Найбуйнейшыя ўкраінскія медыягрупы заблакавалі сігналы сваіх галоўных тэлеканалаў на спадарожніках. Цяпер, каб глядзець украінскія тэлеканалы праз спадарожнікавую талерку, трэба будзе стаць абанентам афіцыйных спадарожнікавых украінскіх аператараў. Рашэнне суперідыёцкае. Чаму?

Праблема ў тым, што большасць жыхароў Украіны (акрамя Крыма і акупаванай часткі Данбаса) яно ніяк не закране. Украінцы і без спадарожнікавых талерак могуць спакойна глядзець сваё тэлебачанне. Ва Украіне ёсць такая штука, якая называецца Т2 — гэта 32 абсалютна бясплатныя лічбавыя ўкраінскія тэлеканалы, даступныя на абсалютнай большасці тэрыторыі Украіны. Калі ёсць магчымасць глядзець бясплатна на Т2, украінцы не будуць купляць падпіску на «спадарожнік».

А вось для жыхароў акупаваных тэрыторый Данбаса, Крыма, суседніх краін (поўдня Расіі, Беларусі, Малдовы, Польшчы, краін Балтыі) «талерка» была адзіным спосабам глядзець украінскае тэлебачанне.

Украінскія алігархічныя тэлеканалы шмат крытыкуюць ва Украіне і крытыкуюць іх справядліва: за нізкапробныя шоу, маніпуляцыю грамадскай думкай, за тое, што яны з'яўляюцца інструментам у руках алігархаў.

Але як бы там ні было, гэтыя каналы былі голасам Украіны, часткай яе інфармацыйнай і культурнай прасторы. Яны забяспечвалі сувязь з акупаванымі тэрыторыямі і дазвалялі даносіць пэўныя наратывы да гледачоў з суседніх краін. Цяпер гэта знішчылі.

Чуў такія снобскія галасы ва Украіне, што, маўляў, яно і добра, што каналы гэтыя алігархічныя сталі платнымі на «спадарожніку», людзі «быдласкрыню» будуць менш глядзець і што ёсць інтэрнэт, YouTube, падкасты і г.д.

Але такія наіўныя думкі фэйсбучнай фанабэрыстай «прагрэсіўнай эліты» толькі сведчаць пра слабае разуменне рэалій і інфантылізм. Украіна сама кідае людзей (у тым ліку сваіх грамадзян на Данбасе і ў Крыме) у абдымкі Кісялёва і Скабеевай.

Як казаў адзін міністр суседняй краіны, «Д….., б…..».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?