Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра візіт Майкла Пампеа ў Беларусь і прагназуе змены ў стаўленні да амерыканцаў, якія маюць адбыцца неўзабаве.

Апошнім разам дзяржсакратар ЗША сустракаўся з беларусамі ў 2005 годзе. Тады на гэтай пасадзе была Кандаліза Райс, якая запомнілася кліру тым, што назвала Беларусь «апошняй дыктатурай Еўропы» і заявіла, што ў нашай краіне мусіць наспець «час пераменаў». Райс не выказала зацікаўленасці ні ў Лукашэнку, ні ў кіраўніку МЗС, а само мерапрыемства здарылася ў Вільні.

Тады ў ім удзельнічала сем чалавек ад апазіцыі. Праз месяц я апынуўся з адной з удзельніц сакрэтнай віленскай сустрэчы ў цягніку, што валокся на Кіеў.

Калі беларускі памежнік пабачыў прозвішча маёй каляжанкі, ён збялеў тварам і выбег у калідор. Там ён прашаптаў праклятае прозвішча рацыі, і з купэ добра было чутно, як рацыя, памаўчаўшы некалькі секунд, скамандавала: «Дзяцел!»

«Дзяцел», як высветлілася, было сакрэтным словам для паглыбленага дагляду. Пад дагляд трапілі ўсе валізы і заплечнікі, што былі ў адным памяшканні з чалавекам, які стасаваўся з такім небяспечным для беларускай стабільнасці ўзору 2005 года фруктам, як дзяржсакратар ЗША.

— Друкаваную прадукцыю везяце? — запытаўся мытнік у мяне строга. Ён і на мне таксама пабачыў злавесны цень амерыканскай ваеншчыны, не інакш.

— Што вы! — спужаўся я і паказаў заплечнік, у якім ляжала толькі дзве кашулі.

— А гэта што? — нахмурыўся ён, паказваючы на газету «Народная воля», што ляжала пры мне на купэйным століку.

— Дык гэта ж газета, — паціснуў я плячыма, — зарэгістраваная ў РБ.

Газета была разгорнутая і пільна агледжаная. Газета таксама падпала пад падазрэнне ў сувязі з тым, што яе мог мацаць сваімі пальцамі суб’ект, які бачыў дзяржаўнага сакратара ЗША.

Ну і вы бачыце: дзе тая Кандаліза Райс? Дзе тыя абяцанні перамен? Цяпер з дзяржаўным сакратаром ЗША сустракаецца той, каго папярэдні дзяржсакратар называў «апошнім дыктатарам Еўропы».

А пад код «Дзяцел» на мяжы рызыкуюць падпасці хіба блогеры, якія дазваляюць сабе сумнявацца ў правамернасці ўмяшальніцтва амерыканскай нафтаздабычы ў крохкі баланс вуглевадародных стасункаў паміж Мінскам і Масквой.

Але мне вось за што неспакойна.

Я ўжо паверыў у тое, што беларускае кіраўніцтва з Пампеа «даўно знаёмае». Што мы разам ваявалі супраць фашыстаў у Другую сусветную вайну. Што амерыканцы — тыя ж беларусы, адзін народ, і як не прыняць сяброўскую руку са жменямі нафты, што на сто адсоткаў закрые патрэбу нашай краіны ў паліве для трактароў?

Але як там з наменклатурай? З сістэмай? Ці ва ўсіх там такая ж рухомая псіхіка, як у мяне, пісьменніка, які ўжо даўно нічому не здзіўляецца?

Вось глядзіце: проста напярэдадні візіту дзяржсакратара ЗША адзін уладны дзядзя, разважаючы пра перспектывы адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, асудзіў тых, хто «сядзіць на канапе з гамбургерам». Яны, маўляў, бачаць асуджанага на выключную меру «ахвярай дзяржавы». І самае цікавае тут — той самы гамбургер.

Бо што зламыснікі, якія адмаўляюць дзяржаве ў такой базавай патрэбе, як забіванне дрэнных грамадзян, робяць на канапе з гамбургерам? І хто ў іхныя рукі той гамбургер уклаў? Відавочна ж, што не мітрапаліт гэта зрабіў і не намеснік райвыканкама па ідэалогіі. Толькі амерыканская ваеншчына можа раздаваць гамбургеры нязгодным беларусам. І, атрымаўшы гамбургеры, яны іх не ядуць, а сядзяць з імі на канапах. І кажуць гадасці пра сістэму. Так і жывуць з тымі гамбургерамі. Спяць з імі, на работу ходзяць з імі.

Вы можаце смяяцца, але гэтая карціна свету цалкам натуральная для большасці людзей з кабінетаў. Іх прывучалі да антыгамбургернага мыслення 20 гадоў. І ў межах гамбургерафобіі сустрэча, якую правёў Аляксандр Лукашэнка 1 лютага, інакш як здрада ўспрымацца не можа. Так, яны могуць навучыць свой язык казаць добрае пра ЗША. Што мы — адзін народ, даўно ведаем Пампеа і г.д. Але ім будзе вельмі складана перавучыцца думаць па-іншаму.

Бо з меркаванняў наяўных раскладаў у энергетычнай бяспецы не гамбургер мусіць быць у руках чалавека, які гундзіць дрэннае пра ўладу. Капуста можа быць у ягонай барадзе. Грэча ў лапцях. Плямы баршчу на кашулі. Але ніяк не гамбургер. Гамбургер цяпер для нас — прыкмета выключна харошага героя. Гамбургер і кола. І кардонная карона з «Бургер Кінга».

Як навучыць гэтых людзей любіць кока-колу? Ці можна гэта зрабіць? Вы ж глядзіце — той, каго так не любіла Кандаліза Райс, паспяхова спраўляецца з гэтай задачай. Сёння рускія нам браты, заўтра — кітайцы, паслязаўтра — амерыканцы.

А ягоная світа — не, буксуе. Не спраўляюцца.

Іх так старанна рассаджвалі па акопах, так доўга ўзбройвалі выразамі «піндосы», «амерыкосы» і г.д., што цяпер, распісаныя пад Рональда Макдональда, абцяжараныя прыязна-белазубай усмешкай, яны выглядаюць няўклюдна.

Але, як па мне, тое, што адбываецца, — дужа добра. Хай вучаць англійскую. Хай глядзяць коміксы DC. Хай забываюць пра рэптылоідаў і вучацца глядзець па баках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?