23.01.2020 / 13:16

Беларуска ва Ухані: Трое сутак не выходжу з дома 4

Ежу прывозяць курʼеры, усім раяць не выходзіць у грамадскія месцы. Мы распыталі беларуску ў закрытым на каранцін Ухані, як там засцерагаюцца ад каранавіруса, піша Радыё Свабода.

Беларуска Крысціна жыве ў 11-мільённым кітайскім Ухані, які цяпер закрылі на каранцін з прычыны эпідэміі каранавіруса. Яна расказвае, што ўжо трое сутак не выходзіць з дома, каб не заразіцца.

«Горад закрылі для ўезду і выезду. Усе спосабы перасоўвання заблакаваныя. Я пазаўчора выходзіла на вуліцу, каб забраць у курʼера замоўленую садавіну, дык не сустрэла ніводнага чалавека ў наваколлі. А гэта 7 гадзінаў вечара», — кажа Крысціна.

Дзяўчына кажа, што ўлады настойліва рэкамендуюць пазбягаць грамадскіх месцаў.

«Але ў Кітаі любое месца грамадскае, — кажа яна. Можна выйсці проста па ваду і сустрэць у адным месцы 30 чалавек. Цяпер гэта, безумоўна, небяспечна».

Каб засцерагчыся ад віруса, людзі носяць маскі. Крысціна кажа, што іх у аптэках хапае, хаця ўдакладняе, што абышла 5 аптэк, каб набыць патрэбную.

«Звычайныя маскі не дапамагаюць. Патрэбны адмысловыя, са шчыльнага валакна № 95. Вось іх нерэальна знайсці. Я замаўляла праз інтэрнэт», — тлумачыць Крысціна.

«Ніводзін від транспарту не працуе: ні метро, ні аўтобусы, ні таксі. Нічога, — кажа беларуска. — Школы закрытыя, палова крамаў таксама не працуе. Дзяржаўныя ўстановы закрытыя. Працуюць толькі шпіталі і клінікі».

«Цяпер па гучнай сувязі абвясцілі, што будуць з верталёта распыляць хімікаты над горадам ад віруса. І лепш не з'яўляцца на вуліцы з трох да дзевяці гадзін вечара», — апавядае Крысціна. Але дадае, што мяркуе, і пасля дзевяці будзе небяспечна гэтым дыхаць.

«Магу сказаць, што людзі напалоханыя, паніка ёсць нават сярод мясцовых», — сама дзяўчына кажа, што да апошняга старалася не паддавацца эмоцыям і разважліва глядзець на абставіны.

«Але дзень таму ў мяне была жудасная паніка. Ад безвыходнасці, — апісвае дзяўчына тое, што адчувае. — Выехаць немагчыма. І вялізная рызыка захварэць менавіта на вакзалах, у аэрапортах»

Цяпер, кажа Крысціна, яна зразумела, што сітуацыю змяніць не можа.

«Адзінае, што я магу зрабіць, — гэта паклапаціцца пра сябе і зрабіць усё магчымае, каб не захварэць, — кажа Крысціна. — Пакуль выхаду з сітуацыі няма. Застаецца толькі чакаць і верыць у лепшае».

Мінздароўя: У дзяўчыны, што вярнулася з Кітая і была шпіталізавана ў інфекцыйную бальніцу, грып B

Беларускія пагранічнікі: Надзяваем маскі пры праверцы рэйсаў з Кітая

Кітайскія вайскоўцы блакавалі горад Ухань у сувязі з новым вірусам

23
Мікола / Адказаць
23.01.2020 / 14:12
бясплатна дару методыку -- часнок, цыбуля...
ну і для імунітэта -- салёнае сала з чорным хлебам
0
Slawek / Адказаць
23.01.2020 / 15:32
цікава, а што робяць тыя людзі там, хто жыве ад авансу да заробку? хіба на сонечнае выжывенне пераходзяць.
7
nikolai romanov / Адказаць
23.01.2020 / 15:37
Jaka *bura* tudy jae zanesla ?
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру