03.02.2020 / 19:46

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у лютым 3

Найлепшыя шматсерыйныя стужкі, якія можна ўбачыць у апошні месяц зімы. У нашым спісе будуць як прэм’еры, так і серыялы, якія вяртаюцца ў эфір пасля перапынку.

«Нарка: Мексіка» (Narcos: Mexico)

Крымінальная драма. ЗША, Мексіка, 2-і сезон

Серыял «Нарка», які працягваўся тры сезоны, займеў вялізную папулярнасць ва ўсім свеце. Першыя два сезоны — гэта супрацьстаянне амерыканскіх агентаў УНБ (упраўленне па барацьбе з наркотыкамі) з легендарным наркабаронам Пабла Эскабарам. Гэты чалавек стварыў вялізную нелегальную імперыю і стаў адным з найбагацейшых людзей планеты. Эскабар настолькі адчуваў сваю беспакаранасць і усемагутнасць, што нават выношваў планы стаць прэзідэнтам Калумбіі. Трэці сезон — гэта барацьба з наркакартэлем Калі, які трымаўся ў першую чаргу не на сіле і запалохваннях, а на інтэлекце і хітрыках.

Пасля гэтага «Нарка» пераязджае ў Мексіку. Планавалася спачатку, што гісторыя наркакартэля Гвадалахары і яго лідара Фелікса Гальярда разгорнецца ў чацвёртым сезоне, але ў выніку быў створаны асобны серыял. У «Мексіцы» будзе ўсё тое, за што палюбілі «Нарка»: інтрыгоўная гісторыя, палітыка, жорсткасць, хітраспляценні, хабарніцтва, асабістая мужнасць і здрады. Рэйтынг крыху меншы, чым у класічных «Нарка», але глядзець усё адно варта.

«Відазменены вуглярод» (Altered Carbon)

Кіберпанк. ЗША, 2-і сезон

XXVII стагоддзе. Уявім, што чалавек можа не «паміраць»: у нягоднасць прыходзіць толькі ягонае цела, а вось памяць, успаміны, характар можна захаваць на адмысловых носьбітах, пасля чаго перазаліць у іншыя целы, якія разглядаюцца як проста «сасуды». Багацеі могуць ствараць бясконцую колькасць уласных копій, пры гэтым заўжды застаючыся маладымі. Гэта адначасова і вялікі дар, але і вялікае выпрабаванне.

Галоўным героям серыяла з’яўляецца наёмны забойца з дзіўным японска-балканскім імем Такешы Ковач. Ён «прачынаецца» праз 250 гадоў не ў сваім целе, яго наймаюць расследаваць пакушэнне на мільярдэра Лорэнса Бэкфарда, але, вядома, гэта толькі адно са звёнаў больш заблытанага ланцужка.

Серыял зняты паводле кнігі брытанца Рычарда Моргана, напісанай у 2002 годзе, гэта класіка літаратурнага жанру кіберпанк.

«Радзіма» (Homeland)

Палітычны трылер. ЗША, 8-ы сезон

Культавы серыял «Радзіма» падыходзіць да фінішу, 9 лютага пачнецца апошні сезон. За час эфіру Homeland атрымаў шэсць «Залатых глобусаў» і дзесяць «Эмі». Для многіх развітанне з шоу стане непрыемным сюрпрызам, але стваральнікі кажуць, што серыял канчаткова сябе вычарпаў.

Марпех Нікалас Броўдзі шмат гадоў правёў у палоне ў баевікоў з «Аль-Каіды». Падчас адной з контраперацый амерыканцаў у іх атрымліваецца вызваліць Броўдзі з палону, хоць ён даўно лічыўся памерлым. На радзіме марпеха ўсе лічаць героем, апроч супрацоўніцы ЦРУ Кэці Мэцісан, якая лічыць, што Броўдзі быў завербаваны тэрарыстамі і рыхтуе нешта нядобрае ў ЗША. Дык хто гэты чалавек: узор, на якога могуць раўняцца іншыя, ці здраднік?

