23.01.2020 / 07:19

Астэроід, які ўпаў у Аўстраліі, мог скончыць ледавіковую эпоху 1

Найстарэйшы ў свеце кратар астэроіда ляжыць у Аўстраліі, высветлілі навукоўцы. На іх думку, гэта адкрыццё можа растлумачыць, як на планеце скончылася Першая ледавіковая эпоха, таксама вядомая як Гуронскае аблядненне, піша bbc.com.

Даследнікі сцвярджаюць, што астэроід зваліўся ў мясцовасці Ярабуба ў Заходняй Аўстраліі прыкладна 2,2 мільярда гадоў таму.

Да такой высновы навукоўцы прыйшлі ў выніку аналізу мінералаў, выяўленых у горных пародах ў гэтай мясцовасці.

Навукоўцы называюць адкрыццё захапляльным, паколькі яно можа растлумачыць пацяпленне ў тую эпоху.

Кратар знайшлі ў пустэльнай мясцовасці на захадзе Аўстраліі яшчэ ў 1979 годзе, але геолагі раней не аналізавалі ўзрост гэтай знаходкі.

Праз мільярды гадоў эрозіі кратар ужо цяжка заўважны для чалавечага вока. Аднак навукоўцам удалося высветліць, што ён меў 70 км у дыяметры.

Каб вызначыць, калі астэроід зваліўся на Зямлю, каманда навукоўцаў даследавала крышталікі цыркону і манацыту ў скалах, на якія паўплываў удар астэроіда.

Гэтыя крышталікі змяшчаюць невялікую колькасць урану. Паколькі уран паслядоўна распадаецца на свінец, даследчыкі змаглі падлічыць з дапамогай уран-свінцовага метаду, колькі часу прайшло ад падзення астэроіда.

Ці мог гэты астэроід спыніць Першую Ледавіковую эпоху?

На думку даследчыкаў, выяўленне часу ўдару можа растлумачыць, чаму на планеце адбылося пацяпленне прыкладна 2,2 млрд гадоў таму.

Навукоўцы лічаць, што планета ў той час у значнай ступені была пакрыта лёдам. У нейкі момант ён пачаў раставаць, і планета пачала хутка награвацца.

Выкарыстоўваючы кампутарнае мадэляванне, каманда навукоўцаў падлічыла, што астэроід прабіў кіламетровае ледзяное покрыва Зямлі. У атмасферу магла трапіць вялікая колькасць вадзяной пары, парніковых газаў.

Гэта магло дапамагчы пацяпленню планеты ў Пратэразойскую эру — этап, калі кісларод толькі з'явіўся ў атмасферы, а складаныя формы жыцця яшчэ не былі пашыраныя.

У той жа час іншая тэорыя прычыны пацяплення ў тую эпоху заключаецца ў тым, што буйныя вывяржэнні вулканаў маглі выкінуць вялікую колькасць вуглякіслага газу ў атмасферу.

NN.by

0
Баршчэўскі / Адказаць
25.01.2020 / 01:21
"Слоўнік геаграфічных тэрмінаў і паняцьцяў" пад рэдакцыяй Курловіча не прапануе ўжываць нецэнзурных словаў, а называе адпаведны працэс зьледзяненьнем.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру