«Калі толькі з’явілася гэта гульня, мае сябры пыталіся: «Як, чаму ты яшчэ не там?» Досвед гульняў у мяне ёсць. Гадоў з дзесяць таму ў нейкай радыёгульні выйграў для жонкі паліто. Пасля чатыры разы ўдзельнічаў у тэлевіктарыне «Размаўляем па-беларуску», там не выйгрыш быў важны, а магчымасць пагутарыць па-беларуску», — прызнаецца Вячаслаў Цэхановіч.

Гульня «На вылет» складаецца з пяці раўндаў. Першы — адборачны, у якім трэба адказаць на адно пытанне вядучага.

Пытанні гэтыя абсалютна з розных галін ведаў. Напрыклад, могуць спытацца, якім ансамблем кіруе Анатоль Ярмоленка ці ў якім горадзе жыве Карлсан. Калі вы адказваеце правільна, вы трапляеце ў асноўную частку гульні, дзе вам давядзецца змагацца з камандай сапернікаў. Хто першы націскае кнопку, у таго права адказу. Калі адказ правільны, вы маеце права кагосьці з каманды сапернікаў адправіць «на вылет». Вось тут і з’яўляецца галоўная цяжкасць і несправядлівасць гульні.

«Ад тваіх ведаў не залежыць нічога. Калі каманда сапернікаў вырашыць, што ты лішні, тут ужо нічога не папішаш», — кажа Цэхановіч.

Таму, у тым ліку пра гэта і расказвае Вячаслаў Цэхановіч, многія спачатку не спяшаюцца паказваць свае веды. І да мікрафона імкнуцца падыходзіць радзей, каб не злаваць сапернікаў сваім інтэлектам. Але здараецца, што ўвага сапернікаў падае на такога чалавека, які нават таблічку са сваім нумарам хавае, і выганяюць яго. Таму якой стратэгіі прытрымлівацца, выбірае кожны для сябе. Калі ты стаў пераможцам і выйшаў у супергульню, то можна з амаль з упэўненасцю сказаць, што ты пераможца.

У суперфінале ў гульца тры спробы і тры пытанні. Адкажаш на адно — ты пераможца. Пытанні абсалютна рознай складанасці, але ёсць шанец, што цябе спытаюць пра нешта зусім відавочнае.

У гульні «На вылет» Вячаслаў некалькі разоў станавіўся «слабым звяном».

«Як тут падгадаеш, як сябе паводзіць? Адказваеш на пытанні — разумны, трэба выгнаць. Не адказваеш — таксама падазрона. У адной са сваіх гульняў я, сапраўды, затаіўся спачатку. А калі дайшоў да сярэдзіны гульні, зразумеў, што трэба ўсё браць у свае рукі. Дайшоў да суперфіналу, але ў выніку не адказаў там ні на адно пытанне. Толькі сертыфікаты ГУМа атрымаў», — расказвае Вячаслаў.

Пытанне, якое прынесла перамогу Вячаславу, ён, вядома, памятае.

«У суперфінале мяне спыталі, чым выява на 100-доларавай купюры адрозніваецца ад выяў на іншых купюрах», — расказвае Вячаслаў.

І да сёння перажывае, што не змог адказаць на простае пытанне ў іншым сваім фінале:

«Было пытанне пра тое, чаму турыстам, якія збіраюцца на возера Байкал узімку, рэкамендавана браць з сабой два нажы. Я адказаў нейкую лухту, хаця чытаў, што два нажы патрэбныя для таго, каб угрызацца імі ў лёд, каб не знесла ветрам», — кажа Вячаслаў Цэхановіч.

Вячаслаў расказвае, што выйгрыш прывезлі яму дадому прыкладна праз тыдзень пасля здымак перадачы.

«Усё хутка. Распісаўся ў накладной, забраў наяўныя грошы і сертыфікаты з магазіна. На сертыфікаты набыў падарункі дочкам і ўнучцы. Гэта аказалася так прыемна, што ў наступны раз вырашылі падаваць заяўку ўсёй сям’ёй», — кажа Вячаслаў.

Дачка Вячаслава здолела перамагчы з першага разу.

«Хаця мне казала: «Я ні разу не глядзела гэтую перадачу, я не ведаю, што там трэба адказваць. Пайду хіба толькі дзеля таго, каб сэлфі зрабіць». У выніку забрала 2000 рублёў, а сэлфі так і не зрабіла», — усміхаецца Вячаслаў.

Вячаславу Цэхановічу 49 гадоў. Ён кіраўнік невялікай гандлёвай кампаніі. Вячаслава можна пабачыць на розных мінскіх паб-квізах, ён адданы слухач курсаў «Мова Нанова».

На запіс гульні Вячаслаў прыйшоў у вышыванцы.

«Я беларус і ганаруся гэтым. Аднойчы ў Турцыі са мной здарыўся такі выпадак. Пасля конкурсу «Містар гатэль», які я выйграў, да мяне падышла жанчына і сказала: «Дзякуй вам вялікі. Вы маю свядомасць беларускі ўзнялі на вышыню».

А што было? Перад пачаткам мерапрыемства аніматар у гатэлі пытаецца ў прысутных, хто з якой краіны. І вось калі называў Расію, усе беларусы падымалі рукі. А я абурыўся. Кажу: «Я з Беларусі». А вядучы: «Я толькі што называў Расію, трэба быць больш уважлівым». А я кажу, што я не з Расіі. А з Беларусі. Гэта дзве абсалютна розныя краіны. Пасля гэтага, чалавек з 10 усталі з месцаў і сказалі: «Мы таксама з Беларусі, мы не расіяне, не рускія», — расказвае Вячаслаў Цэхановіч.

І хаця апошні выйгрыш сям’я Цэхановіч пакуль не атрымала, але ўжо зарэгістраваліся на наступныя перадачы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?