беларускіх рублёў.

Беларускі бок уключыць юані ў склад золатавалютных рэзерваў. Кітайскі ж бок будзе выкарыстоўваць рублі для разлікаў з Беларуссю.
Гэта значыць, Беларусь будзе плаціць за кітайскія тавары юанямі, а Пекін будзе плаціць рублямі за беларускі тавар. Нагадаем, што асноўны артыкул беларускага экспарту ў Кітай — калійныя ўгнаенні.

У 2008 годзе доля Кітаю ў замежным гандлі Беларусі склала 2,8%. Беларусь экспартавала ў Кітай тавараў на суму 623,9 млн даляраў, імпартавала - на $1414,8 млн. Адмоўнае сальда склала $790,9 млн.

З інфармацыі Нацбанку цяжка зразумець дэталі пагаднення, напрыклад, у якой форме Беларусь кампенсуе курсавую рызыку.

Фактычна, наша краіна бярэ трохгадовае (а мо і расцягнуты на даўжэйшы час — тэрмін пагаднення можа быць падоўжаны, адзначаюць у Нацбанку) пазычанне.

Такім чынам, агульная сума дзяржаўных запазычванняў ад пачатку году дасягнула астранамічнай лічбы $5,2 млрд. Акрамя таго, дасягнутыя дамоўленасці пра атрыманне яшчэ 0,5 млрд ад Расіі і 1,7 млрд ад МВФ. Беларусь цаною будучых гадоў забяспечыла сабе адну з найтаўшчэйшых антыкрызісных падушак у свеце.

Кітай быў адным з галоўным спажыўцоў беларускага калію, экспарт якога рэзка ўпаў у выніку фінансавага крызісу. Заключэнне пагаднення дазволіць аднавіць экспарт калійных угнаенняў. Эканомія дэфіцытнай валюты на імпарце будзе большая, чым змяншэнне надыходжанняў ад экспарту. Пакуль няма дэталяў, цяжка ацаніць, якую ўскосную цану заплаціць за тое Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?