«Паляўнічыя» (Hunters)

Драма. ЗША, 1-ы сезон

Мабыць, самая чаканая навінка месяца. Нью-Ёрк, 1977 год. Другая сусветная вайна скончылася ўжо больш за трыццаць гадоў таму, але частка нацысцкіх злачынцаў па-ранейшаму выношвае план усясветнага валадарання і пабудовы Чацвёртага Рэйху. Гэтыя людзі даўно аселі ў Штатах, дзе і плятуць свае падступныя планы.

Супрацьстаяць нацыстам у гэтым будзе так званая група «паляўнічых», у якую сабраліся людзі самых розных прафесій, з розным бэкграўндам і імкненнямі. Узначальвае «паляўнічых» Меер Оферман, якога сыграў знакаміты Аль Пачына, чалавек, які перажыў Асвенцім, а цяпер паставіў за мэту не дапусціць таго, каб нацысты рэалізавалі свае помыслы.

Прадзюсар серыяла Джордан Піл так адрэкамендаваў шоу: «Калі я пачуў ідэю, то адразу зразумеў, што павінен удзельнічаць. Гэта катарсіс. Гэта нуар. Гэта жахліва актуальна. Гэта менавіта тое, што я хачу ўбачыць па тэлевізары». Серыял будзе зняты часткова на рэальных падзеях.

«Ключы Локаў» (Locke & Key)

Жахі, драма. ЗША, 1-ы сезон

Серыял зняты паводле коміксаў, якія маляваў Джо Хіл — сын караля жахаў Стывена Кінга. Пасля смерці бацькі Тайлер, Кінсі і Бодзі Лок разам са сваёй маці пераязджаюць у гарадок Лаўкрафт (абсалютна невыпадковая назва) у родавы маёнтак «Дом ключоў». Там яны спадзяюцца на ціхае жыццё, але сям’ю пачынае пераследаваць адзін з забойцаў бацькі, а ў доме яны знаходзяць містычныя ключы, якія надзяляюць падлеткаў звышнатуральнымі сіламі. Джо Хіл, падобна да бацькі, даследуе траўмы і спадчыну галоўных герояў. Серыял мае няпростую гісторыю экранізацыі, яго здымкі збіраліся пачаць яшчэ 10 гадоў таму, але стужка так і не з’явілася на экранах. Пасля гэтага яна яшчэ мяняла канал, на якім павінна была адбыцца прэм’ера. Урэшце за рэалізацыю ўзяўся добра ўсім вядомы Netflix.

Глядзі таксама: 

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у студзені

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у снежні

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у лістападзе

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Зміцер Панкавец

3
Хэльвіг / Адказаць
03.02.2020 / 21:35
Ня ведаю, хто ў НН адказны за пераклад назваў сэрыялаў ці нейкіх іншых рэчаў, але назва "Нарка" мяне зьдзівіла. Ніколі не чуў такога выразу ў беларускай мове, хаця назва Narcos з гішпанскай перакладаецца як "Наркадылеры" альбо "Наркагандляры" ці больш нэўтральна - "Гандляры наркотыкамі". Тады адразу зразумела пра што будзе сэрыял.
2
Satan / Адказаць
04.02.2020 / 12:51
Лучший сериал февраля - это второй сезон Чудотворцев. Первая серия выглядит очень многообещающе. Пожалуй, тут может даже случиться так, что второй сезон будет лучше первого.
0
Dr. Leper / Адказаць
04.02.2020 / 18:16
Марпех Нікалас Броўдзі шмат гадоў правёў у палоне ў баевікоў з «Аль-Каіды». Падчас адной з контраперацый амерыканцаў у іх атрымліваецца вызваліць Броўдзі з палону, хоць ён даўно лічыўся памерлым. На радзіме марпеха ўсе лічаць героем, апроч супрацоўніцы ЦРУ Кэці Мэцісан, якая лічыць, што Броўдзі быў завербаваны тэрарыстамі і рыхтуе нешта нядобрае ў ЗША. Дык хто гэты чалавек: узор, на якога могуць раўняцца іншыя, ці здраднік?
Броуди в третьем сезоне.. закончился, алло :)

https://nn.by/?c=ar&i=245482
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру