Яшчэ паўгоду таму навукоўцы папярэджвалі: «Астравецкая пляцоўка знаходзіцца ў абсягу магчымага землятрусу. Зямля там растрэсканая, як сподак. А на разломах АЭС будаваць нельга». Аднак так хочацца прадаваць электрыку ў Літву... Піша блогер malishevsky.

Зямля дрыжала, быў чуваць страшны гром, зьвінелі шыбы, стваралася ўражаньне, што падае дом, жывёлы падалі на калені, недалёка ўтварыўся глыбокі роў зь вярсту ў даўжыню, накіраваны з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход... Так апісалі ГЭТА журналістам жыхары хутара Сяржанты пад Гудагаем. Журналістам «Нашай нівы», дарэчы.

Небаракаў страсянула ў 2 гадзіны ночы 28 сьнежня 1908 году. Самы адчувальны на тэрыторыі нашай Беларусі землятрус у 7 балаў! Апісаньне Гудагайскага землятрусу — з артыкулу супрацоўніцы Цэнтру геаграфічнага маніторынгу НАН Беларусі Тацяны Аронавай.

Артыкул выйшаў тры гады таму. Або ён ужо састарэў? Чытаю інтэрвію дырэктара Цэнтру геаграфічнага маніторынгу НАН Беларусі Аркадзя Аронава: «Землятрус быў апісаны толькі на старонках «Нашай Нівы», пры гэтым выкарыстоўваліся сьведчаньні відавочцаў. Аднак у той самы час адбыўся разбуральны землятрус у Мэсіне ў Італіі. І мы ня можам выключыць верагоднасьці, што менавіта пра адгалоскі гэтай зьявы ішла гаворка ў выпадку з гудагайскім [землятрусам]».

Дзіўлюся таму, што нашыя навукоўцы дагэтуль ня могуць сказаць, ці быў той землятрус нашым родным, ці дасьледаваны «глыбокі роў даўжынёю ў вярсту». Гэта ж яны там так пляцоўку пад АЭС выбіраюць.

Цяпер чытаю прызнаньне загадчыка катэдры дынамічнай геалёгіі геафаку БДУ Валерыя Губіна. Прафэсар кажа, што паўночная частка Беларусі, што да землятрусаў, ня ў тэме — яна самая недасьледаваная: «У нас на катэдры ёсьць тэктанічная мапа Беларусі 1974 году, навейшай няма!»

А вось вам працяг артыкула супрацоўніцы Цэнтру геафізычнага маніторынгу НАН Беларусі Тацяны Аронавай: «На поўначы назіраліся толькі адзінкавыя штуршкі, што зьвязана, пэўна, з аднаго боку, зь немагчымасьцю вызначэньня каардынатаў шмат якіх слабых землятрусаў (на гэтай тэрыторыі дзейнічаюць толькі дзьве сэйсьмічныя станцыі), а з другога — зь невысокай сэйсьмічнай актыўнасьцю. У той жа час адчувальныя гістарычныя землятрусы 1887 і 1908 гг. адбыліся менавіта ў паўночнай частцы дасьледаванага рэгіёну... Некаторыя разломы не выяўляюць ці амаль не выяўляюць актыўнасьці. Аднак узьнікненьне асяродкаў землятрусаў на адных участках разлому і адсутнасьць іх на іншых ня можа сьведчыць пра тое, што на апошніх моцныя штуршкі калі‑небудзь не адбудуцца».

Давайце зірнем, адкуль яна ўзялася — гэтая выдатная Астравецкая пляцоўка пад АЭС, дзе часам трасе на 7 балаў і дзе мала што дасьледавана?

11 кастрычніка 2007 году — атамная нарада ў прэзыдэнта. Той дае ўказаньне: «Пляцоўка павінна адпавядаць усім патрабаваньням. Гэта найпершы крок да бясьпекі станцыі. У якасьці патэнцыйных пляцовак разглядаюцца Краснапалянская і Кукшынаўская (Магілёўская вобласьць), выбраныя на падставе рэкамэндацый МАГАТЭ». Пра Астравецкую пляцоўку — ні слова: яе пакуль няма...

Але вось і яна! Праз год, 9 кастрычніка 2008 году, загадчык лябараторыі Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» Ваган Казанян панікуе і неасьцярожна «зьнішчае» Астравец: «Астравецкая пляцоўка знаходзіцца ў абсягу магчымага землятрусу. Зямля там растрэсканая, як сподак. А на разломах АЭС будаваць нельга. Таму цяпер геолягі і сэйсматэхнікі сярод разломаў вышукваюць месца, на якое можна паставіць станцыю».

Цяпер скажыце,

на якое ліха вышукваць месца для АЭС сярод разломаў? Бо гэта найзручней, каб прадаваць нашу атамную электрычнасьць у Літву!
Пару тыдняў таму я спрабаваў даводзіць, што Астравецкая АЭС будзе збудавана дзеля таго, каб працаваць на Літву.
Нам самім гэтая атамная электрычнасьць ня надта патрэбная. А тут — да Вільні 53 км. Да мяжы — 20 км. Да Ігналіны — бліжэй, чым да Менску. І там пад гэтую нашую АЭС ня трэба мяняць электрасеткі.

А вось вам у тэму камэнтар нейкага студэнта геафаку на форуме геалягічнага факультэту БДУ пра выбар месца пад другую АЭС: «Вось ЧАЭС пабудавалі — на самым ускрайку Ўкраінскага шчыта, ледзь не на разломе... Чым думалі... Што замінала збудаваць яе хоць на 10 км на захад? Замінала, мабыць, тое, што не хацелася ваду праз градзірні астуджаць — вада з Прыпяці таньней абыдзецца... Так вось і жывем».

Гэта, вядома, дурнота — пужацца прывіду землятрусу стогадовай даўніны. Але мяне не землятрусы пужаюць. Я ж нічога не разумею ў землятрусах. Я сёе‑тое разумею ў іншым. Гэтае іншае і пужае.

Апошні раз нашым навукоўцам было страшна ў 2005 годзе, калі яны змагаліся супраць будоўлі сховішча адпрацаванага ядзернага паліва Ігналінскай АЭС ля самай нашай мяжы. Намесьнік міністра прыроды Аляксандар Апацкі вельмі мяне тады пужаў. Таксама землятрусам: «Праведзеныя нядаўна геафізычныя і тэктанічныя дасьледаваньні з удзелам навукоўцаў Беларусі, Літвы і Расеі выявілі Полацка‑Курземскую зону тэктанічных разломаў шырынёй да 100 км, у якой, дарэчы, знаходзіцца і Ігналінская АЭС. У гэтай зоне магчымая высокая сэйсьмічная актыўнасьць.
Гэта нас надзвычай непакоіць». Артыкул у газэце «Рэспубліка» так і называўся: «У зоне Ігналінскай АЭС магчымая сэйсьмічная актыўнасьць». Дарэчы, тую жахлівую Полацка‑Курземскую зону тэктанічных разломаў навукоўцы нашыя адкрылі, калі там ужо быў збудаваны Нафтан і запраектаваная Полацкая ТЭЦ. Раптам выявілася, што трапілі пальцам у разлом.

І куды ўсе нашыя фобіі падзеліся? Дырэктар БелНДПІ «Энэргапрам» Андрэй Рыкаў змагаецца з маімі страхамі: «У Астравецкім раёне не ўдалося знайсьці якіх‑колечы супрацьпаказаньняў. Там вельмі добрыя грунты, дзе няма крэйдаў і карстаўтварэньня. Добрая сытуацыя і з водазабесьпячэньнем. Ніякіх праблемаў што да сэйсьмічнай актыўнасьці ў Астравецкім раёне няма і не прадбачыцца. На Астравеччыне быў землятрус у сем балаў, а праект пабудовы любой сучаснай АЭС закладаецца з узроўнем сэйсманебясьпечнасьці ў восем балаў. Станцыя разьмесьціцца на маналітным участку, які не перасякаецца ніякімі разломамі. Мы прасачылі і за тым, каб паблізу не было актыўных разломаў».

Трэба думаць, нашы геолягі за гэты год тэктанічнымі намаганьнямі знайшлі сярод разломаў месца, на якое можна паставіць станцыю.

Вось вам для большай сьмеласьці каардынаты эпіцэнтру Гудагайскага землятрусу: N 54*60 Е25.80. А вось каардынаты пляцоўкі будучай Астравецкай АЭС: N54*45, E26*07.

А цяпер, каб зусім асьмялець, пачытаем расейскія «Фэдэральныя нормы і правілы ў галіне выкарыстаньня атамнай энэргіі». Ім будаваць: «Не дапускаецца (лічыцца неспрыяльным) разьмяшчаць пункты захоўваньня ядзерных матэрыялаў [груба аднясем сюды і АЭС]... На пляцоўках, разьмешчаных непасрэдна на актыўных разломах або ў актыўных геадынамічных зонах. На пляцоўках, сэйсьмічнасьць якіх характарызуецца інтэнсіўнасьцю, роўнай 6—8 балам. Пляцоўкі, у межах якіх вызначаныя дыфэрэнцыяваныя тэктанічныя рухі ў чацьвярцічны пэрыяд, але якія не зьмяшчаюць актыўных разломаў. У зонах тэктанічнай трэшчынаватасьці»…

Падсумуем. На АЭС мы наважыліся, бо самі сябе пераканалі ў яе патрэбнасьці. Генэральнага падрадчыка выбралі самага надзейнага, бо астатнія адмовіліся. Пляцоўку пад АЭС выбралі самую бясьпечную, бо там нам прадаваць электрычнасьць зручна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?