Шэсць тысяч чалавек на борце круізнага лайнера ў Італіі не могуць сысці на бераг, пасля таго як у адной пасажыркі з Макаа выявілі сімптомы віруснай інфекцыі. Першыя вынікі аналізаў не пацвердзілі, што ў яе каранавірус, паведамляе BBC.

54-гадовая кітаянка і яе муж часова ізаляваныя на борце судна «Коста Смеральда», які здзяйсняў круіз па Міжземным моры і цяпер прышвартаваўся ў порце Чывітавек'я непадалёк ад Рыма.

Нікому з астатніх пасажыраў улады таксама не дазволілі пакінуць судна, уключаючы больш за 1000 чалавек, у якіх круіз скончыўся.

Ёсць на лайнеры і беларусы. Гэта Аляксандр Мілашэўскі і яго жонка Алена, паведамляе Tut.by.

23 студзеня на круізным лайнеры кампаніі Costa Crociere пара адправілася ў падарожжа па Міжземным моры. Пабывалі ў Італіі, Іспаніі, Францыі і сёння ў 7.30 раніцы вярнуліся ў порт горада Чывітавек'я.

Адміністратар сказала Аляксандру, што ўсім забаронена пакідаць лайнер. І папярэдзіла: чакайце далейшых інструкцый, але колькі чакаць — не патлумачыла.

— Адразу паведамлялі, што праверка зацягнецца дзесьці на паўгадзіны. Людзі сабраліся бліжэй да выйсцяў, але ўсё гэта цягнецца дагэтуль, — апісвае сітуацыю турыст. — Пра тое, што гэта каранавірус, не паведамляюць. Адзін раз назвалі 2 кітайскія прозвішчы і папрасілі гэтых турыстаў падысці на рэсепшн. Цяпер кажуць, што санітарная праверка праводзіцца ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў свеце. Нібыта вынікі пробаў будуць вядомыя толькі ўвечары. Гэта значыць, да гэтага часу мы ўсё яшчэ будзем знаходзіцца на лайнеры. Пашпартоў у нас усё яшчэ няма. Масак для абароны нам таксама не выдалі.

Турбуе беларусаў і той факт, што а 16.00 (а 18.00 па мінскім часе) яны павінны былі вылецець з Рыма ў Вільню.

— На самалёт мы ўжо спазніліся, але ні пра якія кампенсацыі ніхто не кажа. Квіткі каштуюць 300-400 еўра, — кажа суразмоўца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0