У майстэрні Цэслера

У майстэрні Цэслера

Сябрам Беларускага саюзу дызайнэраў і Беларускага саюзу мастакоў жыльлёвыя аб’яднаньні ў Менску пачалі пералічваць арэндную плату за творчыя майстэрні насуперак заключаным дамовам, піша Радыё Свабода.

Дырэктар УП ЖРЭА Ленінскага раёну Менску Віктар Ільянкоў сказаў карэспандэнту Свабоды, што дызайнэры і мастакі выкарыстоўваюць памяшканьні «не па прызначэньні».

«Там павінны працаваць творчыя майстэрні, дызайнэры. А на сёньня там ІП-шнікі выкарыстоўваюць гэтыя памяшканьні для продажу і выпуску нейкай сваёй, брэндавай ці як яе яшчэ можна назваць, прадукцыі. Гэты факт устаноўлены, і ў сувязі з гэтым мы ім даналічваем арэндную плату. Паніжальны каэфіцыент у гэтым выпадку не працуе. Калі вам нешта больш падрабязна паведаміць, то гэта трэба разьбірацца па кожным выпадку паасобку», — сказаў Віктар Ільянкоў.

Ён дадаў, што праведзена «пэўная праверка, у тым ліку Камітэтам дзяржкантролю».

У Беларускім саюзе мастакоў сказалі, што праверка адносна мэтавага выкарыстаньня дзяржуласнасьці працягваецца.

«У плян праверак гэта ня ўносілася»

Старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў Дзьмітры Сурскі ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў, што ў выніку арэнда памяшканьняў для некаторых дызайнэраў падскочыла ў дзесяць разоў.

«Я ня ведаю, наколькі гэта законна, бо гэта была паўнавартасная праверка, а ня проста маніторынг. У плян праверак гэта ня ўносілася. З вынікамі гэтага маніторынгу нас ніхто не азнаёміў. Нам сказалі зьвяртацца ў ЖРЭА, а там нам паказваюць нейкія фрагмэнты і рукамі прыкрываюць астатні тэкст».

Паводле Дзьмітрыя Сурскага, пакуль павышаныя сумы арэнды выпісаныя за майстэрні дызайнэраў у Ленінскім і Маскоўскім раёнах Менску. Ён называе такое павышэньне «незаконным і беспадстаўным».

«У дамове ясна прапісана, што калі знаходзяцца парушэньні, то ЖРЭА піша прэтэнзію і даецца нейкі тэрмін на выпраўленьне парушэньняў. Калі парушэньне не выпраўляецца, то яны прапануюць дадатковае пагадненьне. Толькі так можна зьмяніць арэндную плату. А тым больш задняй датай гэта немагчыма, як яны зрабілі з Максімам Карасём, якому ЖРЭА Маскоўскага раёну пералічыла ўсе папярэднія гады арэнды», — сказаў Дзьмітры Сурскі.

Творчыя майстэрні арандуе Саюз дызайнэраў і выдзяляе іх пэрсанальна дызайнэрам. Потым гаспадары майстэрняў кампэнсуюць выдаткі саюзу. Арэндная плата — на ільготных умовах. Памяшканьні пад майстэрні звычайна выдзяляюць на апошніх паверхах шматпавярховікаў, і гаспадары-дызайнэры рамантуюць іх за свой кошт, заключаюць нятанныя дамовы з «Энэрганаглядам»

«Калі нам давядзецца выплаціць такую суму, мы збанкрутуем»

За арэнду майстэрні Максіма Карася Беларускі саюз дызайнэраў у выніку павінен сплаціць 98 578 рублёў. Цяпер дызайнэр шукае адваката, «каб разруліць сытуацыю».

«У яго няма такіх грошай, і ў саюзу няма такіх грошай. Калі нам давядзецца выплаціць такую суму, гэта азначае, што мы збанкрутуем. І мы ня будзем існаваць як юрыдычная асоба і творчы саюз», — кажа Дзьмітры Сурскі.

На сплату такой сумы толькі па адной майстэрні ня хопіць унёскаў 600 сяброў саюзу, якія ў год складаюць 30 тысяч рублёў.

«Няхай яны паглядзяць, што Карась зарабіў як індывідуальны прадпрымальнік. Дызайнэры і мастакі ледзьве зводзяць канцы з канцамі. Яны чапляюцца і не разумеюць, што, напрыклад, у fashion-дызайнэра швейная машынка, прас, манэкен у майстэрні — гэта тое ж самае, як пэндзаль у мастака. Калі іх вымусяць зьехаць, то гэтыя памяшканьні, прызначаныя пад майстэрні, папросту будуць пуставаць. Што ад гэтага атрымае дзяржава, я ня ведаю. Не разумею, навошта рабіць гэта ўсё ў год выбараў, гэта нейкая правакацыя», — кажа Дзьмітры Сурскі.

