Рэната Гутуза. Барацьба французскіх шахцёраў. 1948.

Рэната Гутуза. Барацьба французскіх шахцёраў. 1948.

Сустрэў адну адукаваную даму. Як і належыць людзям разумовай працы, яна супраць гвалту-насілля.

«Ах, спадар Анатоль, гэта жахліва. Няўжо вы падтрымліваце тых, хто спявае «Весь мир насилья мы разрушим»?»

«А вы, даражэнькая, выступаеце за «мир насилья»?»

Да дамы нешта дайшло. Яе вочы застылі. Яна зразумела, што ёй няправільна трактавалі гэтыя словы пралетарскага гімна, што раней яна сама над імі не задумвалася.

«Мир насилья» — гэта стары буржуазны «мир». Вось гэты свет, у якім багаты чыніць гвалт над бедным, фабрыкант — над рабочым, памешчык — над парабкам, і заклікаў знішчыць, зруйнаваць аўтар расійскага перакладу «Інтэрнацыянала» Аркадзь Коц. Але хтосьці інтэрпрэтаваў гэтыя словы як «Весь мир насильем мы разрушим» або як «Весь мир насильно мы разрушим». І пайшло-паехала. Асабліва ў асяроддзі абаронцаў старых парадкаў. І ў асяроддзі ліберальных людзей разумовай працы, якія лянуюцца самастойна ўчытацца і ўслухацца ў пераклад Коца. А Коц, трэба думаць, расійскую мову ведаў і адрозніваў «мир насилья» ад «мир насильем» і «мир насильно».

* * *

Кожнаму, хто цікавіцца тым, што такое «мир насилья», рэкамендую прачытаць хоць бы пра Манчэстэрскую бойню. І паглядзець мастацкі фільм «Пітэрлоа» («Peterloo»), выпушчаны амаль праз 200 гадоў пасля падзей 1819 года.

Чым былі выкліканыя вядомыя майму пакаленню паўстанні рабочых у Францыі і Германіі, як не насіллем?

Можна прачытаць, што ў 1831 годзе паўсталі ткачы ў Ліёне. А што было насамрэч? Рабочыя мірным спосабам дамагліся павышэння заробкаў, аднак фабрыканты парушылі дамову. Рабочыя выйшлі на мірную акцыю пратэсту. Калі дэманстранты з прыгарада падыходзілі да горада, нацыянальная гвардыя пачала ў іх страляць. Вось пасля гэтага рабочыя ўзяліся за зброю. Паўстанне падавіў напалеонаўскі маршал Сульт, які пайшоў на службу Арлеанам.

У лютым 1834 года ліёнскія рабочыя баставалі. Удзельнікаў стачкі пачалі судзіць. 6 красавіка рабочыя выйшлі на абарону сваіх таварышаў. Супраць 10 тысяч мірных маніфестантаў было 12 тысяч штыхоў. Суд спыніў працу, дэманстранты разышліся. 9 красавіка суд аднавіў працэс. Рабочыя і тыя, хто спачуваў ім, зноў выйшлі на вуліцу. І тут у натоўп пачалі страляць. Але гэта французы. Пачалося паўстанне. Пад чырвоным сцягам і пад лозунгам «Няхай жыве рэспубліка!».

З чаго пачалося знакамітае паўстанне сілезскіх ткачоў у 1844 годзе? З гвалту, які чынілі над рабочымі. Яны, даведзеныя да адчаю, спадзяваліся на Бога і караля прускага ды выходзілі на мірныя сходкі, каб абмеркаваць пытанне: як быць? А на іх за гэта нападалі паліцыя і слугі фабрыканта Цванцыгера. Аднаго з рабочых жорстка збілі і кінулі ў кутузку. Рабочыя выйшлі пратэставаць. Мірная акцыя з «падачы» слугаў фабрыканта перарасла ў бойку…

А расстрэлы мірных работніцкіх акцый у Расіі! Самыя знакамітыя — Крывавая нядзеля (21.01.1905), Курлоўскі расстрэл у Мінску (31.10.1905), расстрэл на Ленскіх залатых капальнях (4.04.1912).

Смею запэўніць, што «мир насилья» нікуды не падзеўся. Паспрабуйце ў сучаснай Беларусі арганізаваць стачку за справядлівую заработную плату…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?