Оба-на, вось вам і мядовы месяц! Накаркалі! :) Лукашэнка з малым Колем рэзка ляціць ў Ерэван, камісарка Ферэра-Вальднэр рэзка застаецца ў Бруселі.

Яе разрэкламаваны візіт у «апошнюю дыктатуру» калі і адбудзецца, то ў красавіку. У апараце ЕС спачатку цьмяна цвердзілі пра перагружаны графік камісаркі. Потым сама яна лапідарна патлумачыла Лябедзьку з Казуліным, што варта дапрацаваць пэўныя пытанні. У рэшце рэшт, з брусельскіх кулуараў праточваецца: не паляцела, бо з Мінска намякнулі, што на рандэву з Лукашэнкам спадзявацца не выпадае.

Такім чынам, гэта фінт беларускага боку.

Адзін тытульны апазіцыянер падзяліўся са мной такім меркаваннем: Лукашэнка выпрабоўвае межы цярпення Еўропы. Калі тая з’ядае чарговую пілюлю, значыць, можна і далей выкідваць конікі.

Аднак кураж дзеля куражу наўрад ці патрэбен нават такому імпульсіўнаму дзеячу.

Наўрад ці тут на першым плане задача падражніць Брусель. Найхутчэй што — не раздражняць Маскву.

Літаральна ўчора ад чалавека, што мае дачыненне да палітычнай кухні бундэстага, я пачуў: «Мы хочам адцягнуць Беларусь ад Расіі, і расійцы гэта зразумелі».

Відаць, не толькі зразумелі, але і сталі без эківокаў ставіць пытанне: а ці не загуляўся ты, Рыгоравіч, у еўрапейскі вектар?

Так што раптоўны адлёт у Ерэван — гэта не разрыў з Бруселем, а тактычны ход. Адмаўляцца ад нармалізацыі дачыненняў з ЕС менавіта тады, калі пайшла такая карта, было б глупствам. Іншая рэч — персанальна дыстанцыявацца.

Зразумела, усе ведаюць, хто ў Беларусі вырашае пытанні. Але палітыка — гэта суцэльная гульня сімвалаў. Менавіта таму, у прыватнасці, да такога градусу глабальнага кіпення давялі пытанне аб прызнанні/непрызнанні маленькіх грузінскіх правінцый.

Так што хай сабе, напрыклад, на ўстаноўчы саміт «Усходняга партнёрства» ў Прагу ляціць міністр Мартынаў (ці прэм'ер Сідорскі). Брусель прапрацоўвае такі варыянт.

А што, і ваўкі сытыя, і козы цэлыя. Апазіцыя задаволеная: мы ж казалі, што Лукашэнка не заслужыў, во нас і пачулі! Паважаюць... Еўропа таксама захоўвае твар: ну хто цяпер скажа, што цалуемся з дыктатарам? Нарэшце, і сам афіцыйны кіраўнік Беларусі нібыта вымывае рукі: я там нічога не падпісваў!

Дарэчы, многія аглядальнікі абсалютна некарэктна атаясамліваюць два пытанні: запрашальнік для Лукашэнкі ў Прагу і ўдзел нашай краіны ў новай праграме ЕС. З першым сапраўды ёсць праблема. А вось ангажаваць сінявокую рэспубліку ў новы праект Брусель гатовы практычна на любых умовах. Дакладней, без аніякіх умоў.

Кулуарныя заявы людзей з еўрапейскай палітычнай кухні паказваюць на тое, што білет на цягнік «Усходняга партнёрства» Беларусі ўжо, лічы, забраніравалі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?