Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» звярнулася да прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса просьбай дапамагчы захаваць помнік Каліноўскаму на Лукішках.
Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» звярнулася да прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса з просьбай дапамагчы захаваць помнік Кастусю Каліноўскаму ў Вільнюсе на Лукішках, якому пагражае знішчэнне ў сувязі з рэканструкцыяй плошчы.
У звароце выказваецца глыбокая занепакоенасць тым, што планы рэстаўрацыі Лукішскай плошчы Вільні не прадугледжваюць захаванне крыжа — помніка Кастусю Каліноўскаму і іншым змагарам нацыянальна‑вызвольнага паўстання 1863‑1864 гг.
«Пакараны смерцю на Лукішскай плошчы 22 сакавіка 1864 г. кіраўнік паўстання … Кастусь Каліноўскі вось ужо другое стагоддзе з’яўляецца сімвалам гонару славы і змагання за незалежнасць беларускага і літоўскага народаў. К. Каліноўскі першым узняў пытанне ў Літоўскім правінцыяльным камітэце — Часовым урадзе Літвы і Беларусі — аб праве нацыі на самывызначэнне. Ён марыў, каб Беларусь і Літва зрабіліся зноў самастойнымі і мелі сваю дзяржаўнасць, таму пастаянна адстойваў самастойнасць Літоўскага камітэта перад Польскім нацыянальным камітэтам», ‑‑ зазначаецца ў звароце.
«Інфармацыя, што шэсць з сямі праектаў упарадкавання Лукішскай плошчы не прадугледжваюць захаванне мемарыяльнага крыжа — помніка К. Каліноўскаму і нацыянальным змагарам, усталяваны шмат гадоў таму, выклікала моцную занепакоенасць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі і замежжа», ‑‑ звяртае ўвагу ЗБС «Бацькаўшчына»
і просіць прэзідэнта Літвы В. Адамкуса зрабіць усё магчымае, каб віленскія ўлады ў канчатковым праекце рэстаўрацыі захавалі мемарыяльны комплекс, прысвечаны Кастусю Каліноўскаму на Лукішскай плошчы.