«Я ў майстэрні 31 год, маглі б яе ўжо і падарыць»

Кантралёры наведаліся і ў майстэрню вядомага дызайнэра Ўладзімера Цэсьлера, якому яна выдзеленая Беларускім саюзам мастакоў. Яму таксама налічылі павышаную арэндную плату.

«У мяне пэнсія ў эквіваленце 100 даляраў, кшталту — больш не заслужыў. А майстэрня каштуе 400, то бок трэба чатыры пэнсіі, каб яе аплаціць. Цяпер павысілі ў чатыры разы. Але мастак нешта ж зарабляе, нешта робіць, у тым ліку дзеля таго, каб аплачваць майстэрню. І для таго, каб гэта было легальна, робіць сабе «ІП». А цяпер кантралёры спасылаюцца, што калі ІП, то гэта, маўляў, заробак, і таму будзе такі кошт, вышэйшы практычна ў 4 разы», — сказаў Цэсьлер карэспандэнту Свабоды.

Уладзімер Цэсьлер дадаў, што ўжо аплаціў павышаную арэнду, бо асьцерагаецца, што яго могуць выгнаць з майстэрні. Але падвышэньне платы лічыць несправядлівым і мяркуе, што «ніхто ня зможа плаціць такія грошы».

«Камісія прыйшла, паглядзела майстэрню. Я ж у майстэрні практычна дзень і ноч працую. І якія ты там створыш умовы, так там і будзе працавацца. Я зрабіў так, як лічу патрэбным, і тое, што ў мяне ёсьць дзе паспаць, гэта іх наогул ня тычыцца. У іх, відаць, свае ўяўленьні пра майстэрню, яна, відаць, павінна быць брыдкай. А я тут рамонт зрабіў. Наогул я ўжо ў майстэрні 31 год, і маглі б яе ўжо і падарыць. Бо мы яе ўжо выплацілі некалькі разоў», — кажа Ўладзімер Цэсьлер.

«Задушыць людзей, якія нешта робяць, заўсёды можна»

Дызайнэрка Кацярына Бязрукава кажа, што кантралёр прабыў у яе ў майстэрні каля 40 хвілін, пытаўся, чым яна займаецца. Яна паказала ўсе свае ўзнагароды, праекты для людзей з інваліднасьцю і для цяжарных.

Кацярына сказала, што зарэгістравала ІП, каб набываць тканіны і некаторыя рэчы рэалізоўваць на кірмашах, бо «трэба ж за нешта есьці». Таксама дызайнэрка зарэгістраваная як рамесьніца.

«Ён нешта сфатаграфаваў і сышоў. Празь нейкі час нам прыйшоў ліст, што нас могуць пазбавіць ільготаў па арэнднай плаце. Мяне гэта моцна зьдзівіла. Выявілася, што падобная сытуацыя і ў іншых маіх калегаў. Ніякіх папер нам не паказалі».

Кацярыне за студзень ЖРЭА Ленінскага раёну Менску выставіла рахунак за арэнду ў 2378 рублёў. Дызайнэрка кажа, што гэта «супярэчыць дамове». Яна напісала лісты ў ЖРЭА і КДК. Учора ўвечары Кацярыне патэлефанавалі з ЖРЭА, каб паглядзець яе творчую майстэрню.

«Тое, што нам не прадставілі ніякага дакумэнта, чаму ў нас такая арэндная плата, — гэта абуральна. Задушыць людзей, якія нешта робяць, заўсёды можна, але гэта гіблая справа. Калі такую арэнду пакінуць, то давядзецца шукаць іншае памяшканьне. Але я спадзяюся, што да гэтага ня дойдзе. Магчыма, нехта нешта не дагледзеў», — кажа Кацярына.

Што прапануе Беларускі саюз дызайнэраў?

Беларускі саюз дызайнэраў прапанаваў Міністэрству культуры распрацаваць палажэньне аб творчых майстэрнях і дадаць яго да Кодэксу аб культуры. У ім трэба расьпісаць, што можа знаходзіцца ў майстэрні: ці можа там стаяць ложак, лядоўня, пералічыць інструмэнтарый, якім карыстаецца сучасны дызайнэр ці мастак, хто можа наведваць майстэрню. Таксама саюз прапануе вызначыць прававы статус творчага работніка.

Дызайнэры накіравалі лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта, Міністэрства культуры і іншыя ўстановы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?