«Коммерсант»: Следам за Украінай ЗША спрабуюць адарваць ад Расіі былыя савецкія рэспублікі

Першае ў новым годзе вялікае замежнае турнэ кіраўніка дыпламатыі ЗША прадэманстравала рашучы паварот Вашынгтона насустрач найбліжэйшым хаўруснікам Масквы, паведамляе «Коммерсант».

«Перамовы Майка Пампеа паказалі: следам за Украінай ЗША спрабуюць адарваць ад Расіі былыя савецкія рэспублікі, якія ўваходзяць у інтэграцыйныя аб'яднанні ў зоне яе стратэгічных інтарэсаў», — піша расійскае выданне.

Цалкам гэта выявілася падчас візіту дзяржсакратара Пампеа ў Мінск, які працягваўся менш за дзень, але які меў велізарнае значэнне для абодвух бакоў, адзначае «Коммерсант».

Выданне піша, што амерыканская нафта, пра якую казаў Майк Пампеа, не зможа стаць паўнавартаснай альтэрнатывай нафце з Расіі з-за высокай цаны. Па словах Дзмітрыя Марынчанкі з Fitch, здабычай нафты ў ЗША займаюцца прыватныя кампаніі, ніякіх нярынкавых скідак яны для Беларусі дакладна рабіць не будуць — таму амерыканская нафта, асабліва з улікам транспартнага пляча, будзе даражэйшай за расейскую.

Вельмі верагодна, што Расія застанецца калі не адзіным, то, прынамсі, самым буйным пастаўшчыком нафты ў Беларусь у агляднай будучыні, лічыць апытаны выданнем эксперт.

РБК: Візіт Пампеа ў Мінск з'яўляецца цэнтральным

Цэнтральнай падзеяй турнэ Пампеа стаў візіт у Беларусь, піша РБК.

Візіт праходзіў на фоне крызісу ў адносінах Мінска і Масквы. Ім да гэтага часу не ўдалося ўзгадніць умовы пастаўкі нафты ў Беларусь.

ЗША бачаць складанасці ў адносінах Мінска і Масквы і не могуць прапусціць гэты момант; але пакуль што словы пра поўнае замяшчэнне расійскай ролі ў пастаўках энергарэсурсаў не могуць ажыццявіцца, упэўнены дацэнт РГГУ Аляксандр Гушчын. Для Масквы візіт Пампеа — сур'ёзны званок, Лукашэнка будзе выкарыстоўваць яго як козыр у перамовах з Расеяй, упэўнены эксперт, апытаны РБК.

«РИА Новости»: «У амерыканцаў думка простая: адарваць Беларусь ад Расеі»

Яшчэ да прыезда Болтана ў Мінск «РИА Новости» апублікавалі каментар доктара палітычных навук прафесара Расійскай акадэміі навук Аляксандра Гусева.

«Мне здаецца, Лукашэнка разглядае гэты візіт больш як эканамічны, чым палітычны. А для ЗША гэта палітычны выклік, перш за ўсё — Расіі. Таму што ўсе выдатна разумеюць, што Беларусь — гэта фарпост Расіі, і ўсе звыклі так лічыць. Для Пампеа вельмі важна празандаваць глебу, даведацца настроі беларусаў, агульную сітуацыю ў краіне, праецыюючы ўсё гэта на Расею», — сказаў эксперт у гутарцы з «РИА Новости».

Для амерыканцаў гэты візіт важны, бо яны лічаць, што Беларусь аддаляецца ад Расеі, адзначыў эксперт.

«У амерыканцаў думка простая: адарваць Беларусь ад Расеі. А Лукашэнка перш за ўсё шукае танную нафту і газ за межамі Расіі — абсалютна прагматычныя мэты. Ён шукае пастаўшчыкоў. Лукашэнка цяпер паміж молатам і кавадлам, для яго вельмі важна знайсці пастаўшчыкоў, ён шукае па ўсім свеце — і ААЭ, і ЗША, і іншыя краіны. Я думаю, прыезд Пампеа абсалютна невыпадковы. Амерыканцы ж заяўлялі, што яны будуць аддаляць краіны Цэнтральнай і Сярэдняй Азіі ад краіны. А цяпер Беларусь», — падкрэсліў ён.

«Новая газета»: ЗША ўсур'ёз прыходзяць у постсавецкі рэгіён

Суботні візіт у Мінск — гэта толькі частка вялікай еўразійскай паездкі дзяржсакратара ЗША, піша «Новая газета». Але гэта вельмі важная падзея і для Беларусі, і для іншых краін. Гэтая паездка — сведчанне таго, што ЗША нарэшце ўсур'ёз прыходзяць у постсавецкі рэгіён.

«Раней яны заставаліся сферай уплыву Расіі, затым імі зацікавіўся Кітай і пачаў даволі агрэсіўныя эканамічнае засваенне рэгіёну. Цяпер жа сваю ўвагу на сітуацыю ў постсавецкіх краінах сур'ёзна звярнулі Злучаныя Штаты, а гэта значыць, што рэгіён становіцца полем для самых сур'ёзных сусветных гульцоў», — піша выданне.

RT: «Дамоўленасці з Вашынгтонам — шлях да ліквідацыі Беларусі як дзяржавы»

Апытаныя RT эксперты лічаць, што ЗША зацікаўленыя ў аслабленні сувязяў паміж Беларуссю і Расіяй. Яны палохаюць, што супрацоўніцтва з Вашынгтонам можа выклікаць жахлівыя наступствы.

Майк Пампеа — не першы высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік, які наведвае Беларусь у час прэзідэнцтва Дональда Трампа, заўважаюць прапагандысты.

У размове з RT дырэктар Цэнтра геапалітычных экспертыз Валерый Каровін заявіў, што актывізацыя палітыкі ЗША на беларускім кірунку, вынікам якой стаў першы за больш чым чвэрць стагоддзя візіт дзяржсакратара ЗША ў Мінск, можа быць выкліканая «рэальнай перспектывай стварэння новай саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі».

На думку эксперта, у Вашынгтоне маглі менавіта такім чынам інтэрпрэтаваць і канстытуцыйныя змены, пра якія ў пасланні Федэральнаму сходу заявіў прэзідэнт Расіі.

«У выніку канстытуцыйных змяненняў у Расіі можа скласціся досыць раўнаважкая, разгрупаваная сістэма ўлады, што адкрывае магчымасць для раўнапраўнага саюза Расіі і Беларусі. ЗША ж стварэнне такога новага геапалітычнага суб'екта ўспрымаюць як пагрозу», — заявіў Валерый Каровін.

Беларусі не варта спадзявацца, што з дапамогай ЗША яна ўмацуе свой суверэнітэт, адзначае эксперт. Прыклад Украіны паказвае, што вынік можа быць процілеглым.

«Лукашэнку падмануць, прычым падмануць самым жорсткім чынам. Ён не толькі не атрымае нафты па тых цэнах, па якіх хоча, — яны наогул нічога не атрымаюць. Навошта амерыканцам беларускія нафтапрадукты на еўрапейскім рынку, калі гэты выдатны рынак можа быць запоўнены самімі амерыканцамі? Гэта магчыма, толькі калі беларуская нафтавая прадукцыя будзе цалкам прададзеная амерыканскім магнатам», — лічыць Валерый Каровін.

На думку палітолага, любыя новыя дамоўленасці Мінска з Вашынгтонам цяпер — гэта шлях да «ліквідацыі Беларусі як суверэннай дзяржавы».

На думку прафесара НДУ ВШЭ Дзмітрыя Яўстаф'ева, узмацненне ўзаемадзеяння на амерыканскіх умовах носіць у сабе для Мінска «ўкраінскі варыянт развіцця дзяржаўнасці і эканомікі». Абяцанням Пампеа, паводле яго слоў, не варта верыць.

«Гэта абсалютна маніпулятарныя рэчы, накіраваныя на тое, каб адарваць Беларусь ад Расеі і прымусіць Аляксандра Лукашэнку зрабіць палітычныя заявы, якія выведуць яго за лінію невяртання ў адносінах з Масквой», — заявіў у каментары RT Яўстаф'еў.

«Украина.ру»: Амерыцы хацелася б «дадаць Беларусь у ланцуг русафобскіх рэжымаў»

Адрэагаваў на візіт Пампеа ў Мінск і сайт «Украина.ру», які належыць расійскаму дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву «Россия сегодня», генеральным дырэктарам якога з'яўляецца прапагандыст Дзмітрый Кісялёў.

Калумніст выдання Расціслаў Ішчанка піша, што Лукашэнка і Макей відавочна чакалі ад візіту Пампеа большага.

«Прычым, мяркуючы па ўсім, Макей абяцаў Лукашэнку прарыў на Захад. Бацька ў нахабнай форме адмовіўся ад ім жа выпрашанага візіту ў Сочы, нагаварыў пра Расею і яе кіраўніцтва цэлы мех гадасцяў, адкрыта даў зразумець Пампеа, што гатовы пераарыентавацца на ЗША, і меў разлічваць на ўзаемнасць. А ў выніку Пампеа толькі паабяцаў вярнуць амерыканскага амбасадара ў Мінск (амерыканцы самі гэтага дамагаліся 12 гадоў, таму гэта нават не крок насустрач) і з мэтай падтрымання беларускага суверэнітэту прадаць Бацьку дарагую амерыканскую нафту. Што ж тычыцца пытання антыбеларускіх санкцый, то Пампеа заявіў, што ЗША пакуль што не гатовыя іх адмяніць», — піша сайт.

Аўтар параўноўвае Лукашэнку з партызанам, які «і таварышам здрадзіў, і каровы яму немцы не далі».

Ішчанка ўпэўнены, што спачатку планавалася значна больш цёплае спатканне і Пампеа падаваў адпаведныя надзеі.

«Інакш асцярожны Лукашэнка і не менш асцярожны Макей не пайшлі б на такую дэманстратыўную спробу сепаратнай змовы ва ўрон Расіі», — піша «Украина.ру».

Ішчанка лічыць, што Амерыцы хацелася б «дадаць Беларусь у ланцуг русафобскіх рэжымаў».

«Але навучаныя горкім украінскім вопытам ЗША разумеюць, што таннай зменай рэжыму ўсё не заканчваецца, а толькі пачынаецца», — піша аўтар.

ТАСС: Нішто не зменіць фундамент адносін паміж Расіяй і Беларуссю

Ні Злучаныя Штаты, ні Еўропа не могуць змяніць фундаментальную канфігурацыю адносін паміж Расіяй і Беларуссю. Такое меркаванне ў суботу ў размове з карэспандэнтам ТАСС выказаў старшыня Савета фонду Міжнароднага дыскусійнага клуба «Валдай» Андрэй Быстрыцкі.

Пры гэтым эксперт адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка пагружаны ў сваю ўнутрыпалітычную беларускую праблематыку, якая, паводле яго слоў, з'яўляецца вельмі няпростай.

Кажучы пра тое, ці значыць гэты візіт, што Вашынгтон спрабуе перацягнуць Мінск на свой бок, каб стварыць яшчэ адзін цэнтр ціску на Расію, як з Украінай, аналітык адказаў адмоўна.

«Я думаю, што ЗША праводзяць больш дыверсіфікаваную палітыку і спрабуюць перагледзець многія адносіны. Яны перагледзелі адносіны і з Паўночнай Карэяй, таксама, думаю, і тут», — дадаў ён.

Быстрыцкі таксама звярнуў увагу на словы Пампеа пра тое, што яго візіт не накіраваны супраць Расеі.

«Таму я не думаю, што гэта супраць Расіі. Проста некаторым чынам і Пампеа, і [прэзідэнт ЗША Дональд] Трамп праводзяць некаторую рэвізію знешнепалітычных арыентацый», — дадаў ён.

Разважаючы пра тое, ці зможа візіт амерыканскага дзяржсакратара адбіцца на Саюзнай дзяржаве, эксперт таксама выказаўся адмоўна.

«Независимая газета»: Урок з Украінай, мабыць, нічому нас не навучыў

Вось, што па выніку візіту Пампеа ў Мінск піша «Независимая газета»:

«Урок з Украінай, мабыць, нічому нас не навучыў. Гадоў 10 таму мы лічылі, што Украіна плюс Расія — сяброўства навек. І нішто нас не разлучыць. Усё аказалася значна горш. Сёння мы ўпэўненыя, што Беларусь — гэта часовыя цяжкасці. І нашы заходнія межы як былі на беларускім замку, так і застануцца. Але ўсё можа павярнуцца нечаканасцю. Яшчэ год таму Лукашэнка казаў пра тое, што ніколі і ніхто нас з Расеяй не пасварыць, а сёння размова ідзе пра ўмацаванне супрацоўніцтва Беларусі з НАТА. Гэта нагадвае Украіну, дзе ўсё калісьці пачалося са збліжэння з НАТА, а скончылася разрывам адносін з Расіяй, які некаторыя эксперты лічаць часовым, сцвярджаючы, што гадоў праз 20—30 «мы зноў будзем братамі». На жаль, гэта не так».

Ura.ru: ЗША не дапамогуць эканоміцы Беларусі

ЗША не дапамогуць эканоміцы Беларусі, калі пачнуць пастаўляць сваю нафту замест расійскай — гэта рашэнне бессэнсоўнае. Такое меркаванне ў размове з Ura.ru выказаў эканаміст, эксперт Інстытута эканамічнай палітыкі ім. Гайдара Сяргей Жаваранкаў.

«ЗША не дапамогуць прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, калі пачнуць пастаўляць у краіну сваю нафту замест расійскай, таму што Мінску патрэбна не любая нафта, а нафта такіх гатункаў, якія падыдуць для загрузкі ў нафтаперапрацоўчыя заводы. Яе без мытнай пошліны пастаўляе Расія. ЗША ж прапануюць нафту па рынкавай цане — эканамічна гэта не мае сэнсу для Лукашэнкі», — распавёў Ura.ru Жаваранкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?