Камітэт аховы здароўя Пекіна абвясціў найвышэйшы — першы — узровень рэагавання на пагрозу грамадскаму здароўю ў пятніцу з 14:00 пекінскага часу ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса. Пра гэта паведаміў старшыня гэтага органа Лэй Хайчао, піша ТАСС.

У горадзе будуць прыняты надзвычайныя меры па супрацьдзеянні распаўсюду захворвання, растлумачыў ён. Да цяперашняга часу, гаворыцца ў паведамленні, пнеўманіяй новага тыпу ў Пекіне захварэлі 29 чалавек, адзін з іх знаходзіцца ў цяжкім стане з прыкметамі паляпшэння.

У сувязі з пагрозай распаўсюду захворвання ў Пекіне ўжо зачыненыя буйныя культурныя ўстановы, адменены публічныя мерапрыемствы з нагоды свята Вясны — новага года па ўсходнім календары.

Найвышэйшы ўзровень рэагавання абвешчаны таксама ва ўсёй правінцыі Хубэй (насельніцтва каля 59,2 млн чалавек), дзе знаходзіцца горад Ухань, у якім адбылася ўспышка пнеўманіі новага тыпу, выкліканай каранавірусам 2019-nCoV.

Улады Шанхая таксама абвясцілі пра ўвядзенне рэжыму экстранага рэагавання для барацьбы з распаўсюдам новага тыпу пнеўманіі ў горадзе, паведамілі ў гарадской адміністрацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0