23.01.2020 / 13:07

Праца ў Польшчы, заробкі ў Кітаі… Геаграфія беларускай нядолі 2

Піша Сяргей Грунтоў у gazeta.arche.by.

Не сакрэт, што ўяўленні пра геаграфію свету вызначаюцца ў сучаснага чалавека не столькі агульнымі тэарэтычнымі ведамі, колькі стандартнымі турыстычнымі кірункамі і здарэннямі, пра якія пішуць у навінах.

Што да першага, то тут дастаткова праспекта ад турыстычнага агенцтва, каб апісаць цэлы свет: сталіцы еўрапейскіх краін плюс некалькі большых гарадоў, такіх як Барселона ці Мілан. Дададзім да гэтага розныя трапічныя курорты — ад Тайланда да Кубы — і вось ужо гатовая геаграфія жаданняў.

Навіны дадаюць да гэтых зон прэстыжу і насалоды зоны няшчасцяў, якія маюць заўважна менш стабільны характар.

Пра існаванне Ірана ўзгадваем, бо там вось-вось пачнецца не менш як Трэцяя сусветная, а да таго ж збілі ўкраінскі Боінг.

Ірак існуе, таму што там зноў тэракт — як заўсёды, але існуе нядоўга, бо ўвага пераключаецца на нейкі іншы няшчасны пункт планеты, дзе таксама быў выбух.

Ліван увогуле не адрозніць ад Лівіі — страляюць і там, і там.

Найбольш яскрава пункты на ментальнай карце прамалёўваюцца пры перасячэнні першага і другога.

Згарэў Нотр-Дам? Дык я ж там быў! Затапіла Венецыю? Трэба з’ездзіць, пакуль зусім не сышла пад ваду.

Уяўленні пра суседнія краіны, канешне, заўжды больш складаныя — але не нашмат. Спрабуючы ўявіць сабе ментальную карту свету беларуса, міжволі ловіш сябе на думцы, што найлепшым тэрмінам, каб яе апісаць, была б «геаграфія нядолі».

Польшча — гэта тое месца, куды едуць на працу, з «картай паляка» і без, асабліва ад безнадзейнасці з гарадкоў на захадзе, дзе працы вобмаль, а заробкі мізэрныя. Едуць, як мы нядаўна даведаліся афіцыйна, і дактары. («Але многія ўжо вяртаюцца!») Яшчэ едуць на навучанне ці на стыпендыі, многія каб пасля «неяк прыстроіцца».

І Варшава — гэта ў першую чаргу аўтавакзал Варшава-Заходняя, праўдзівае польска-беларускае памежжа.

І гэтак далей — геаграфія месцаў працы, больш ці менш паспяховых сцэнарыяў адаптацыі, якая рэгулярна прамаўляецца навокал, становіцца фонам жыцця тут («У яго дачка ў Германіі...» ці «Паехала па лініі іхняй царквы ў Швецыю. Даглядае нейкую пенсіянерку. Кажа, што падабаецца...» і г.д.). 

Гэтая карта расце і робіцца большай. Напрыклад, на ёй трывала замацаваўся Кітай. Ён і раней быў там, але пераважна на ўзроўні афіцыйнай павесткі: у яго мы прасілі крэдыты, прадавалі туды сухое малако, разам будавалі «Вялікі Камень». Але ўжо некалькі год, як туды актыўна едуць на працу («Ты падумай! А раней жа вераб’ёў елі!»). Аказалася, што ў краіне, насельніцтва якой раней падавалася бедным, выкладчыца ангельскай мовы ў дзіцячым садку можа атрымліваць каля 1500 USD у месяц — заробак, і палова якога недасяжная для жыхара сярэдняга беларускага горада.

Выдатна ўзбагачае нашу ментальную геаграфію палітычная і эканамічная павестка. Час ад часу мы даведваемся пра «нашы цесныя сувязі з Камбоджай» ці складаны лёс калійнага камбінату, пабудаванага беларусамі ў Туркменістане.

Венесуэла нам бліжэйшая за Францыю — толькі вось Чавес памёр…

І гэтак далей.

Традыцыйная навагодняя спрэчка з Расіяй пра газ і нафту выдатна спрычынілася да гэтага працэсу. Мы аказаліся адкрытымі цэламу свету! Пасля перабору блізкіх і далёкііх краін навінавую павестку захапіла Нарвегія. Яе нафта (праз порты братняга латышскага народа) — наша цяперашняя апора і надзея пра праўдзівы геапалітычны і эканамічны разварот у бок Еўропы.

Прынамсі, каментары з падобным зместам набіраюць сотні «лайкаў» на нашых папулярных навінавых рэсурсах.

Але размова пра іншае.

Што аб’ядноўвае ўсе гэтыя пункты на ментальнай карце: нафтавую платформу ў Паўночным моры, швейную фабрыку пад Варшавай, школу ў кітайскім горадзе, назву якога не запомніць, і сталіцу Венесуэлы (сем літар)? Пошукі лепшай долі.

Для асобнага чалавека ці для асобнай дзяржавы, але аб’яднаных жаданнем знайсці вырашэнне сваіх праблем недзе звонку.

Аб’яднаных агульнай нядоляй хоць на ўзроўні дзір у бюджэце краіны, хоць у бюджэце асобнай сям’і.

Менавіта адчуваннем нядолі фарміруецца істотная частка нашай ментальнай геаграфіі, нашага вобразу свету, які поўны магчымасцей — вось толькі набрацца волі і перасячы мяжу.

Сапраўдная эміграцыя для гэтага зусім не абавязковая, дастаткова і аднога ўмоўнага ладу.

Розум, увогуле, толькі ўмоўна схільны абмяжоўваць сябе патрабаваннямі рэчаіснасці, калі застаецца сам-насам з сабою.

Так лёгка ўявіць, як у цыстэрнах з нарвежскай нафтай да нас кантрабандай завязуць паўфабрыкаты разумных эканамічных рэформ, высокія сярэднія заробкі, дэмакратычныя каштоўнасці (антыбіётыкамі курсам па 10 дзён), цукеркі з начынкаю з аптымізму і — на самым дне — густы канцэнтрат адчування чалавечае годнасці.

Ці не праўда?

0
Ляксандра / Адказаць
23.01.2020 / 21:23
Судя по фото,"нядоля" для "беларбайтэра" на Родине уже забыта.Только сколько такая "доля" там продлится?
11
Таки вот / Адказаць
24.01.2020 / 08:43
Уезжают те, кто не верит в будущее сраны под названием Беларусь. И правильно делают. Ничего у нас не будет. Змагары останутся такими же невменяемыми и никогда в реале не придут к власти, потому что не умеют договариваться ни между собой, ни тем пачем находить общий язык с народом. Будущее Беларуси, Украины печальное. Пока не поумнеем.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру