Грамадства5050

Бізнэсмен Сямён Добкін: Я праціўнік інтэграцыі. І трэба адміністратыўна ўкараняць беларускую мову

Бізнэсмен Сямён Добкін кіруе брэсцкім канструктарскім бюро «ГСКБ», там ствараюць рознага кшталту энергетычныя ўстаноўкі. А яшчэ ён старэйшы брат таго самага Аркадзя Добкіна, заснавальніка EPAM. 

Карэспандэнт «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч паразмаўляў з Сямёнам Добкіным на актуальныя палітычныя тэмы, а таксама распытаў пра сямейнае. 

Арцём Гарбацэвіч: Раскажыце, чым вы займаецеся. 

Сямён Добкін: Працуем у сферы камунальнай энэргетыкі, выпускаем энергетычнае абсталяванне, 10-12 МВт. 

Кампанія не надта вялікая. Раней было 400 чалавек, у асноўным працавалі на Расію, але пасля 2014 года расійскі рынак рэзка зменшыўся. Я думаю, гэта ў сувязі з анексіяй Крыма. Гэта балюча ўдарыла і па нас — цяпер працуе ўдвая менш работнікаў. Але маем пастаўкі нават у Бразілію і В'етнам. 

А цяпер працуем над тэхнікай, якая змяншае аб'ём спажывання газа, напрыклад.

Таксама розныя нетрадыцыйныя віды паліва: торф, салома, гніль, нават памёты курыныя і свіныя, смецце. Вядзем даследаванні разам з НАН, каб знайсці тэхналогію, як гэта рабіць усё з меншымі выдаткамі. Думаю, яшчэ два-тры гады і зноў пойдзем у рост. 

Арцём Гарбацэвіч: Вы можаце як энергетык патлумачыць, як бы нам саскочыць з расійскай энергетычнай іголкі? 

Сямён Добкін: Я думаю, што вуглевадароды мы і надалей будзем купляць, але менш, і яны будуць таннець. Тут нічога прынцыпова не зменіцца. Ну з гледзішча эканомікі так — будзе шок, але трэба перажыць. Колькі там у прыбалтаў часу заняла адаптацыя падобная, 10 год? Перажывем. І будзем незалежнымі. 

Я скажу тое, што сёння схавана ад вачэй, але вельмі важна: Беларусь у сферы ЖКГ за апошнія 20 год замясціла газ на 25-30%, асобныя гаспадаркі, пэўна, пад 40%. Гэта вялізнае дасягненне для любой краіны. Мы замясцілі газ шчапой — дрэвам, якое робім самі. 

Мая кампанія таксама ўключылася ў працэс, мы вырабляем тэхніку для гэтага паліва. 

Ну і вось АЭС запусцім, я думаю, будзе карысць з гэтага ў той праекцыі, у якой вы пытанне задалі. Цяпер таксама з'яўляецца маса тэхналогій, якія зніжаюць узровень спажывання і газу, і нафты.

Арцём Гарбацэвіч: Чаму ваш брат у інтэрв'ю пра вас нічога не кажа? Якія ў вас адносіны? 

Сямён Добкін: У яго пра мяне ніхто і не пытаецца, а зрэдку і згадае. Адносіны ў нас добрыя. У госці, праўда, часцей прыязджае ён — бывае ў Беларусі амаль кожны месяц. [Аркадзь Добкін жыве ў Нью-Ёрку — Рэд.]

Арцём Гарбацэвіч: А вы чаму не з’ехалі?

Сямён Добкін: Ну не ўсе ж з'язджаюць. У той перыяд, калі я мог з’ехаць, мне тут было вельмі цікава.

У мяне быў адкрыты статус уцекача ў 1992-м годзе. Усе дакументы аформленыя на выезд. Мог пераехаць у ЗША і атрымліваць усе віды дапамогі. Так усе тады з’язджалі. Жонка з сынам з'ехалі, планавалася, што я тут папрацую троху і паеду наўздагон, але вось засмактала. Сын цяпер у Google працуе, нешта кшталту начальніка аддзела. А я тут. Адносіны ў мяне з ім цёплыя, але ён з Беларуссю амаль ніяк не звязаны, усё яго жыццё там.

Арцём Гарбацэвіч: Была нейкая роля ваша ў EPAMe? Некаторыя кажуць, што вы нават першым дырэктарам былі. 

Сямён Добкін: Не было такога. Тая кампанія не была EPAMам, і я там дырэктарам не быў, а так — «сматрашчым», бо я ўжо ведаў, як працуе бізнэс, меў свой. 

