Кур'ёзны выпадак адбыўся на днях у Пінску, паведамляе прэс-служба міліцыі.

У мясцовы райаддзел звярнулася жанчына, яна распавяла, што з яе машыны скралі антырадар і FM-мадулятар. На месца здарэння прыехала следча-аператыўная група: побач з ручніком ляжаў смартфон, які не належаў гаспадыні…

У фотагалерэі мабільніка аператыўнікі выявілі здымкі маладых людзей на фоне аўтамабіляў, што, як пазней высветлілася, таксама былі ўскрытымі. Ідучы па здымках «фатографа», сышчыкі на суседняй вуліцы знайшлі яшчэ адну ўскрытую машыну, з якой былі скрадзеныя радыёстанцыя і відэарэгістратар.

Пазней усплыла яшчэ адна цікавая дэталь. Некалькі дзён таму ў міліцыю звярнулася пінчанка, якая паведаміла, што яе сын згубіў тэлефон, аднак сам ён пра гэта не хацеў казаць.

Калі ў госці да сям'і наведаліся супрацоўнікі міліцыі з тым самым тэлефонам, хлопец спачатку не хацеў «пазнаваць» яго. Але змесціва мабільніка пацвердзіла — гаспадар менавіта ён.

Як аказалася, двое таварышаў 21 і 18 гадоў зараблялі аўтакрадзяжамі.

А ў якасці трафея рабілі на тэлефон сэлфі ў машынах. Падчас апошняга крадзяжу мабільнік непрыкметна выслізнуў з кішэні і выдаў усю крымінальную праўду аб сваім маладым гаспадары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0