Роўна 30 гадоў таму ва Украіне некалькі мільёнаў чалавек выйшлі на вуліцы і ўтварылі жывы ланцуг.

Гэта важная падзея, якая была адным з цвікоў у труне савецкай пачвары. Відавочна, што ўдзельнікаў украінскага ланцуга натхняла падобная акцыя ў краінах Балтыі, але тое, як праходзіла акцыя ва Украіне, выдатна адлюстроўвала тое, што шлях новай незалежнай дзяржавы не будзе просты. І паказала, наколькі пытанні ідэнтычнасці важныя пры дзяржаўным будаўніцтве.

Акцыя адбылася па лініі Івана-Франкоўск — Львоў — Цярнопаль — Роўна — Жытомір — Кіеў. Былі ідэі, каб зрабіць жывы ланцуг далей на ўсход, да Харкава і Данецка, але арганізатары былі рэалістамі: яны разумелі, што сабраць людзей на ўсход ад Кіева было нерэальна, бо насельніцтва там было пераважна абыякавым. Больш за тое, былі цяжкасці нават з тым, каб зрабіць нармальны ланцуг у Жытомірскай і Кіеўскай вобласці: чарада там была вельмі рэдкая, людзі стаялі ў інтэрвале дзясяткаў метраў адзін ад аднаго, таму сапраўднага ланцуга там і не ўтварылася. І гэта пры тым, што туды на аўтобусах падвозілі людзей з заходніх абласцей, але нават яны не ратавалі сітуацыі.

На Галіччыне і на Валыні сітуацыя была іншая: людзі стаялі шчыльнымі радамі, нават у глухіх вёсках, ланцуг не перарываўся, у некаторых месцах людзі стаялі ланцугом у некалькі радоў.

Такая крыху сумная ілюстрацыя таго, што дзяржава можа нармальна функцыянаваць толькі тады, калі межы яе культуры і ідэнтычнасці супадаюць з дзяржаўнымі межамі. Сумна, але ва Украіне яны не супадалі.

Дзяржава з грамадзянамі без ідэнтычнасці і каштоўнасцей гэта як чалавек без хрыбетніка.

Меў гонар размаўляць з некалькімі удзельнікамі таго ланцуга. І думкі ў іх самыя розныя. Хтосьці наракае, што было столькі надзей, якія не спраўдзіліся. Чуў я і адкрыта сепаратысцкія погляды на Галічыне ў стылі «хай бы гэты ланцуг быў да Роўна і Цярнопаля, а не да Кіева, лепш бы мы самі без гэтых саўкоў жылі». Сумна такое чуць, але з песні слоў не выкінеш. Але галоўнае іншае: ідэалы ўдзельнікаў таго ланцуга працягваюць жыць, і Украіна працягвае жыць. З чым і віншую!

***

У сучаснай Украіне 22 студзеня адзначаецца Дзень саборнасці. Дата прымеркавана да падпісання ў 1919 годзе Акту ўз'яднання Украінскай Народнай Рэспублікі і Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі ў адзіную ўкраінскую дзяржаву.

Шанаваць свабоду слова, спыняцца на чырвонае і не піць за рулём: Зяленскі зноў арыгінальна павіншаваў украінцаў ВІДЭА

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?