Прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі 13 сакавіка сустрэўся ў Варшаве са старшынём не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі (СПБ) Анжалікай Борыс і актывістам аб'яднання Анджэем Пачобутам.

У інтэрв'ю БелаПАН А.Пачобут паведаміў, што кіраўніцтвам СПБ прынята рашэнне пакуль не абвяшчаць сутнасць перамоў з польскім прэзідэнтам.

«Мы вельмі ўдзячныя прэзідэнту Польшчы за падтрымку, — сказаў А.Пачобут. — Напярэдадні VII з’езда Саюзу палякаў на Беларусі, што павінен адбыцца ў Гродне 14—15 сакавіка, склалася вельмі цяжкая сітуацыя. На дэлегатаў аказваецца велізарны ціск, людзям пагражаюць звальненнем з працы, калі яны возьмуць удзел у з’ездзе арганізацыі. Мы вырашылі пакуль не паведамляць падрабязнасці сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы, каб яшчэ больш не «разгойдваць» сітуацыю. Разам з тым, мы заяўляем, што калі беларускія ўлады сарвуць з’езд, мы выйдзем на плошчу і правядзем акцыю пратэсту».

Паводле слоў актывіста, на з’ездзе плануюць прысутнічаць прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Польшчы, польскіх сойма і сената, а таксама дэпутаты Еўрапарламента. Дэлегаты з’езда правядуць выбары кіраўніцтва СПБ і падвядуць вынікі дзейнасці арганізацыі за апошнія чатыры гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?