Аркадзь арганізоўваў EPAM сам і пакрысе. Пачыналі яны, па-мойму, у падвале на вуліцы Кірава. Канечне, я радаваўся і радуюся за брата. Ён ужо тады разумеў і бачыў наперад, як гэта ўсё будзе працаваць, па-філасофску так. Таму ён такога калібру і атрымаўся. 

А распрацоўкі EPAMa ніяк мне не дапамагаюць, мы працуем у розных сферах, у іх ужо нейкая біяфізіка, а з энергетыкай яны не звязваюцца.

Арцём Гарбацэвіч: У чым вашае адрозненне ад брата?

Сямён Добкін: Мы троху па-рознаму жылі: я быў першым дзіцём — старэйшы за Аркадзя на 12 год. Я нарадзіўся адразу пасля вайны. Умовы жыцця былі кашмарныя, увесь час бацькі працавалі, літаральна не было дзе жыць тады, нічога не было, усё знішчана. Натуральна, бацькі мной займаліся менш, я быў больш аддадзены сабе і вуліцы. Яму ўвагі было больш — ну гэта я цяпер так думаю, азіраючыся.

Ён больш таленавіты, ён і ў школе вучыўся лепш, хаця на алімпіяды па матэматыцы і фізіцы ездзіў і я. Многія цяпер здзіўляюцца, як гэта я мог кепска вучыцца. Але гэта таму, што мяне аддалі ў школу ў 6 год. Калі б аддалі ў 8, я б быў круглым выдатнікам.

Арцём Гарбацэвіч: Мне, дарэчы, пра вас расказвалі, што вы за Саветамі былі ледзь не дысідэнтам. 

Сямён Добкін: На абласным узроўні я сапраўды такім лічыўся. Гэта быў канец 1970-х. Тады быў такі час, што ў кожным калектыве былі такія людзі, якія слухалі і стукалі туды, куды трэба. Я быў начальнікам аддзела, гаварыў, што думаю, анекдоты нейкія расказваў, ну і мяне выклікалі потым і праводзілі «прафілактычную работу» з тлумачэннямі. Як я зразумеў з яе, калі бралі ў партыю, то пыталіся, «хто ў вашым калектыве дысідэнт?». І вось нашы работнікі называлі мяне. Так і стаў дысідэнтам, мяне прызначылі, можна сказаць. 

Арцём Гарбацэвіч: Днямі быў Дзень памяці ахвяр Халакосту, а раскажыце, як вашыя бацькі яго перажылі? 

Сямён Добкін: Бацька родам са Смаленска, яго сям’ю эвакуявалі ў Арэнбургскую вобласць. Сам ён служыў на флоце тады, чатыры ягоныя браты таксама ваявалі. А маці з Мінска, у яе тут загінулі 34 сваякі. Яна была ў гета, але здабыла зброю, уцякла да партызанаў у атрад «Мсцівец». Маці ўдзельнічала ў партызанскім парадзе пасля вызвалення Мінска, мы гэтым ганарымся.

Арцём Гарбацэвіч: Цяпер грамадства гаворыць пра інтэграцыю з Расіяй — што думаеце? 

Сямён Добкін: Я праціўнік інтэграцыі. Мне хочацца, каб Беларусь была еўрапейскай краінай, каб інтэграцыя звялася да звычайных гаспадарчых адносін. Каб з Расіяй адносіны былі такія ж, як з Польшчай. Але каб засталася мытная прастора, ад гэтага не трэба адмаўляцца. І не таму што льготы, а таму што адсутнасць граніцы для тавараў — гэта добра.

Арцём Гарбацэвіч: Ну але вось Еўропа — робіць усё, каб туды ўцякалі беларускія розумы, але ставіць бар'еры таварам.

Сямён Добкін: Я сам прыхільнік таго, каб людзі не з’язджалі. Гэта вялікая праблема і для мяне: супрацоўнікі з’язджаюць. Я іх дзе магу спрабую ўтрымаць, але калі чалавек прыняў рашэнне, то гэта нерэальна. Як ты яго ўтрымаеш, калі там у 4 разы заробак вышэй? З’язджаюць, і я не ўспомню, каб нехта вярнуўся.

Калі бачу, што чалавек вагаецца, то шукаю аргумент, а ён у такім выпадку адзін: «У цябе работа цікавая».

Бывае, спрацоўвае. Заробак таксама павысім, а так… У нас сярэдні заробак на фірме — 1000 рублёў.

Арцём Гарбацэвіч: Дык а рэальна нам Польшчу дагнаць? Недзе чытаў эканаміста, які тлумачыць, што з існым тэмпам росту нам ледзь не 200 год трэба. 

Сямён Добкін: Я таксама гэта чытаў. Але калі паставіць Беларусь у роўныя прававыя ўмовы з палякамі, а таксама зрабіць крокі ў частцы доступу да фінансаў, то дагонім за 15 год. 

