23 студзеня ў Слаўгарадзе здарыўся пажар у прыватным доме, у выніку якога пацярпела пажылая жанчына, паведамляе міліцыя.

Гаспадыня дома вячэрала з сынамі і нявесткай. Злоўжыўшы алкаголем, адзін з сыноў, 27-гадовы мужчына, пачаў сварыцца са сваякамі. Яго выставілі за дзверы.

Скандалісту не спадабаўся такі паварот, і ён пачаў патрабаваць яшчэ алкаголю і пагражаць продажам сельскагаспадарчага інвентару, калі яго патрабаванні не задаволяць. Калі ў яго адабралі інвентар, мужчына, узяўшы ў хляве бензін, абліў ім веранду, а потым падпаліў яе.

Пажар патушылі да прыезду ратавальнікаў сваякі дэбашыра. Акрамя веранды пацярпела яшчэ і гаспадыня дома: кроплі гаручай вадкасці патрапілі на яе. Жанчыне дапамаглі медыкі.

Падазраванага затрымалі. На яго завялі крымінальную справу.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?