pixabay.com

У ЗША і Канадзе сёння адзначаецца Дзень сурка.

Лічыцца, што вясна будзе ранняй, калі сурок Філ са штата Пенсільванія вылезе з нары і не спалохаецца свайго ценю (будзе пахмурна), інакш вясны прыйдзецца чакаць яшчэ шэсць тыдняў.

Той самы Філ праславіўся дзякуючы аднайменнаму фільму з Білам Мюрэем у галоўнай ролі. А традыцыі ўжо 133 гады.

Што такое Дзень сурка для нас? Насамрэч сёння, 2 лютага, каталікі і праваслаўныя ў Амерыцы, Балгарыі, Румыніі, Грэцыі адзначаюць Грамніцы (15 лютага іх святкуюць праваслаўныя, што трымаюцца юліянскага календара).

На Грамніцы ў цэрквах свецяць свечкі, каб яны аберагалі хаты ад перуна.

У народзе кажуць: «Грамніцы — палавіна зіміцы, маразоў палавіцы», ад сёння сонца павяртае на вясну.

Народныя прыкметы такія: «Як на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, дык на Юр’я [23 красавіка] вол наесца травіцы» (калі сёння адліга, то і вясна будзе ранняй),

«Як на Грымніцы адліга, з ураджаю будзе хвіга» (калі сёння адліга, то вясна ранняя, а яна не спрыяе добраму ўраджаю, бо рана высыхае зямля).

Роўна год таму, 2 лютага, на Грамніцы таксама была адліга (+1 у Мінску), і далейшая зіма была абы-што: на вуліцы быў пераважна плюс, толькі з 21 па 24 лютага маразы дасягалі «фантастычныя» мінус чатыры.

У сакавіку год таму маразоў не было. 8 сакавіка наогул было +12. 24 сакавіка — +9, а пад канец месяца — +15.

Трэба дадаць, што гэтая зіма зусім не ўнікальная. Так люты ў 1990 г. таксама быў цёплы, 9 лютага ў Брэсце было +18.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?