Нам перадусім не хапае фінансаў — я кажу пра прыватны сектар. Тут яшчэ засталося дастаткова людзей, якія маюць і кваліфікацыю, і адукацыю, і ўзровень прадпрымальнасці. 

А што для гэтага рабіць? Ну тут эканамісты лепш адкажуць: падымаць рэйтынг краіны, каб сюды прыйшлі грошы, банкі. 

Я беларусаў вельмі высока цаню. Адзінае, пакуль яшчэ няма ў нашай ментальнасці паняцця (яго трэба закласці), што трэба вучыцца кожны год. Усе паспяховыя ІТ-фірмы займаюцца няспыннай адукацыяй персанала, яны разумеюць, што гэта вельмі важна.

Арцём Гарбацэвіч: У вас вельмі патрыятычныя развагі. А патрэбу вывучыць беларускую мову вы ўжо адчулі? 

Сямён Добкін: Я мінчук, я габрэй. Беларускую мову я вучыў у школе, аднак па-беларуску не гаварыў.

Але я прыхільнік таго, каб тут усё было па-беларуску. Было б правільна, каб усё справаводства пераведзена было б на беларускую. Я б тады вывучыў гэтую мову з задавальненнем.

Чаму не вывучу так? Разумееце, я не актыўны элемент у гэтым працэсе, я вельмі загружаны ў сваёй рабоце, вяду замкнёнае жыццё і пры існым стане рэчаў мне няма дзе сутыкнуцца з беларускай мовай.

Але вось і мая дачка таксама так лічыць, што гэта трэба зрабіць адміністратыўна. Гэта некалі намячалася, наколькі я ведаю. Але, на жаль, не ўдалося. Можа быць, яшчэ не позна прыняць такое рашэнне?

Вось я маю магчымасць перыядычна сустракацца са школьнікамі, у Мінску прынамсі з імі гавару рэгулярна. Іх стаўленне да беларускай мовы за апошнія 5 год змянілася радыкальна, таму я і звярнуў на гэта ўвагу, што цяпер яна ў іх на парадку дня.

Гады 3-4 таму яны не хацелі чуць пра беларускую мову нічога, а цяпер яны вучаць і спрабуюць гаварыць. З чым я звязваю гэтую прыхільнасць? Напэўна, дзеці ўжо адчулі сябе беларусамі, яны хочуць жыць у сваёй краіне, мець маркёры. Дзеці разумеюць, што мова павінна быць свая.

Арцём Гарбацэвіч: А як вам увогуле школьнікі — яны цяпер разумнейшыя за тых школьнікаў, якімі былі Добкіны? 

Сямён Добкін: У мяне такое ўражанне, што прынамсі мінскія дзеці пакалення 8-9 класа больш пісьменныя за нас.

Я думаю што прычыны тут дзве: значна лепш выкладаюць мовы, чым гэта рабілася ў наш час. Многія дзеці свабодна гавораць па-англійску. І інтэрнэт. Яны маюць інфармацыю, якая можа адрознівацца ад таго, што кажуць у школе. Гэта прымушае аналізаваць, галоўнае — думаць. У нас не было такой інфармацыі ў такім узросце. 

Каментары50

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ці праўда, што ўзмацніліся праверкі на беларускай мяжы? Што вядома

Ці праўда, што ўзмацніліся праверкі на беларускай мяжы? Што вядома

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, колькі беларусаў атрымалі ўкраінскае грамадзянства, а колькі іх выдварылі з краіны5

А вы ведалі, што ў Мінску працуе «Донер Трамп»? Што там прапануюць?2

Лукашэнка сёння ляціць у Расію13

«Я гатовая стаць міністрам эканомікі Беларусі». Новы твар у Кабінеце Аліса Рыжычэнка — пра карупцыю на карысць Лукашэнак, Зарэцкую і рэформы75

Выйшаў на свабоду медыяменеджар і былы футбаліст Сяргей Капанец1

Так выглядае Часаў Яр пасля захопу расіянамі ФОТЫ23

Насту Лойку перавялі на паўгода ў памяшканне камернага тыпу1

Пракуратура Польшчы пачала папярэдняе следства па справе аб візах PBH. Іх атрымлівалі ў асноўным беларускія айцішнікі8

Ціханоўскі адказаў Лукашэнку наконт палітвязняў: Проста зараз 20 аўтобусаў будзе на мяжы, трэба будзе, будзе 100 — забярэм усіх29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці праўда, што ўзмацніліся праверкі на беларускай мяжы? Што вядома

Ці праўда, што ўзмацніліся праверкі на беларускай мяжы? Што вядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць