У судах Партызанскага, Ленінскага і Цэнтральнага раёнаў Мінска прызначаныя працэсы супраць лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, кіраўніка «Народнай грамады» Міколы Статкевіча і грамадскага дзеяча Лявона Баршчэўскага. Усіх іх вінавацяць у «парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства», піша Радыё Свабода

20 студзеня Сіўчык і Статкевіч не з'явіліся на працэсы. У справе Статкевіча суддзя Аляксей Кісляк абвясціў перапынак да 27 студзеня для высвятлення месца знаходжання абвінавачанага. У справе Сіўчыка ў сувязі з няяўкай падсуднага гэтаксама быў абвешчаны перапынак да 27 студзеня.

Сіўчыка збіраліся судзіць за акцыю супраць паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расіі 8 студзеня, сведкі-амапаўцы казалі, што палітык «выкрыкваў лозунгі».

Статкевіча хочуць судзіць за мітынг 20 снежня мінулага года, дзе ён «выкрыкваў «Жыве Беларусь», як сцвярджалі сведкі-міліцыянты.

Баршчэўскага судзяць у судзе Цэнтральнага раёна, у былым будынку Беларускага гуманітарнага ліцэя, адным з сузаснавальнікаў якога ён з'яўляецца, за прамовы супраць інтэграцыі падчас леташніх снежаньскіх акцый.

Цягам снежня і напачатку студзеня ў гарадах Беларусі ішлі суды за акцыі пратэсту. Агульная сума штрафаў перавысіла 100 тысяч рублёў, больш за дзясятак чалавек асуджаныя агулам на 240 сутак арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0